22.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі  У 2015 годзе Міжнародная хартыя фізічнага выхавання, фізічнай актыўнасці і спорта ЮНЭСКА задэкларавала доступ да фізічнай адукацыі як фундаментальнае права кожнага чалавека. Гэта значыць, што доступ да фізічнай актыўнасці мусіць быць забяспечаны ў тым ліку і зняволеным. Аднак на практыцы людзі за кратамі не проста пазбаўленыя гэтага права: яно апынулася яшчэ адным метадам ціску ўладаў, калі ствараюцца немагчымыя ўмовы для любой, нават мінімальнай фізічнай актыўнасці.

Таму «Вясна» распытала людзей, якія сядзелі на сутках, у СІЗА, калоніі і ПКТ і ШІЗА, каб распавесці, якія ўмовы для заняткаў спортам былі падчас іх зняволення і як магчымасць фізічнай актыўнасці ўплывала на іх стан.

Суткі: немагчымыя ўмовы для спорту

Найгоршыя ўмовы для заняткаў створаныя ў ізалатярах часовага ўтрымання, дзе людзі сядзяць на «сутках»: перапоўненыя камеры, цяжкі псіхалагічны стан у першыя дні пасля затрымання, адсутнасць мінімальна патрэбных сродкаў гігіены робяць немагчымым нават мінімальную фізічную актыўнасць. Прафесійны гімнаст і артыст цырку «Дзю Салей» Сямён Букін распавядае, што падчас сваіх 15 сутак у лістападзе 2020 года ён амаль не мог займацца, што было для яго роўнае катаванням.

Першыя шэсць содняў у Жодзіна нас было 18 чалавек на шасцімясцовую камеру, — узгадвае ён. — Таму не было ні месца, ні жадання займацца: я быў у такім стане, што проста нічога не хацеў. Толькі на пятыя суткі нас адвялі на шпацыр у памяшканне, прыблізна 5х5 метраў, і там быў турнік — я не змог яго абмінуць. Нават улічваючы невялікі перапынак, падцягвацца было цяжка, а на наступны дзень балелі цягліцы, што было прыемна.

Калі мяне перавялі ў Магілёў, там было большае памяшканне: я пару разоў меў магчымасць зрабіць нейкія адцісканні, стойкі на руках, прыседы. Я хацеў, каб у мяне проста не балела цела, бо без нагрузак менавіта так і здараецца — такая ўжо звычка. Я памятаю, што было шмат энэргіі, якую не было куды падзець, бракавала і снарадаў для нармальных заняткаў. Для такіх, як я, адсутнасць фізічных практыкаванняў — жорсткі гвалт, нават у псіхалагічным плане.

siamion_bukin.jpeg
Сямён Букін. Фота: by.tribuna.com

Пасля вызвалення Сямён прыходзіў у фізічную норму каля тыдня. Псіхалагічна было крыху прасцей, бо ў прафесійным спорце ён адаптаваўся да ціску: хлопец адзначае, што здзекі міліцыянтаў не падаліся яму нечым незвычайным, у параўнанні з дыктатарскімі метадамі аднаго са сваіх трэнераў.

Палітзняволеная трэнерка па ёзе Іна Шырокая распавядала, што нават у жудасных умовах жанчыны кампенсавалі сітуацыю заняткамі ёгай, медытацыямі, мантрай «Ом», пранаямамі.

СІЗА: абмежаваная прастора і недахоп паветра

Калі ты трапляеш у СІЗА, у камеры мала прасторы, нават каб проста рухацца, не гаворачы ўжо пра паўнавартасныя заняткі спортам. Аднак пры абмежаваных шпацырах і адсутнасці абсталявання людзі спрабуюць знаходзіць любыя магчымасці парухацца.

Іна Шырокая намагалася рабіць практыкаванні, бо разумела, што абязрушванне прывядзе на сумных наступстваў. Палітзняволеная таксама прыводзіла станоўчыя аргументы заняткаў іншым жанчынам і прапаноўвала тэхнікі, каб зняць прыгнечаны стан, але старалася не парушаць асабістыя межы іншых. У камеры былі заняткі на шконках на расцяжку і прывядзенне сябе да шпагату, на шпацыры жанчыны таксама паказвалі адна адной разнастайныя практыкаванні і бясконца хадзілі па маленькім дворыку: па дзесяць хвілінаў у кожны бок, каб не так моцна кружылася галава.

 — Пасля турмы я яшчэ месяц кульгала, бо прывыкла хадзіць па акружнасці ў маленькай абмежаванай прасторы, — распавядае Іна. — Я бачыла, што людзі мелі праблемы з суставамі, моцна гублялі альбо набіралі вагу. У мяне атрымлівалася захоўваць добрую фізічную форму, толькі таму што я выкарыстоўвала ўсе свае навыкі выкладчыцы ёгі. Некаторыя комплексы я пераўтварала: каб не класціця на каменную брудную падлогу, прыбрала з «Вітання сонцу» і «Вітання поўні» асаны, якія трэба было выконваць лежачы. Некаторыя перакуленыя асаны мы выконвалі толькі на верхніх шконках і нават саступалі на час практыкаванняў свае месцы тым, хто «жыў» на першых ярусах. Я абавязкова рабіла ранішнюю пранаяму Бхастрыку і Капалобхаці: гэта было голасна для шостай раніцы і мне было няёмка ад гукаў, якія я рабіла. Аднойчы адна з сукамерніц сказала, што гэта гучыць агідна — давялося тлумачыць карысць і чаму я прафесійна не магу перарваць практыку.  

shyrokaya_7.jpg
Іна Шырокая. Фота з асабістага архіву гераіні

І хаця Іна старалася прыцягнуць да заняткаў астатніх, не заўсёды людзі былі дастаткова матываваныя, таму хутка яна перайшла да самастойных практыкаванняў, аднак перад выхадам пакінула ў агульным сшытку для запісу вершаў і песень комплексы ёгі і правільныя паставы асанаў, якія памятала. Іна тлумачыць, што ёй было важна такім чынам падтрымаць іншых.

Палітзняволеная таксама распавядае, што згубіла ўзровень кваліфікацыі і пасля выхаду з СІЗА пачынала ўсё з нуля. Да таго ж, нават на волі ейная кожнадзённая практыка мела трывожныя асацыяцыі, таму яна дагэтуль не можа вярнуцца да асабістых медытацый: цяпер яны выклікаюць ПТСР. Выйсце жанчына знайшла толькі ў практыках з іншымі ўдзельнікамі, дзе яна можа адчуваць сябе бяспечна.

— Першы час я задыхалася ад нават невялікіх нагрузак, у мяне моцна сапсаваўся зрок, пачаліся праблемы з зубамі, вылез даўно забыты піеланефрыт і праблемы з ныркамі. І, вядома, праблемы з псіхікай, — узгадвае Іна. — Выйсці псіхічна паўнавартасным чалавекам з турмы немагчыма. Мне спатрэбілася сур'ёзная рэабілітацыя, якая неабходная і дагэтуль. Праз тэрміновыя ўцёкі я не змагла прайсці поўнае медыцынскае абследаванне, здаць аналізы (у камеры былі ВІЧ і гепатыт інфікаваныя), прапіць патрэбныя лекі. Я спадзяюся, што з часам гэта ўсё адбудзецца. Я працую з псіхолагам, працягваю выкладаць і дзяліцца досведам, стараюся аказваць сабе своечасовую медыцынскую дапамогу, п'ю вітаміны. Дай бог, усё стане на свае месцы. Кожны раз, калі я бачу тую каласальную шкоду, якую я панесла з-за помсты маёй дзяржавы, я ўспамінаю тых, хто да гэтага часу не змог вырвацца з лап карнай сістэмы.

Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы

Самы час пагаварыць, з якімі псіхалагічнымі праблемамі сутыкаецца чалавек пасля зняволення і як палегчыць перыяд адаптацыі да “свабоды”.

Палітзняволеная Таццяна Барысовіч распавядала, што фізічныя практыкаванні дапамагалі ёй захоўваць здароўе і не з’ехаць з глузду:

Калі трэніруешся, розум робіцца халодным, казала яна. — Штодня патрошкі я рабіла зарадку, прысяданні, на ложку выконвала практыкаванні на прэс, ногі і спіну. Таксама добра было б 

Яна таксама раіла дасылаць у лістах палітвязням прыклады практыкаванняў, якія можна выконваць у абмежаванай прасторы.  

У нас была спартовая камера, бо з намі быў Максім Знак, — распавядае палітзняволены Андрэй Шляпаў. — Ён нас варушыў і ўвесь час заахвочваў займацца. Калі яго этапавалі, не ўсе працягнулі гэта рабіць. Я ж цікавіўся практыкаваннямі з весам уласнага цела яшчэ да затрымання, таму абапіраючыся на той досвед, склаў сабе графік трэніровак у СІЗА, наколькі гэта магчыма. Аднак трэба было прыглядацца, каб гэта асабліва не заўважылі: я чуў, што ў пэўных месцах зняволення за заняткі спортам могуць пасадзіць у карцар, збіць ці павесіць «паласу», што ты рыхтуешся збегчы.

Андрэй Шляпаў. Фота з асабістага архіва
Андрэй Шляпаў. Фота з асабістага архіву героя

Андрэй стараўся наладзіць свае трэніроўкі такім чынам, каб займацца ў той час, калі менш людзей паляць: звычайна, гэта час пасля абеду, калі людзі разыходзяцца па сваіх ложках, і вызваляецца прастора ў камеры. Па панядзелках палітвязень прысядаў з пустымі паўтаралітровымі бутэлькамі, закінутымі ў сумку. У сераду — адціскаўся. У пятніцу — падцягваўся на нарах дзвюма рукамі.

Там усё абмяжоўвалася выключна тваёй фантазіяй, — тлумачыць Андрэй. — Калі ты хочаш займацца, будзеш гэта рабіць. Памятаю, якой раскошай быў момант, калі нас зімой вывелі ўтрох ў адзін з самых вялікіх дворыкаў на Валадарцы — я змог проста пабегаць 15-20 хвілін па коле. Гэта былі тыя часы, калі дазвалялі хадзіць на шпацыры часткай камеры, бліжэй да лета правілы змянілі: калі нехта з камеры не хацеў ісці на прагулку, заставаліся ўсе.

Палітзняволены Віталь Жук распавядае пра важны момант заняткаў у СІЗА, у параўнанні з калоніяй. Пакуль ты знаходзішся ў СІЗА, у цябе ёсць магчымасць дазваляць сабе выдаткоўваць больш энэргіі на заняткі спортам, таму што ёсць магчымасць падсілкавацца дадатковымі калорыямі, купіўшы на «атаварцы» сухое малако, садавіну, дзіцячае харчаванне, ці паласаваўшыся перадачкамі.

Але паўнавартасна займацца ў цеснай камеры немагчыма, — кажа Віталь. — У 12-мясцовай камеры адначасова могуць хадзіць хіба што двое, пакуль астатнія сядзяць за лаўкай, але руху там бракуе, бо шпацыры таксама максімум гадзіну на дзень — так лёгка змарнець. Таму людзі пачыналі рабіць практыкаванні. Нехта выбіраў адносна пустое месца і вольны час, каб хадзіць па камеры, нехта клаўся на ложак і трэніраваў прэс. Можна было запаўняць вадой пустыя бутэлькі ад соку, каб атрымалася гіра, ці купляць соль. Супрацоўнікі разумеюць, што такім чынам хлопцы займаюцца спортам, таму забіраюць воду і соль падчас праверак, а нядаўна агулам забаранілі купляць соль у пакунках.

Былі і іншыя метады ціску на тых, хто спрабаваў рабіць у СІЗА фізічныя практыкаванні: калі калідорныя заўважалі, што нехта здымаў цішотку, каб спаласнуцца вадой пасля заняткаў, то заляталі ў камеру і пужалі парушэннямі і ШІЗА, бо фармальна знаходжанне без майкі ў камеры — парушэнне распарадку. Хаця мужчынаў гэта не спыняла: напрыклад, палітзняволены Святаслаў Герасімук умудраўся бегаць у камеры на месцы, ствараючы імітацыю бегавой дарожкі.

Усё гэта — сталінская сістэма, — кажа Віталь Жук. — Абмяжаваць чалавека ў руху, каб ён атрафаваўся. Ты не можаш займацца паўнавартасна — нават шпацыраваць. Калі 12 чалавек адначасова трапляе ў прагулачны дворык, немагчыма хадзіць усім разам ад сценкі да сценкі. Таму мы станавіліся ў кола і хадзілі спачатку па гадзіннікавай стрэлцы, а потым — рэзка супраць. Так усе маглі рухацца адначасова.

Калонія: спорт як прывілей

У калоніі крыху больш магчымасцяў трымаць сябе ў фізічнай форме, менш абмежаваная прастора. Аднак улічваючы зусім некаларыйную ежу, маленькую колькасць грошай на атаварку і невялікія перадачы, пры добрых фізічных нагрузках чалавек не можа паўнавартасна харчавацца. Часта найлепшае рашэнне ў такой сітуацыі — не займацца фізічнымі нагрузкамі зусім, каб не пашкодзіць сабе. 

Віталь Жук. Фота з асабістага архіва героя
Віталь Жук. Фота з асабістага архіву героя

Віталь Жук распавядае, што ціск на зняволеных папраўчай калоніі №2 у Бабруйску, якія хочуць займацца спортам, пачынаецца яшчэ на двухтыднёвым карантыне, які абавязкова праходзяць усе перад тым, як іх перавядуць у атрад.

На карантыне нас кожныя дзве гадзіны выганялі на мароз, — узгадвае Віталь. — І там проста каб крыху сагрэцца, мы з Юрам Бялько спрабавалі абапірацца на скамейку і адціскацца. Але як толькі пачалі, выбеглі супрацоўнікі і пачалі казаць, што нельга гэтага рабіць, бо могуць прыпісаць спробу пабегу. Таму калі мы далей адціскаліся ў карантыне, другі чалавек стаяў на варце.

У атрадах ёсць так званыя «лакалкі» — аточаная агароджай прастора, якой карыстаюцца два-тры атрады. Там ёсць турнікі, на якіх можна займацца ў вольны час. Аднак калі імі адначасова хочуць скарыстацца людзі з трох атрадаў, атрымліваецца шэраг нязручнасцей: людзі вымушаныя выдаткоўваць весь свой вольны час, каб дачакацца чаргі. Дарэчы, у гэтыя пару гадзін у зняволеных таксама з’яўляецца шанец пабегаць, не рызыкуючы атрымаць бірку «схільнага да пабегу». Але лепшае, што ёсць у калоніі для фізічнай актыўнасці — спартовая заля.

Гэта мара, улічваючы, што зімой ці восенню займацца на турніках складана, — кажа Віталь Жук. — Але вялікае пытанне — хто туды трапляе. Спартовая заля апынаецца такім жа прывілеем, як і дадатковая пасылка, спатканне ці яшчэ нешта станоўчае з боку адміністрацыі. Большая частка тых, хто там займаецца, — заўгасы і днявальныя, людзі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Так, яны таксама могуць наведваць залю толькі ў асабісты час, але ў іх няма такіх абмежаванняў на атаварку: атрымліваецца паўнавартасны здаровы лад жыцця. Палітзняволеных туды не дапускаюць адразу.  

Псіхалагічная дапамога: Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў

Сённяшнія рэпрэсіі часта пакідаюць беларусаў сам-насам з сабой і, на першы погляд, невырашальнымі сітуацыямі. Так адбываецца, калі палітвязняў саджаюць у карцар, штрафны ізалятар (ШІЗА) ці памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Аднак зусім іншая сітуацыя — у ШІЗА ці ПКТ. Там людзі робяць пэўныя фізічныя практыкаванні, хутчэй каб сагрэцца, асабліва калі трапляюць туды увосень ці ўзімку. Калі чалавек трапляе туды летам, ён робіць практыкаванні хаця б для таго, каб цягліцы не атрафаваліся: ва ўмовах абмежаванай прасторы пачынаюць балець суставы, косці і хрыбетнік. Да таго ж зняволены яшчэ больш абмежаваны ў харчаванні: у ШІЗА нельга атрымліваць перадачкі наогул, у ПКТ іх вага можа дасягаць максімум двух кілаграмаў.

— Там ты вымушаны балансаваць паміж дасяжным харчаваннем і фізічнай актыўнасцю, каб пачуццё голаду не накрыла цябе яшчэ да абеду, — распавядае Віталь Жук. — Фактычна там можна адціскацца, прысядаць ці трэніраваць прэс. Апошняе рабіць вельмі складана: калі робіш гэта на цвёрдай падлозе, зноў пачынае балець хрыбетнік. Уявіце, як чалавек займаецца зімой: ён слабы, галодны, але мусіць рабіць практыкаванні, каб сагрэцца. Як толькі я спрабаваў рабіць мінімальныя практыкаванні, мяне хіліла ў сон. Усе гэтыя акалічнасці ў выніку толькі шкодзяць чалавеку. Гэта вельмі складана псіхалагічна: практыкаванні адначасова і аслабляюць, і саграваюць цябе. І такі стрэс з людзьмі адбываецца кожны дзень ПКТ. Чалавек у такіх умовах пачынае атрафавацца — губляе вагу, пастаянна мёрзне, не атрымлівае пажыўныя рэчывы. Гэта знішчэнне чалавека без прамога фізічнага кантакту, проста генацыд, у якім удзельнічаюць усе. Напрыклад, Яўген Прапольскі хадзіў «на турнікі», але пасля частых ШІЗА сказаў, што перастаў займацца, бо ў яго пастаянная слабасць.

Атрымліваецца, больш-менш займацца фізічнымі практыкаваннямі ў зняволенні магчыма хіба што ў калоніі, калі ёсць доступ да турнікоў і бегу. Аднак у сітуацыі, калі шматлікіх палітзняволеных не выпускаюць з карцараў і ПКТ, складана сцвярджаць пра хаця б мінімальную спробу рэалізацыі права зняволеных на фізічную актыўнасць. Гэта наносіць здароўю людзей непапраўную шкоду, якую наўрад ці можна будзе неяк кампенсаваць.

Крыніца: Спорт у зняволенні: як права пераўтварылася ў метад ціску