22.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У судзе Дзяржынскага раёну 21 лютага асудзілі палітзняволенага Ігара Пастухова паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Ігару адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ігар Пастухоў
Ігар Пастухоў

Мужчыну затрымалі 9 жніўня 2022 года ў Фаніпалі. Яго абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе Ігар перакрываў рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта ішоў па дарозе падчас акцыі пратэсту.

Дзяржабвінавачанне запрасіла для Ігара паўтара года зняволення. Суд вынес рашэнне асудзіць мужчыну на год калоніі агульнага рэжыму.

Падтрымайце палітвязня: ІЧУ Дзяржынскага РАУС. 222720, Мінская вобл., г. Дзяржынск, вул. Фаміных, 1а (Ігар Пастухоў)

"Хапуны", прысуд у 2 гады калоніі, заклікі міліцыянтаў "здацца" ў мясцовым чаце: што вядома пра "фаніпальскую справу" за падзеі 2020 года

У жніўні 2022-га года сілавікі ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020-га года ў Фаніпалі. Лічба фігурантаў гэтай справы ідзе ўжо на дзясяткі. Першаму затрыманаму прызначылі два гады калоніі, яшчэ некалькі чалавек у Дзяржынску асудзілі да "хатняй хіміі". Перыядычна супрацоўнікі ГУБАЗіКа ладзяць у Фаніпалі "хапуны", апошні з іх адбыўся 24 студзеня, падчас якога было затрымана каля 20 чалавек. Мясцовыя жыхары распавялі "Вясне", што вядома пра "фаніпальскую справу" і пра храналогію пераследу ў гэтым гарадку.

Крыніца: Палітвязня асудзілі на год калоніі па "фаніпальскай справе" за ўдзел у пратэстах