20.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе сёння, 20 лютага, распачынаецца суд над палітзняволеным заснавальнікам крамы Symbal.bу і культурніцкім мэнэджэрам Паўлам Белавусам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "здраду дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). У абвінавачванні гаворыцца, што Павел "распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму", вёў "антыдзяржаўную дзейнасць", "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы". Таксама Паўла абвінавачваюць у "кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем" — "Беларускай Радай культуры", якая была прызнана "фармаваннем", калі палітвязень ужо як сем месяцаў утрымліваўся пад вартай. Працэс будзе весці суддзя Жанна Брысіна пакуль у адкрытым рэжыме. За кратамі Павел утрымліваецца адзін год і тры месяцы, яму пагражае ад сямі да 15 гадоў зняволення.

Павел Белавус
Павел Белавус

Што вядома пра абвінавачванні палітвязню?

Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года. Цяпер яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем). 

Згодна з версіяй абвінавачвання, Павел "на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". 

"У 2011 годзе абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы. Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў Таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы.

Створаныя бізнес-праекты адкрылі прадпрымальніку новыя магчымасці. Паколькі Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі на палітычнай арэне, хутка знайшліся тыя, хто быў гатовы спансіраваць развіццё яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Фігурант падпісаў не менш за 12 дагавораў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі. З тых часоў экстрэмісцкая дзейнасць на тэрыторыі Беларусі набывала новыя абароты дзякуючы уліванняў з-за мяжы. Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы. За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш за $150 тыс., 50 тыс. еўра і 40 тыс. злотых", — распавёў начальнік Следчага камітэта Сяргей Паско пра абвінавачванні палітвязня. 

Начальнік СК адзначае, што Белавус "на хвалі пратэстнага руху ў 2020 годзе выйшаў на новы ўзровень":

"Распрацаваўшы інфармацыйную прадукцыю, у тым ліку фота і відэа, ён рыхтаваў грамадзян да ажыццяўлення самых радыкальных дзеянняў. У некаторых памятках змяшчалася інфармацыя аб выплаце ганарару за ўдзел у вулічных беспарадках. Акрамя гэтага, ён складаўся ў наглядальным савеце і прымаў удзел у кіраўніцтве экстрэмісцкага фарміравання "Беларуская Рада Культуры".

Палітвязню пагражае ад сямі да 15 гадоў калоніі.

Чым вядомы Павел Белавус?

Павел Белавус – культурніцкі менеджар, заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі "Арт Сядзіба", стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by, адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя абвяшчэння БНР у Мінску ў 2018 годзе. Таксама Белавус з паплечнікамі запусціў грамадскую кампанію "Годна", якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі і дае магчымасць моладзі ствараць культурніцкія і гістарычныя праекты.

Летам 2020 года крама Symbal.by стала адным з сімвалаў пратэсту і салідарнасці беларусаў. У краме можна было набыць цішоткі і налепкі з надпісам "ПСІХОЗ%", які адсылае да выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра "каранавірусны псіхоз" і рэйтынгу Лукашэнкі, што, як сцвярджалі яго апаненты, напярэдадні выбараў 2020 быў роўны 3%. З-за гэтай прадукцыі ў Symbal.by пачаліся шматлікія праверкі. У выніку краме давялося аб'явіць пра прыпыненне працы, а пакупнікоў, якія ў апошнія дні працы прыйшлі падтрымаць Symbal.by, жорстка разагналі сілавікі. Нейкі час Symbal.by працаваў онлайн, але 30 студзеня 2021 года ў офіс крамы прыйшла міліцыя. Сілавікі забралі ўсю тэхніку, дакументы і прадукцыю, тады ж затрымалі і чацвёра супрацоўнікаў – ім прысудзілі па 15-20 сутак адміністратыўнага арышту. Пасля гэтага крама канчаткова спыніла працу ў Беларусі.

Цяпер Павел за кратамі піша вершы.

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Павел Мікалаевіч Белавус

Крыніца: "Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму". У Мінску пачынаюць судзіць заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса