Год таму хваля народнага гневу па ўсёй Беларусі супраць Дэкрэта "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства"змусіла ўлады пайсці на саступкі і адмяніць яго. Першы марш пратэсту прайшоў у Мінску 17 лютага, на яго выйшлі некалькі тысяч абураных беларусаў, а 9 сакавіка прэзідэнт заявіў аб прыпыненні дзеяння дэкрэта. Вясна 2017 выдалася не толькі трывожнай, але шмат у чым пераможнай. Як гэта было, згадваем разам.
2017 год не стаў для Беларусі лёсавызначальным, нягледзячы на адрозненне ад папярэдняга, які не вызначаўся вялікай грамадскай актыўнасцю. Энэргія пратэсту і незадавальнення ў грамадстве пры аўтарытарнай уладзе накапліваецца ў непрыкметных месцах, а потым імкліва і нечакана вырываецца навонкі. Пастаянная напружанасць паміж уладамі і шырокай грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі на працягу 23 гадоў, адмоўнае, а часам і варожае стаўленне рэжыму да дэмакратычнага грамадства, размова ўладаў з грамадствам на мове ціску і гвалту наклалася на сацыяльна-эканамічны крызіс, масавае збядненне людзей у апошнія гады. У 2016 годзе прэзідэнтам падпісаны ўказ аб правядзенні пенсійнай рэформы, згодна якому з 1 студзеня 2017 года паэтапна павышаецца узрост выхаду на пенсію: жанчынам у 58, а мужчынам – у 63 гады.
Каб утрымліваць унутраную сітуацыю ў краіне пад кантролем, з сярэдзіны 2015 года беларускія ўлады сталі выкарыстоўваць тактыку ўзважаных і дазаваных рэпрэсіяў. Грамадска-палітычныя актывісты пераследаваліся галоўным чынам эканамічна: залежныя ад прэзідэнцкай вертыкалі суды па ўзбуджаных адміністрацыйных справах выпісвалі буйныя штрафы, папоўніўшы дзяржаўны бюджэт больш чым на 150 тысяч еўра. Па крымінальных палітычных працэсах у гэты перыяд выносіліся пакаранні, не звязаныя са зняволеннем.
Аднак Дэкрэт Прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, празваны ў народзе “дэкрэтам аб тунеядцах”, аккурат і стаўся той нагодай, калі людское цярпенне лопнула, а незадавальненне вылілася ў масавае абурэнне. Падпісаны кіраўніком краіны 2 красавіка 2015, дакумент уступіў у дзеянне пасля афіцыйнай публікацыі, але пачынаючы з 1 студзеня - заднім чыслом.
Згодна Дэкрэту № 3, грамадзяне Беларусі, якія летась знаходзіліся на тэрыторыі краіны і працавалі менш за паўгады, абавязаныя сплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў у памеры 20 базавых велічынь. У выпадку нявыплаты прадугледжаны штраф альбо арышт. Аналіз заканадаўчага ноу-хау паказаў, што ён супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека.
Амаль паўміліёна грамадзян падпадалі пад дзеянне Дэкрэту № 3: па афіцыйных звестках, “лісты шчасця” - уведамленні з падаткавай інспекцыі аб неабходнасці заплаціць збор былі накіраваныя амаль 470 тысячам беларусаў. У вызначаны тэрмін – да 20 лютага 51 600 грамадзян пералічылі ў бюджэт 15,6 мільёнаў рублёў.
Усе праблемы ў сукупнасці прывялі да рэзкай актывізацыі шырокіх слаёў беларускага грамадства. У другой палове лютага сітуацыя выйшла з-пад кантролю ўладаў. Па краіне пракаціліся масавыя мітынгі і дэманстрацыі.
Першая і самая масавая акцыя пратэсту супраць Дэкрэту прэзідэнта адбылася ў Мінску 17 лютага. У «Маршы абураных беларусаў» прынялі ўдзел каля трох тысяч чалавек, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, адкуль накіраваліся да будынка Міністэрства па падатках і зборах.
19 лютага “Маршы недармаедаў”, мітынгі і шэсці адбылісяі ў Гомелі, Магілёве і Гродна.
Паралельна з сацыяльнымі акцыямі разгортваецца яшчэ адзін эпізод Вясны-2017, які стаў важнай часткай пратэстнай хвалі, - Абарона Курапат, сімвала савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі. Навіна пра будаўніцтва новага бізнес-цэнтра на тэрыторыі, выкрэсленай з ахоўнай зоны Курапат, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі, выклікала абурэнне дэмакратычнай грамадскасці. Пачуццё бяссілля было пераадоленае рашучымі крокамі пратэсту сяброў Маладога Фронту на чале з лідэрам МФ, былым палітычным зняволеным Зміцерам Дашкевічам. 20 лютага пасярод будаўнічай пляцоўкі маладафронтаўцы паставілі намёт пад бел-чырвона-белым сцягам. Пачаўся кругласуткавы бестэрміновы пратэст.
Напачатку нешматлікая акцыя з кожным днём абрастала новымі людзьмі. Напад на пікетоўцаў уначы 22-га лютага ня толькі не спыніў акцыю, але і стаў сігналам для яшчэ большай мабілізацыі. Сотні людзей, у асноўным моладзь, неслі вахту пратэсту і памяці дзень і ноч.
24 лютага маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі паклаўся пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бамперу, каб не даць заехаць МАЗу на будаўнічую пляцоўку, Зміцер Дашкевіч вёў стрым з трактара. Раніцай 27 лютага будаўнікі сыйшлі з будаўнічай пляцоўкі. 3 сакавіка быў праведзены мітынг, на які сабралася некалькі сотняў людзей.
Урэшце ахвярнасць і зацятасць пратэстоўцаў перамаглі. Сталічныя ўлады прынялі рашэнне спыніць будаўніцтва. 6 сакавіка лагер быў згорнуты. Гэта была ўсцешная перамога, за якую арганізатарам Абароны Курапатаў маладафронтаўцам неўзабаве давялося заплаціць.
У гэты час па ўсёй Беларусі працягваліся народныя пратэсты супраць Дэкрэту № 3. 26-га лютага масавыя акцыі адбыліся ў Бабруйску, Баранавічах, Брэсце і Віцебску. Мітынгі, дэманстрацыі прайшлі ў гарадах, дзе ўжо доўгі час нічога не адбывалася. У іх узялі ўдзел сотні і тысячы грамадзян, якія раней не выходзілі на вуліцы на знак пратэсту.
Сацыяльныя лозунгі, патрабаванне адмены дэкрэту “аб дармаедах” дапаўняліся заклікамі да палітычных зменаў: “Нет декрету номер три, Лукашенко уходи!” Падчас мітынгаў праблема дэкрэту “пра дармаедаў” была толькі адной з шматлікіх, якія ўздымалі ўдзельнікі. Грамадства патрабавала сур’ёзных зменаў.
Напачатку беларускія ўлады рабілі выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца, мясцовая адміністрацыя не атрымлівала дакладных загадаў, што рабіць, і цалкам страціла ініцыятыву. Вертыкальшчыкі аказаліся няздольнымі весці размовы з дэманстрантамі. Адсутнічала практыка, не хапала паўнамоцтваў. Выканаўчая вертыкаль цалкам залежная ад Мінску. А Мінск цягнуў час і маўчаў.
Варта адзначыць, што не паўсюль і апаненты ўладаў аказаліся падрыхтаванымі. У некаторых гарадах з болей чым стотысячным насельніцтвам, такіх як Бабруйск, Пінск, Мазыр, выявілася ці адсутнасьць рэгіянальных структур дэмакратычных палітычных арганізацый ці іх слабасць і пасіўнасць.
Убачыўшы размах народнага абурэння, чыноўнікі спалохаліся і змянілі тактыку паводзінаў. Рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў вярнуліся ў ранейшую звыклую каляіну. Па дадзеных ПЦ “Вясна” з 3-га па 13-га сакавіка было затрымана і асуджана больш за 70 грамадскіх актывістаў і журналістаў. Але гэта была яшчэ не мяжа.
Сігнал да эскалацыі стасункаў паміж уладамі і дэмакратычнай грамадскасцю падаў сам прэзідэнт А. Лукашэнка. 9 сакавіка на нарадзе “па актуальных пытаннях развіцця краіны” ён заклікаў навесці “ідэальны парадак”, чарговы раз па-хамску зняважыўшы палітычных апанентаў, назваўшы іх “майданутымі” і “адмарозкамі”, загадаў “працаваць на апярэджанне”.
І хоць на гэтай нарадзе кіраўнік Беларусі паведаміў пра рашэнне прыпыніць на год спагнанне збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў згодна з Дэкрэтам № 3, пратэстную хвалю збіць ужо было цяжка. Атрымаўшы выразную каманду “Фас!”, прэзідэнцкая вертыкаль і сілавыя структуры пачалі дзейнічаць па жорсткім сцэнары.
10 сакавіка за ўдзел у тысячнай акцыі пратэсту ў Маладзечна былі затрыманыя, збітыя і асуджаныя на 15 сутак старшыня парламенцкай (!) партыі АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Актывістка БХД Вольга Кавалькова атрымала 7 сутак арышту. 12 сакавіка ў Оршы на мітынгу быў затрыманы і таксама асуджаны на 15 сутак сустаршыня Партыі БХД Павел Севярынец.
Такім чынам лідары палітычных арганізацый страцілі магчымасць удзельнічаць у наступных абвешчаных акцыях у рэгіянальных гарадах і 25-га сакавіка ў Мінску.
Нягледзячы на рэпрэсіі, “маршы абураных беларусаў” працягваліся ў розных гарадах краіны. 11 сакавіка – у Пінску, 12 сакавіка ў Бабруйску, Оршы, Рагачове і Брэсце, 15 сакавіка ў Мінску, Гродна і Магілёве, 18 сакавіка ў Мазыры, 19-га ў Слоніме і Баранавічах.
Набліжаўся Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі і стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень Волі 25-га сакавіка варожа ўспрымаецца сённяшнімі постсавецкімі ўладамі. Дзень Волі 2017-га году яны чакалі з трайной насцярогай. Напярэдадні беларускае тэлебачанне паказала два правакацыйных сюжэта, якія не выклікалі даверу ў праваабарончай і дэмакратычнай грамадскасці. У адным з іх начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мінска Іван Кубракоў заявіў пра затрыманых гвалтам ў тралейбусе ўдзельнікаў дэманстрыцыі: “Мы ўсе выдатна бачылі, якія прадметы былі канфіскаваныя ў гэтых грамадзян – і нажы, і кастэты, маскі…”
На наступны дзень 20 сакавіка быў паказаны чарговы “сенсацыйны” сюжэт: Дзяржпагранкамітэт паведаміў пра спробу прарыву на машыне Jeep праз беларуска-ўкраінскую мяжу. Памежнікі з выкарыстаннем зброі спынілі аўтамабіль, затрымалі двух парушальнікаў, а ў аўтамабіле знайшлі пісталет, боезапасы і выбухоўку. Па факце здарэння распачалі крымінальную справу.
А 21 сакавіка з “цяжкай артылерыі” грымнуў сам Аляксандр Рыгоравіч: падчас размовы з рабочымі прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці ён заявіў пра разгром ўзброеных баявікоў. “Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах з зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але дзесьці там),” – удакладніў Лукашэнка.
Увечары 22 сакавіка на кватэры Уладзіміра Арлова былі затрыманыя маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі і Арцём Леўчанка, якія устанаўлівалі пісьменніку мэблю. Наста Дашкевіч сабрала тэрміновую прэс-канферэнцыю для журналістаў у двары дома, дзе застаўся аўтамабіль Зміцера з выбітым шклом, а ў гэты час на іх кватэры праводзіўся вобшук.
23 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што ў межах распачатай КДБ крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне або іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фiнансаванне або iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці) затрымана 26 чалавек.
24 сакавіка была скліканая тэрміновая прэс-канферэнцыя сваякоў затрыманых на офісе ПЦ “Вясна”. 25 сакавіка, МУС аб затрыманні яшчэ пяцярых падазраваных.
Сярод “баявікоў” апынуліся чатыры розныя групы: актывісты бабруйскага афіцыйна зарэгістраванага спартова-патрыятычнага клубу “Патрыёт”, колішнія сябры беларускай патрыятычнай арганізацыі “Белы легіён”, якая не існуе ужо гадоў 15, шасцёра актывістаў МФ на чале са Змітром Дашкевічам, абаронцы Курапат, і двое паплечнікаў палітыка Міколы Статкевіча.
23 сакавіка на сайце праваабарончай арганізацыі «Libereco — Partnership for Human Rights» раззмешчаны адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім 48 праваабарончых арганізацый асудзілі хвалю затрыманняў і пераслед мірных дэманстрантаў, журналістаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці. Таксама яны заклікалі гарантаваць пры любых абставінах фізічную недатыкальнасць мірных дэманстрантаў 25 сакавіка, забяспечыць права журналістаў выконваць свае прафэсійныя абавязкі, устрымацца ад прэвентыўных затрыманняў і вызваліць усіх затрыманых у сувязі з вулічнымі пратэстамі.
23-га сакавіка знік адзін з арганізатараў Дня Волі ў Мінску Мікола Статкевіч. Як высветлілася пазней, палітык быў затрыманы на канспіратыўнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ да 27-га сакавіка, затым вывезены за горад і адпушчаны без аніякага абвінавачвання.
Затрыманне напярэдадні ягонага памочніка Сяргея Кунцэвіча было знята на відэа і паказана па дзяржаўным тэлебачанні. У аўтамабілі разам з гукаўзмацняльнай апаратурай нібыта знайшлі дзве скрынкі “кактэйляў Молатава”. На кадрах відаць, што часку спецсродкаў вымаюць з машыны з пазнакай «ФСБ». Па словах Кунцэвіча, у КДБ яго катавалі электрашокерам, каб даведацца, дзе хаваецца Статкевіч.
Раніцай 24 сакавіка ад імя Статкевіча ў сацсетках з'явілася паведамленне з заклікам не ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі на Дзень Волі. Былі ўзламаныя акаўнты палітыка і ягонай жонкі Марыны Адамовіч, яе сына Юрася. Праз «Вайбер», зарэгістраваны на стары тэлефонны нумар Статкевіча распаўсюджваліся фэйкавыя паведамленні. Увечары паведамленне пра адмену акцыі 25 сакавіка было таксама размешчана на сайце Міколы Статкевіча.
Увечары 24 сакавіка ў офісе Беларускай партыі “Зялёных” падчас збору дапамогі адміністрацыйна арыштаваным міліцыя затрымала 13 чалавек, сярод якіх былі эколагі і журналісты. На наступны дзень 10 чалавек былі дастаўленыя ў суд і пакараныя арыштам ад 12 да 15 сутак.
У ноч з 24-га на 25-га сакавіка памежнікі затрымалі вядомага беларускага паэта і палітыка Уладзіміра Някляева, іншага арганізатара Дня Волі, які цягніком вяртаўся з Варшавы. З ізалятара часовага ўтрымання ў выніку гіпертанічнага крызу Някляеў трапіў у брэсцкую бальніцу хуткай дапамогі, дзе знаходзіўся пад пільным назіраннем.
Першая заяўка на правядзенне традыцыйнай акцыі 25 сакавіка была пададзеная ў Мінгарвыканкам яшчэ 6 студзеня, аднак гарадскія ўлады адмовілі, бо “згубілі заяўку”.
На другую заяўку ад 8 лютага своечасовы адказ арганізатарам — за 5 адведзеных законам дзён чыноўнікі не паведамілі. Між тым разам з заяўкай накіроўвалася прапанова аб сустрэчы з кіраўніком Мінгарвыканкама дзеля абмеркавання фармату правядзення Дня Волі. Сустрэчу з заяўнікамі некалькі разоў пераносілі і ўрэшце ў Мінгарвыканкам іх запрасілі толькі ўвечары 24 сакавіка. У сувязі з дзеяннямі чыноўнікаў, якія груба парушылі заканадаўства, заяўнікі знялі сябе ўсю адказнасць за падзеі 25 сакавіка.
Усваю чаргу мэр сталіцы Аляксандр Шорац заявіў, што любое масавае мерапрыемства ў Мінску 25 сакавіка будзе незаконным, бо арганізатары акцыі не пагадзіліся на прапанаваны іншы фармат.
Ад імя “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” у ГУУС Мінгарвыканкама быў дасланы ліст з просьбай садзейнічаць і забяспечыць бяспеку незалежным назіральнікаў, якія будуць сачыць за мірнай акцыяй. Але перад пачаткам яны былі нейтралізаваныя і не змаглі ажыццяўляць маніторынг.
25 сакавіка ў 12.00 на офісе ПЦ “Вясна” распачаўся інструктаж назіральнікаў, хвілін праз 40 у офіс з прымяненнем фізічнай сілы ўварваліся людзі ў форме АМАП, а таксама людзі ў цывільным адзенні. Усіх прысутных паклалі тварам у падлогу, нічога не тлумачачы. Усяго ў офісе знаходзілася 57 чалавек, уключаючы прадстаўнікоў замежных СМІ, грамадзян Францыі і Расіі, журналістаў, кіраўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый – Алесь Бяляцкі (ПЦ «Вясна»), Раіса Міхайлоўская (Беларускі дакументацыйны цэнтр), Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт). Усе падзеі фіксаваліся на фота- і відэакамеры. Затрыманых на аўтобусе даставілі ў пастарунак, адкуль праз некалькі гадзін вызвалілі без складання пратаколаў.
Нягледзячы на папярэднія шыракамасштабныя правакацыі з боку ўладаў, 25-га сакавіка тысячы людзей выйшлі на Дзень Волі. Ужо на подступах да абвешчанага месца збору ля Акадэміі навук і кінатэатра Кастрычнік іх чакалі шматлікія шэрагі супрацоўнікаў міліцыі, якія закрылі праход па праспекце Незалежнасці. Цягнікі метро не спыняліся на трох станцыях, наземны транспарт у гэтым раёне таксама ехаў без прыпынкаў.
Пратэстоўцы збіраліся групамі, найбольшая з якіх утварылася каля Мінскага радыётэхнічнага каледжа. Калону ў некалькі тысячаў чалавек пачалі адцясняць назад у бок плошчы Якуба Коласа, адвольна затрымліваючы тых, хто знаходзіўся побач. Мірнае шэсце было жорстка падаўлена.
У Мінску ў другой палове дня 25 сакавіка ў кватэру да журналісткі Марыны Кастылянчанка ўварваўся АМАП, выламаўшы замкі ў дзвярах. Нібыта ў міліцыю паступіла інфармацыя пра наяўнасць у кватэры зброі і выбухоўкі. Быў праведзены вобшук, інфармацыя не падцвердзілася, а на дзяўчыну склалі пратакол за “непадпарадкаванне”. У пастарунку ўчастковы “апазнаў” Марыну па здымку як удзельніцу “Марша недармаедаў” і склаў яшчэ адзін пратакол – за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Журналістка была асуджаная на 15 сутак арышту. За ўвесь час адбыцця пакарання ў Марына Кастылянчанка атрымала толькі адну паштоўку, хоць на яе імя было адпраўлена больш за 100 паштовак і лістоў са словамі салідарнасці. Сітуацыя з неўручэннем карэспандэнцыі тычылася амаль усіх адміністрацыйна арыштаваных удзельнікаў пратэстных акцый, што адбывалі пакаранне ў ЦІП на Акрэсіна.
Усяго па ацэнках Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Мінску за ўдзел у Дне Волі было затрымана больш за 700 асобаў. Частку з іх праз нейкі час выпусцілі з пастарункаў без складання пратаколаў, 149 былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Між тым дзяржаўныя каналы, асвятляючы падзеі “Дня Волі” у сталіцы, запэўнівалі, што “несанкцыянаваная вулічная акцыя ў Мінску не знайшла падтрымкі ў грамадстве”
25 сакавіка дазволеныя акцыі прайшлі таксама ў Гродна і Брэсце, недазволеныя – ў Гомелі і Віцебску.
Беспадстаўна затрыманымі аказаліся многія супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі. “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зафіксавала ў сакавіку 2017 года 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці, у тым ліку 94 затрыманні і 6 фактаў ужывання гвалту з боку міліцыі.
Падчас пратэстных акцый пацярпелі многія праваабаронцы. Рэгіянальныя праваабаронцы Л. Свецік, К. Мардзвінцаў, А. Паплаўны (ПЦ «Вясна»), П. Левінаў, А. Яўсеенка, Э. Баланчук (БХК) былі затрыманыя і асуджаныя за ўдзел у несанкцыянаваных сходах, хаця насамрэч яны назіралі за правядзеньнем акцыяў у Віцебску, Гомелі і Маладзечна.
26 сакавіка ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы прайшла нешматлікая акцыя салідарнасці з затрыманымі напярэдадні людзьмі. Было затрымана і асуджана некалькі дзясяткаў яе ўдзельнікаў.
Для поўнай карціны пра сітуацыю, якая склалася напярэдадні і ў дзень 25-га сакавіка трэба яшчэ дадаць пра рэпрэсіі супраць сацыяльных актывістаў ды анархістаў. Моладзевы актывіст Вячаслаў Касінераў 13 сакавіка быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у “Маршы абураных беларусаў” 17 лютага. Пасля заканчэння тэрміну актывіст быў пераведзены ў СІЗА і абвінавачаны па крымінальным артыкуле “Хуліганства”. 12 сакавіка ён на знак пратэсту супраць гвалту з боку міліцыі да анархістаў правёў перформанс – накінуў пятлю на статую паліцэйскага часоў Расійскай імперыі, якую ўсталявалі ў лютым насупраць будынку Міністэрства ўнутраных спраў.
5 красавіка беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і выступілі з патрабаваннем спынення крымінальнага пераследу і неадкладнага вызвалення. За тыдзень да суда ён быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, 27 красавіка Маскоўскі суд Мінска вынес пакаранне актывісту анархісцкага руху ў выглядзе штрафа ў 5 базавых велічынь.
31 сакавіка ў двух офісах тэлеканала “Белсат” у Мінску прайшлі ператрусы, санкцыянаваныя пракуратурай. Фармальная прычына – праверка па факце «незаконнага выкарыстання таварнага знаку». Была канфіскаваная ўся тэхніка.
Наступныя месяцы працягвалася “Справа Белага легіёну” альбо “справа патрыётаў”, якая суправаджалася масіраванай дэзінфармацыяй у сацыяльных сетках. Дзяржаўныя масмедыя адзначыліся паказам прапагандысцкага дакументальнага фільма “Белы легіён чорных душаў”, ананімным ілжывым артыкулам у цэнтральнай дзяржаўнай газеце “СБ-Беларусь сегодня” “Імя ім – легіён” ды іншымі падобнымі матэрыяламі.
І хоць некаторых затрыманых па справе пачалі вызваляць, сярод іх маладафронтаўцы Дзмітрый Крамянецкі, Раман Васільеў, Арцём Леўчанка, Уладзімір Яроменак, якія 1 красавіка выйшлі на волю, 15 красавіка – Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі, большасць, 21 асобу, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Калі ж пратэстная хваля была збітая, улады паступова пачалі згладжваць сітуацыю, бо пытанне стасункаў з Еўрасаюзам з’яўляецца досыць важным. 6 красавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў разгон мірных дэманстрацый пратэсту і рэпрэсіі ў Беларусі, а таксамаі заклікаў урад краіны пачаць адкрыты дыялог са сваімі грамадзянамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і незалежнымі СМІ, неадкладна правесці дбайнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх паведамленняў аб адвольных затрыманнях і іншых парушэнняў правоў грамадзян. "У выпадку невыканання такіх расследаванняў ЕС можа прымяніць новыя абмежавальныя меры ў дачыненні да высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за нядаўнія рэпрэсіі", — адзначана ў рэзалюцыі.
На працягу наступных некалькіх месяцаў абвінавачаных па “справе патрыётаў” паступова адпускалі пад падпіску аб нявыездзе. У чэрвені справу аб масавых беспарадках спынілі, аднак 16-ці фігурантам, былым актывістам “Белага Легіёну”, выставілі дадатковае абвінавачванне ў стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання.
Перад самітам Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, які праводзіўся ў Мінску з 5 па 9 ліпеня, усе фігурантаў «справы патрыётаў» былі вызваленыя з-пад варты. 30 чэрвеня апошнімі выйшлі на волю Віктар Мароз і Міраслаў Лазоўскі.
27 лістапада Следчы камітэт спыніў узбуджаную КДБ справу за арганізацыю незаконнага ўзброенага фармавання на падставе таго, што дзеянні фігурантаў не ўяўляюць грамадскай небяспекі і прызнаныя малазначнымі. Куды падзелася прадэманстраваная па БТ раней зброя “баевікоў”, нажы і кастэты, засталося невядомым, а вось адзіны патрон, знойдзены пры вобшуку ў мастака Андрэя Бяляўскага, стаў падставай для ўзбуджэння 12 снежня крымінальнай справы за захоўванне агнястрэльных боезапасаў. І гэтае правапарушэнне СК малазначным не палічыў.
Усваю чаргу, беларускі суд спыненне крымінальнага пераследу ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства не палічыў дастатковай падставай для кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды. Спроба абаронцы Курапат Змітра Крэмянецкага, аднаго з шасці незаконна арыштаваных маладафронтаўцаў, дамагчыся кампенсацыі скончылася беспаспяхова.
Цалкам крымінальны пераслед у 2017 годзе ў Беларусі спынены не быў. 7 красавіка суд адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання па крымінальным прысудзе ў дачыненні да моладзевага актывіста Змітра Паліенкі і накіраваў у калонію на 1,5 гады з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе. Тады 22-гадовы актывіст быў незаконна асуджананы за ўдзел у роварным прабегу “Крытычная маса” на два гады зняволення з адтэрміноўкай.
14 красавіка дзевяць беларускіх праваабарончых арганізацыяў прызналі яго палітычным зняволеным і запатрабавалі неадкладнага вызвалення. 22 жніўня Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення.
Драматычнымі аказаліся падзеі трывожнай вясны 2017 году, але яе наступствы шлейфам няспынных рэпрэсіяў працягнуліся ў наступныя месяцы. Праз афіцыйны распаўсюд хлуслівай інфармацыі, праз узбуджэнне крымінальных справаў, якія мелі палітычны кантэкст, шляхам шырокіх рэпрэсіяў супраць грамадскіх і палітычных актывістаў улады, непасрэдна з удзелам (а можа і пад кіраўніцтвам) прэзідэнта А.Лукашэнкі, спрабавалі збіць хвалю сацыяльнага і палітычнага пратэсту, якая кацілася па ўсёй Беларусі.
2 жніўня Фінансавая міліцыя дэпартаменту фінансавых расследванняў правяла вобшукі ў кватэрах старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Федыніча, старшыні мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП Ігара Комліка, былога рэдактара сайта praca-by.info Наталлі Пічужкінай, а таксама на офісе прафсаюза. Вобшук таксама прайшлоў у офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску.
Затым Ігар Комлік быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА, Генадзь Федыніч пасля допыту адпушчаны пад падпіску. Абодвух абвінавацілі ва ўтойванні атрымання даходаў за мяжой і ва “ўхіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры”. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі нібыта нейкія паперы, канфіскаваныя ў аднаго з актывістаў незалежнага прафсаюзу на мяжы яшчэ ў 2011 годзе. Шэсць гадоў гэты “кампрамат” пыліўся хутчэй за ўсё у шуфлядах КГБ і чакаў свайго часу. І вось, пасля веснавых сацыяльных акцыяў пратэсту 2017 году, у якіх незалежны прафсаюз РЭП адыгрываў даволі актыўную ролю, час настаў.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі вызначылі гэтую справу як палітычна матываваную і запатрабавалі спыніць крымінальны пераслед прафсаюзных лідараў, а таксама ціск на незалежны прафсаюзны рух. 2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, але ў 2017 году крымінальная справа спынена не была.
Варта дадаць, што гэтая справа супраць лідараў незалежнага прафсаюзнага руху вельмі нагадвае іншую справу, узбуджаную ДФР КГК па тым самым крымінальным артыкуле ў 2011 годзе супраць старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. І тады, і зараз мэты ўзбуджэння гэтых крымінальных справаў былі аднолькавымі.
Па схеме рэпрэсіяў 2011 года ў 2017 годзе пераслед з боку ўладаў зазналі таксама і адвакаты. 12 і 25 верасня прайшлі чарговыя і пазачарговыя атэстацыі адвакатаў у Міністэрстве юстыцыі. У выніку некаторыя з адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў палітычна матываваных крымінальных справах, былі пакараныя. Вядомая адвакат Ганна Бахціна, абаронца грамадскай актывісткі Эніры Браніцкай, журналісткі Ірыны Халіп, блогера Эдуарда Пальчыса, а ў 2017 годзе аднаго з абвінавачаных па “справе патрыётаў” Міраслава Лазоўскага была пазбаўленая ліцэнзіі. Яшчэ сямёра адвакатаў, якія маюць дамовы на абарону абвінавачаных па гэтай справе, былі ўмоўна атэставаныя з паўторнай атэстацыяй праз поўгады. Такім чынам, аказваецца непрыхаваны ціск на адвакацкую супольнасць з боку дзяржавы.
Пры гэтым цуг адміністрацыйна зняволеных грамадскіх актывістаў і палітыкаў у Беларусі не перарываўся, адміністрацыйныя арышты адбывалі палітыкі Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, многія грамадскія актывісты.
Задуманы як сродак кампенсацыі непрацуючымі грамадзянамі выдаткаў на сацыяльныя гарантыі Дэкрэт № 3 ўсё перапрацоўваўся і дапрацоўваўся. Улада не прызнала правальнасці свайго рашэння, а чарговы раз шляхам шырокамасштабных рэпрэсіяў падавіла грамадскую актыўнасць. Аднак пад знешнім спакоем і падманлівай пакорай беларусаў хаваецца неспатоленая прага да свабоды і справядлівасці. Беларускае дэмакратычнае грамадства перакананае, што надыйдзе час і, як пісаў некалі беларускі паэт Янка Купала: “яшчэ прыйдзе Вясна!”
Алесь Бяляцкі.