23.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, заявы Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

23 лютага 2023 года

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы па-ранейшаму настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзянаў, якія выказаліся з нагоды відавочнага парушэння прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасці прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Нам вядома пра тое, што:

Віктар Савашэвіч за стварэнне і адміністраванне Telegram-канала, дзе размяшчаліся дадзеныя беларускіх суддзяў, вінаватых у рэпрэсіях, а таксама падтрымку дзейнасці іншых пратэсных Telegram-каналаў асуджаны паводле ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (Дапамаганне ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці) да адзінаццаці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксандр Сазонаў і Яўген Васілеўскі за перадачу звестак пра асобаў, датычных да рэпрэсій, у пратэсныя інфармацыйныя рэсурсы асуджаныя ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 203-1 КК (Неправамерныя дзеянні ў дачыненні да звестак пра прыватнае жыццё і персанальных дадзеных), ч. 1 арт. 352 КК (Незаконнае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), ч. 2 арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) адпаведна да трох і двух гадоў пазбаўлення волі са штрафам;

Мікіта Карпенка за каментары ў сеціве Інтэрнэт асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на А. Лукашэнку) да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Максім Ярашэнка за каментары ў сеціве Інтэрнэт асуджаны паводле ч. 1 арт. 130, 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), 391 КК (абраза суддзі) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Канстанцін Ханін за каментары ў сеціве Інтэрнэт асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Андрэй Быкаў асуджаны за публікацыі ў сеціве Інтэрнэт паводле ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), ч. 1 арт. 130, 369, ч. 2 арт. 367, ч.1 і 2 арт. 366 КК (Пагроза ў дачыненні да службовай асобы), ч. 2 арт. 368 КК да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі са штрафам.

У дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, што ў крайняй ступені абмяжоўвае асабістую волю: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова датычыць асобаў, якія чакаюць судовага разгляду паводле крымінальнага абвінавачвання, то бок пасля выстаўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да выстаўлення абвінавачвання, вынікае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачваных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання". 

У прыватнасці, Святлана Бычкоўская за перадачу звестак пра асоб, датычных да рэпрэсій, пратэсным інфармацыйным рэсурсам па абвінавачванні паводле арт. 130 КК узятая пад варту ў СІЗА і знаходзіцца там на працягу доўгага часу;

Андрэй Рускіх за каментары ў сеціве Інтэрнэт паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варожасці і абразе А. Лукашэнкі па арт. 130 і 368 КК узяты пад варту і ўтрымоўваецца на працягу доўгага тэрміна ў СІЗА;

Дзмітрый Лагуценка ўзяты пад варту ў выніку правакацыі ў інтэрнэт-чаце паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варажнечы, утрымоўваецца ў СІЗА;

Васіль Ермакоў узяты пад варту за перадачу ў пратэсны тэлеграм-канал дадзеных асобаў, датычных да рэпрэсій па абвінавачванні паводле арт. 130, 352, ч. 2 арт. 203-1, працяглы час утрымоўваецца ў СІЗА;

Павел Ракоца ўзяты пад варту за каментары ў сеціве Інтэрнэт па абвінавачванні паводле арт. 369, 130 ч. 1,  368 ч. 1. КК, працяглы час утрымоўваецца ў СІЗА;

Андрэй Шкляр узяты пад варту паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і разгалашэнні звестак папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння і са снежня 2021 года знаходзіцца ў СІЗА.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных. Судовыя і працэсуальныя рашэнні прынятыя паводле палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя і ў парушэнне працэсуальных гарантый.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны вязень", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Віктара Савашэвіча, Аляксандра Сазонава, Яўгена Васілеўскага, Мікіты Карпенкі, Максіма Ярашэнкі, Канстанціна Ханіна, Андрэя Быкава, Святланы Бычкоўскай, Андрэя Рускіх, Дзмітрыя Лагуценкі, Васіля Ермакова, Паўла Ракоцы, Андрэя Шкляра. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  2. вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  3. неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Крыніца: Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі