10.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 лютага  збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць адміністратара тэлеграм-канала «Па-беларуску» распачалі крымінальную справу

Па інфармацыі праваабаронцаў, супраць затрыманага напачатку лютага праграміста Андрэя Філіпчыка распачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Андрэй Філіпчык

Нагадаем, пасля затрымання сілавікі паведамлялі, што 32-гадовы хлопец удзельнічаў у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а таксама адміністраваў тг-канал «Па-беларуску», які публікаваў жарты і мемы на беларускай мове. ГУБАЗіК пісаў, што на канале прасоўваліся «лацінка і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы».

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 чалавек — цяпер у ім 2416 чалавек

10 лютага МУС чарговы раз абнавіла «Cпіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя іншых, у спіс дадалі актывістку Свабоднага прафсаюза металістаў Яніну Малаш, сясцёр Інгу і Карыну Рэйдальф, спявачку Мэрыем Герасіменка, сябраў АГП Артура Смалякова, Дзіяну Чарнушыну і Андруся Асмалоўскага, а таксама гомельскага актывіста Іллю Міронава.

Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў апеляцыю журналіста Сяргея Сацука

Сяргея Сацука адправяць на 8 гадоў у калонію: Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак першай інстанцыі. Гэта азначае, што найбліжэйшым часам яго перавядуць на ўзмоцнены рэжым адбыцця пакарання, як раней і пастанавіў Мінскі гарадскі суд.

Cяргей Сацук

Пасяджэнне па справе Сяргея Сацука адбылося 10 лютага ў закрытым рэжыме. З прычыны фармату “сакрэтнасці” невядомыя акалічнасці дыскусій з бакоў нагляднага органа і юрыдычнай абароны, аднак па выніку суддзя Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч не знайшла прычын да рэвізіі вынесенага абвінавачання ці прынамсі змякчэння тэрміну зняволення.

Палітвязня Мікалая Дзядка змясцілі ў ШІЗА на сем сутак

Стала вядома, што нядаўна адміністрацыя гродзенскай турмы № 1 змясціла палітвязня Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 7 сутак. Мінулыя 7 сутак ШІЗА Мікола адбыў у студзені. Прычыны — невядомыя.

Мікола Дзядок. Фота: ПЦ

Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. 28 чэрвеня палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у знявленні на яго аказваецца ціск — толькі летам ён 44 дні бесперапынна ўтрымліваўся ў ШІЗА па надуманых прычынах.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, паўтошкамі і тэлеграмамі: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 Дзядку Мікалаю Аляксандравічу

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 чалавек: хроніка пераследу за 10 лютага