23.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, рэпрэсіі, дыфамацыя У Пінску вынесены прысуд 54-гадовай сацыяльнай працаўніцы Жанне Паўловіч. Яе прызналі вінаватай у абразе Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Да прысуду яна знаходзілася на волі, аднак яе затрымлівалі раней на трое сутак у снежні 2022 году. Справу разглядзела суддзя Яўгенія Мельнік.
Абвінавачаная не мела адваката і абараняла сябе сама.
Яе прызналі вінаватай у тым, 17 сакавіка 2021 года ў Пінску публічна абразіла Лукашэнку ў суполцы "Медыя-Палессе" у сацсетцы "Аднакласнікі". Абвінавачанне настойвала, што ў ім утрымлівалася негатыўная ацэнка Лукашэнкі і ягоная публічная абраза. Доказамі па справе з'яўляюцца скрыншоты каментароў, пратаколы агляду кватэры, тэлефона Паўловіч, дадзеныя "Белтэлекаму". Таксама была праведзеная псіхіятрычная экспертыза абвінавачанай, згодна з якой была зробленая выснова, што яна можа адказваць за ўчынкі.
Жанна Паўловіч прызнала віну цалкам. Яна адзначыла, што гэта непрыгожы ўчынак, каментар яна пакінула праз эмоцыі. Жанчына пацвердзіла, што ён утрымліваў абразу, а таксама сказала, што шкадуе пра гэта і выбачаецца.
Дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць жанчыну двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".
Крыніца: 54-гадовую жанчыну асудзілі да "хатняй хіміі" за каментар у бок Лукашэнкі