21.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Маларыцкага раёна 13 лютага асудзілі Леаніда Уласюка паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Смірнова прызначыла Леаніду адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачванне падтрымаў пракурор Фёдар Міхановіч.
Як паведамляе “Брэсцкая вясна”, мужчына з 8 снежня 2022 года знаходзіцца пад вартай. Вядома, што падчас вобшука ў яго забралі бела-чырвона-белы сцяг, які фігураваў у матэрыялах справы.
Леаніда абвінавацілі ў тым, што 22 красавіка 2022 года ён пакінуў абразлівы каментар у інтэрнэце пад відэа з выступам Аляксандра Лукашэнкі. У мужчыны канфіскавалі мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.
Крыніца: 61-гадовага мужчыну асудзілі на год калоніі за каментар пра Лукашэнку