19.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, рэпрэсіі У судзе Савецкага раёна Мінска завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў (18 500 рублёў) былога амбасадара Беларусі ў Аргенціне Уладзіміра Астапенку. У парадку спецыяльнай вытворчасці яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (намер на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай).

Таксама яго завочна пазбавілі права ў Беларусі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін пяць гадоў. Пры гэтым, яго вызвалілі ад пакарання на адзін год паводле Закона ад 7 снежня 2022 года "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства" Астапенка вызвалены ад асноўнага пакарання часткова – на адзін год. Пад арыштам засталася маёмасць Астапенкі — зямельны надзел і садовы дом — у кошт штрафу.

Нагадаем, Уладзімір Астапенка да 2020 года працаваў паслом Беларусі ў Аргенціне. Ён падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня 2020 года, заявіўшы, што верыць "у лепшую будучыню для беларускага народа". У хуткім часе Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Астапенкі і пазбаўленні яго дыпламатычнага рангу "ў сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе". Астапенка быў не згодны з такой фармулёўкай прычыны свайго звальнення і спрабаваў праз суд яе змяніць, аднак безвынікова. Уладзімір вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Затым ён далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай і цяпер працуе ў Аб'яднаным пераходным кабінеце. У дачыненні да экс-амбасадара 21 снежня 2022 года была распачатая спецвытворчасць.

Па дадзеных Генпракуратуры, Астапенка да кастрычніка 2020 года "з'яўляўся службовай асобай, якая займае адказнае становішча". Па рашэнні МЗС Беларусі місія Астапенкі была завершана з узгадненнем даты вылету яго і членаў сям'і ў Мінск 30 кастрычніка 2020 года. Пасольства Беларусі ў Аргенціне аплаціла яму і членам яго сям'і — жонцы і сыну, кошт авіябілетаў па маршруце Буэнас-Айрэс — Парыж — Мінск.

"Разам з тым абвінавачаны, жадаючы трапіць у Варшаву і пазбегнуць пры гэтым уласных матэрыяльных выдаткаў, з 23 да 26 кастрычніка 2020 года звярнуўся да тураператара і забраніраваў авіябілеты з Парыжа ў Варшаву замест Мінска", — заявілі ў Генпракуратуры.

Там таксама адзначылі, што аб змене маршруту супрацоўнікам дыпмісіі ён не паведаміў "з прычыны чаго неабгрунтавана выкарыстаў транспарт амбасады для праезду да аэрапорта".

Яму налічылі шкоду звыш 6 900 тысяч рублёў.

Крыніца: Былога амбасадара Уладзіміра Астапенку завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі і буйнога штрафу