20.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынеслі прысуд 34-гадоваму палітзняволенаму мінчуку Андрэю Шункевічу, затрыманага за каментары яшчэ ў канцы верасня 2021 года. Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы ад 16 жніўня 2020 года і напісанні абразлівых каментароў пра сілавікоў, праўладных актывістаў і Лукашэнку. Суддзя Алена Картавенка асудзіла яго па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначыла два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ў мінчука канфіскавалі мабільны тэлефон і сістэмны блок персанальнага кампутара як "сродкі здзяйснення злачынстваў".
Андрэя Шункевіча асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).
Паводле версіі абвінавачвання, Шункевіч 16 жніўня 2020 года ў Мінску "прыняў актыўны ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве, ініцыяваным экстрэмісцкай арганізацыяй, у працэсе чаго мэтанакіравана выходзіў на праезную частку дарогі і блакаваў шлях транспартным сродкам, аказваў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады".
Ён жа з верасня 2020 года па май 2021 года ў сацыяльнай сетцы на сваёй старонцы размясціў паведамленні, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў краіны і прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама абразы Лукашэнкі, асобных службовых асоб органаў унутраных спраў і адміністрацыі Лукашэнкі.
Дзяржаўнае абвінавачванне запрасіла для Андрэя два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Алена Картавенка. Акрамя гэтага, у палітвязня канфіскавалі мабільны тэлефон і сістэмны блок персанальнага кампутара як "сродкі здзяйснення злачынстваў".