18.01.2023 Тэгі: суды, палітвязні, ціск У Брэсцкім абласным судзе 18 студзеня пачынаюць разглядаць крымінальнаю справу супраць Дар‘і Лосік — жонкі палітвязня Ігара Лосіка. Судовы працэс вядзе суддзя Мікалай Грыгаровіч. Дар'ю абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу "Белсат" вясной 2022 году, "у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня". Сёння роўна тры месяцы, як палітзняволеную ўтрымліваюць за кратамі. У зняволенні на Дар'ю аказваецца ціск — вагу пасылак залічваюць у агульную вагу перадач, а таксама блакуюць ліставанне. "Вясна" распавядае ў чым абвінавачваюць Дар'ю Лосік і як улады пераследуюць сям'ю палітвязняў два з паловай гады.
"Дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам". У чым вінавацяць Дар'ю Лосік
Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка пасля ператрусу ў кватэры. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Дар‘і далі патэлефанаваць бацькам, маці дзяўчыны хутка прыехала на месца, але яе нават не пусцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку аб тым, што быў праведзены ператрус. Пасля затрымання Дар'ю павезлі ў Брэст і змясцілі ў СІЗА-7.
Лосік выставілі абвінавачванне паводле ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці).
Паводле матэрыялаў справы Дар'я дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню» «Белсат», «у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Яна дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад». Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Пераслед сям'і Лосікаў і ціск на іх у зняволенні
Журналіста "Радыё Свабода" і адміністратара тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года — яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі і масавымі пратэстамі ў Беларусі. З жонкай Дар’яй пазнаёміўся ў 2009 годзе — праз перапіску ў "ВКонтакте". Ажаніліся яшчэ студэнтамі. У сям’і расце маленькая дачка Паўліна.
Калі ў снежні 2020 году Ігару Лосіку прад'явілі новае абвінавачванне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках", то ў знак пратэсту Ігар Лосік абвясціў галадоўку, якую пратрымаў 42 дні. Дар'я ў знак салідарнасці з мужам таксама абвясціла галадоўку.
14 снежня 2021 года Ігара Лосіка асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 года Ігар быў этапаваны ў наваполацкую калонію № 1. У хуткім часе КДБ унёс Ігара ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". На маёмасць сям'і Лосікаў (у тым ліку на піяніна, бытавую тэхніку і мэблю) у ліпені 2022 года быў накладзены арышт.
Адразу па прыбыцці ў калонію на Ігара пачала аказваць ціск адміністрацыя. Яго паставілі на прафулікі як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва», а таксама як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Акрамя гэтага, яму зрабілі вымову за тое, што дрэнна пагаліўся. Таскама ў ліпені паведамлялася, што яму нельга займацца спортам, спяць палітвязні толькі на другім ярусе «шконак», пры гэтым у пакоі ўвесь час гарыць святло, што замінае спаць ноччу.
На Дар'ю ў зняволенні таксама ціснуць. Адміністрацыя брэсцкага СІЗА-7 залічвае вагу пасылак для Дар’і ў агульную вагу перадач. Звычайна вязням можна перадаваць 30 кг перадачы ў месяц і дадаткова дасылаць неабмежаваную колькасць пасылак вагай 50 кг. Лісты ад Дар‘і амаль не даходзяць — толькі сваякам.
У лістах да сваякоў Ігар піша, што вельмі хвалюецца за жонку і просіць як мага больш пісаць пра яе. Бо пакуль Дар’я ў СІЗА, а муж у калоніі, ліставанне паміж імі забаронена.
Адрас для падтрымкі Дар'і: СІЗА-7, 224030, Брэст, Савецкіх памежнікаў, 37
Дар'і Аляксандраўне Лосік
Адрас для падтрымкі Ігара: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8
Ігару Аляксандравічу Лосіку
Крыніца: Сёння пачынаецца суд над палітзняволенай Дар'яй Лосік