25.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні Гродзенскі абласны суд працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага гарадзенскага журналіста і сябра "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэя Пачобута.
Судовы працэс, які пачаўся 16 студзеня, вядзе суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Палітзняволенага журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гародні пасля ператрусу ў сваім доме. Затым яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага напачатку ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Пазней быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму № 8. Зараз - у турме №1 Гародні.
Пачаўся суд над вядомым гарадзенскім журналістам і сябрам "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэем Пачобутам
4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў "Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Пасля зачытвання пракурорам абвінавачання, у судзе пачаўся допыт сведак па справе.
На сайце Еўрапарламента 23 студзеня апублікавана заява старшыні дэлегацыі па сувязях з Беларуссю еўрадэпутата Юозаса Алекаса і пастаяннага дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі еўрадэпутата Пятраса Аўштравічуса аб палітычна матываваных судовых працэсах над прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У прыватнасці еўрадэпутаты "сур'ёзна занепакоеныя працяглымі палітычна матываванымі судамі над лаўрэатам прэміі Сахарава і Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, які прысвяціў усё сваё жыццё прасоўванню дэмакратычных пераменаў у Беларусі, двума супрацоўнікамі яго праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам, а таксама журналістам і актывістам Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам".
Крыніца: У Гродне ў судзе над палітвязнем Андрэем Пачобутам пачалі дапытваць сведак