01.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя Суд Ваўкавыскага раёна ў выязным судовым пасяджэнні на базе філіяла Ваўкавыскіх электрычных сетак 23 студзеня вынесла прысуд работніку прадпрыемства Аляксею Ярашэвічу, абвінаваціўшы яго ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка.
Па матэрыялах абвінавачання Аляксей Ярашэвіч, яшчэ ў красавіку 2021 года з выкарыстаннем мабільнага тэлефона на старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размясціў выяву Аляксандра Лукашэнкі і суправадзіў яе непрыстойным тэкставым паведамленнем.
Сваю віну мужчына прызнаў у поўным аб'ёме і раскаяўся.
Суд Ваўкавыскага раёна прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады.
Мабільны тэлефон абвінавачанага як сродак здзяйснення злачынства канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Крыніца: Два гады "хіміі" за абразу Лукашэнкі вынес суд у Ваўкавыску ў выязным пасяджэнні