ЛПП №1 у Светлагорску. Фота: TUT.by У Беларусі існуе асаблівая катэгорыя выбаршчыкаў, якая, згодна з заканадаўствам, удзельнічае ў галасаванні не па месцы свайго жыхарства, а па месцы адбыцця пакарання. Гэта – пацыенты лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛПП) і грамадзяне, якія змешчаныя ў папраўчыя установы адкрытага тыпу.

Парадак іх удзелу ў галасаванні рэгулююцца адпаведнай  Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 16 студзеня 2018 г. № 3 "Аб растлумачэнні парадку ўдзелу ў галасаванні асобных катэгорый грамадзян пры правядзенні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання».

Яны ўдзельнічаюць у фарміраванні мясцовых органаў улады ў тых адміністрацыйных адзінках, дзе размяшчаюцца гэтыя ўстановы нароўні з мясцовымі жыхарамі. А ўлічваючы той факт, што колькасць зняволеных гэтых устаноў часам супастаўна з колькасцю паўналетніх жыхароў выбарчай акругі, менавіта зняволеныя і вызначаюць лёс галасавання.

Напрыклад, у Лясной выбарчай акрузе №30 па выбарах дэпутатаў Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў  налічваецца1695 выбаршчыкаў; больш за паўтары тысячы чалавек з іх ўтрымліваецца ў змешчаным на тэрыторыі акругі ЛПП №1 УДВП па Гомельскай вобласці МУС Беларусі.

Больш за трыста жанчын з ЛПП №2 прымуць удзел у галасаванні на выбарах у Горацкі раённы Савет у акрузе, дзе колькасць выбаршчыкаў не дасягае 800.

Самая пікантная сітуацыя склалася ў Отмінаўскай выбарчай акрузе №28 па выбарах у Наваградскі раённы Савет дэпутатаў. Тут размешчаны ЛПП №5, прызначаны для адначасовага ўтрымання 1000 чалавек, у якім часам колькасць зняволеных дасягала 1600. Колькасць выбаршчыкаў у акрузе - 1660 чалавек.

Якімі, цікава, будуць вынікі выбараў па гэтай акрузе для адзінага кандыдата - намесніка начальніка ЛПП №5 па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні А. Аліевіч?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Крыніца: “Дэпутата ад алкаголікаў” абяруць пацыенты ЛПП на безальтэрнатыўнай аснове