01.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, пераслед, ціск 16 студзеня ў судзе Бярозаўскага раёна разглядзелі яшчэ адну справу ў дачыненні да палітвязня Алега Нічыпоркі. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 341 і ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу. Палітвязню дадалі да ранейшага тэрміну яшчэ паўгода зняволення. Канчатковае пакаранне Нічыпоркі — 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У віну Алегу і яшчэ аднаму хлопцу — Івану Кату— паставілі два эпізоды: дробны крадзеж на лецішчы і надпісы на смеццевых баках ЖКГ. Справу разглядзела суддзя Алена Нямкова. Ні гаспадары лецішчаў, ні ЖКГ прэтэнзіяў не мелі, аб чым напісалі ў пісьмовых заявах у суд.
Паводле блізкіх Алега Нічыпоркі, перад новым судом хлопец сказаў, што не вінаваты, але ізноў будзе прызнаваць віну, а патлумачыць усё пазней. Цяпер Алег Нічыпорка знаходзіцца ў СІЗА Баранавічаў. Хлопец кажа, што яму ў СІЗА лепш, чым у калоніі.
Нагадаем, што Алега Нічыпорку у 2022 годзе судзілі па больш як 30 эпізодах: за нанясенне пратэстных надпісаў па горадзе, расклейку лістовак, парэзаныя дзяржаўныя флагі, а таксама псаванне-крадзеж каля 20 камер відэаназірання ды рабаванне дач. На першых допытах прызнаваў толькі крадзеж з лецішчаў. На судзе хлопец некалькі разоў мяняў паказанні, сведчыў аб катаваннях і ціску на яго падчас утрымання пад вартай. Пазней у адным са сваіх лістоў родным Алег пісаў, што збіраецца на судзе прызнаць віну ў тым, чаго не рабіў, бо за поўнае прызнанне віны яны паабяцалі «хімію». У выніку бярозаўскі суд тады прызначыў яму тры гады калоніі ды пастанавіў выплаціць пазоў на суму ў некалькі дзясяткаў тысяч рублёў.
Падтрымаць палітвязня можна па адрасе:
СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В. Алегу Георгіевічу Нічыпорку
Крыніца: Палітвязню з Бярозы дадалі да тэрміну яшчэ паўгода калоніі