21.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка распачнецца суд па гучнай крымінальнай справе за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Па справе праходзіць ажно 18 абвінавачаных. Сярод іх — сям'я Вайцяховічаў з чатырох чалавек, Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Таксама завочна будуць судзіць экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева і двух былых сілавікоў. Справу паводле 14 артыкулах Крымінальнага кодэкса будзе разглядаць Сяргей Хрыпач.

Што здарылася летам 2021 года?

У чэрвені 2021 года Гайдукевіч заявіў быццам яго дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпеў тады толькі кот дэпутата.

Хто праходзіць па справе? 

У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе праходзяць 18 чалавек: Вадзім Пракоп'еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч.

Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што амаль усе ўтрымліваюцца пад вартай, але па звестках праваабронцаў за кратамі ўтрымліваюць некалькі чалавек.

Сярод фігурантаў справы ў СІЗА КДБ утрымліваецца сям'я Вайцяховічаў з Барысава: муж і жонка Віталь і Вольга, іх сын Уладзіслаў і ягоная жонка Анастасія. КДБ адсправаздачыўся пра затрыманне сям'і Вайцяховічаў з Барысава. З экранаў дзяржаўнага ТБ сілавікі заявілі, што Вайцяховічы спрабавалі падпаліць дом дэпутата Гайдукевіча і машыну суддзі. Вядома, што КДБ доўгі час (яшчэ да атакі на дом Гайдукевіча) пільна сачыў за імі, але затрымаў іх толькі праз месяц пасля.

Вольга Петух — супрацоўніца гатэля "Еўропа", утрымліваецца ў СІЗА-1. Ёй пагражае да 20 гадоў турмы па пяці крымінальных артыкулах. Пра яе распавядала "Вясне" былая палітзняволеная:

Сукамерніца Дар'і Вольга Петух

"Воля — мой боль і мая душа. Ёй 29 гадоў, была затрымана 13 жніўня 2021 года. І з таго часу яна сядзіць на "Валадарцы". Воля адразу са мной не пайшла на кантакт, таму што вельмі асцярожнічала. Да яе часта падсаджвалі оперскіх "качак", якія спрабавалі вычапіць хоць якую інфармацыю ў яе, бо яна, канечне, нічога не прызнае і ёй няма ў чым прызнавацца".

Павел Чыхінскі — 44-гадовы следчы родам з Баранавічаў. Пасля заканчэння БДУ працаваў у пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, а пасля перайшоў у Следчы камітэт. Апошняе месца працы — старшы следчы ўпраўлення СК па Мінску. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" і "злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, якія пацягнулі цяжкія наступствы".

Эдуард Пястрак — 39-гадовы інструктар спецназу ў вайсковай частцы 3214. Пестрака вінавацяць па ч. 3 арт. 425 КК — "Бяздзеянне службовай асобы, якая займае высокую службовую пасаду, або якое пацягнула цяжкія наступствы". 

Арцём Ярмак — 35-гадовы былы сілавік, якога абвінавацілі ў тым, што ён "даваў парады Вайцяховічам па падпалах".

Алег Сакалоў — 46-гадовы вайсковы пенсіянер з Ліды. Яго арыштавалі амаль адразу пасля затрымання Вайцяховічаў. З прэс-рэліза КДБ вынікае, што здзейсніць ён нічога не паспеў, акрамя таго, што забраў нейкую зброю і схаваў яе. Яму пагражае да 25 гадоў турмы па шасці артыкулах, сярод якіх таксама "тэрарызм".

Сяргей Лісоўскі — 46-гадовы мінчук. Працаваў у кампаніі Eurocar, якая займалася здачай аўтамабіляў у арэнду і перавозкамі. Сяргей пераконваў сілавікоў, якія вагаліся, што варта звольніцца са службы, а таксама дапамагаў ім з пераездам у іншыя краіны і пошукам працы. Яго абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, яму пагражае да 25 гадоў турмы.

Дзмітрый Невяркевіч — 40-гадовы мінчук, дырэктар кампаній па перавозках і арэндзе аўто Eurocar і "Белеўрарэнт". Яго затрымлівалі ў лістападзе 2020 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Дзмітрыя абвінавачваюць у "змове з мэтай звяржэння дзяржаўнай улады", удзеле ў "экстрэмісцкім фармаванні" і ўхіленні ад падаткаў, яму пагражае да 12 гадоў турмы.

Як піша "Наша Ніва", яшчэ пра траіх фігурантаў не вядома. Гэта 41-гадовы Мікалай Рой (вінавацяць па трох артыкулах, сярод якіх "удзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады"), Пятро Юркевіч (таксама тры артыкулы і "ўдзел у змове") і Аляксей Міхайлаў (вінавацяць у неданясенні).

Спроба падпалу аддзела міліцыі ў Фрунзенскім раёне Мінска

Цікава, што па гэтай справе таксама праходзяць затрыманыя нібыта за спробу падпалу аддзела міліцыі ў Фрунзенскім раёне Мінска, якая адбылася 16 жніўня 2021 года — праз тры дні пасля затрымання Вайцяховічаў. Гэта Уладзімір Савянкоў і Дзяніс Філончык.

Уладзімір Савянкоў — былы намеснік камандзіра атрада АМАПа. Як піша "Наша Ніва", 45-гадовага мужчыну вінавацяць у Мужчыну пагражае да 20 гадоў турмы па ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).

Дзяніс Філончык — 39-гадовы грузчык з Мінска. Затрыманы па справе спробы падпалу гарадскога аддзела міліцыі разам з Савянковым, але да падпалу недатычны. Яго абвінавачваюць у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" і "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні". 

Па якіх артыкулах будуць судзіць фігурантаў справы?

У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць па 14 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 і 2 арт. 357 — змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады; 
  • ч. 1 арт. 359 — акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча; 
  • ч. 2 і 3 арт. 289 — акт тэрарызму; 
  • арт. 364 — гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў; 
  • ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; 
  • ч. 1, 2, 3 арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, якое дзівіць дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў; 
  • ч. 1 і 3 арт. 361-1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім; 
  • ч. 2, 3 і 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; 
  • ч. 1 і 2 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі; 
  • ч. 3 арт. 424 — злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі; 
  • ч. 2 арт. 406 — неданясенне аб злачынстве; 
  • ч. 3 арт. 425 — бяздзейнасць службовай асобы; 
  • ч. 1 арт. 361-3 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў;
  • ч. 2 арт. 243 — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў.

Каго будуць судзіць завочна? 

Вадзім Пракоп'еў
Вадзім Пракоп'еў

9 снежня 2022 года КДБ паведаміў, што ў дачыненні да Вадзіма Пракоп'ева, Ігара Чамякіна і Дзяніса Хаміцэвіча распачата спецыяльная вытворчасць. А ўжо 27 студзеня стала вядома, што справа накіраваная ў суд. Гэтых трох фігурантаў будуць судзіць завочна.

Вадзім Пракоп'еў — 51-гадовы былы мінскі рэстаратар, цяпер — грамадскі дзеяч, палітык і блогер. Адзін з арганізатараў палка "Пагоня", абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 295, ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 333-1, ч.1 арт. 14 і ч.2 арт. 357, ч.1 арт. 13 і ч.1 арт. 359, ч.1 арт.361-1, ч.1 арт. 13 і арт. 364, ч.5 арт. 16 і ч.3 арт. 424 КК.

Ігар Чамякін — 31-гадовы былы афіцэр "Алмаза", абвінавачваецца паводле ч.1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 3 арт. 289, ч. 2 арт. 295, ч. 2 арт. 295-3, ч.1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч.1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 3 арт. 361-1, ч.1 арт. 13 і арт. 364 КК.

Дзяніс Хаміцэвіч — 40-гадовы былы сілавік, абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 2 арт. 295-3, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК.

Дзевяць чалавек у "спісе тэрарыстаў"

23 снежня 2022 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Сярод іх і дзевяць фігурантаў гэтай справы: Вадзім Пракоп'еў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Віталь Вайтэховіч, Вольга Вайтэховіч, Сяргей Лісоўскі, Вольга Петух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў.

Крыніца: 18 чалавек праз два тыдні пачнуць судзіць за спробу падпалу дома Гайдукевіча