16.01.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК затрымаў праграміста па "справе ЧКБ"
Як паведамляе «Наша Ніва», на «пакаяльным» відэа сілавікоў — 33-гадовы Міхаіл Баўдзей. Усе ягоныя сацсеткі закрытыя, таму пра яго вельмі мала інфармацыі, акрамя таго, што ён праграміст і працуе на ўласным ІП.
Калі верыць відэа сілавікоў, то мужчына перадаў у бот ЧКБ зусім нязначную інфармацыю — нейкае ўдакладненне. Таксама ў відэа прыводзіцца ягоны каментар, дзе ён жадае Украіне поспехаў у вайне, але сумняецца ў сіле ўкраінскай разведкі — і гэта быццам бы з'яўляецца «абразай расіянаў».
Спачтку арышт на 15 сутак, затым крымінальная справа
Праваабаронцам стала вядома, што пасля 15-суткавага адміністрацыйнага арышту супраць жыхаркі Мінска Алы Новікавай узбуджаюць крымінальную справу.
Спачатку тэлефон жанчыны праверылі і высветлілі, што яна падпісаная на “экстрэмісцкі” тэлеграм-канал “Чкалава Інфа", дзе зрабіла рэпост. Ужо ў ІЧУ ў інтэрнэце знайшлі фота Новікавай з пратэстаў.
Палітвязня Сяргея Ярашэвіча збіраюцца судзіць за "за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
У траўні 2021 давераную асобу Ціханоўскай Антаніну Канавалаву разам з яе палітзняволеным мужам Сяргеем асудзілі да 5,5 годоў калоніі па справе «Арміі з народам». Іх абвінавацілі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і ў «падрыхтоўцы беспарадкаў». У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця.
Вядома, што ў жніўні адміністрацыя ваўкавыскай калоніі змяшчала Сяргея ў ШІЗА, а потым яго перавялі ў ПКТ.
26 студзеня палітвязня пачнуць судзіць паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу будзе разглядаць суддзя Ваўкавыскага раёна Мікалай Сяргейка.
Палітвязня Івана Андрушойця змясцілі ў ПКТ
Іван Андрушойць — фігурант «справы ўзлому кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама», які знаходзіцца за кратамі ўжо 26 месяцаў. Яго абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, "абвінавачаныя з дапамогай шкоднаснага ПЗ атрымалі доступ да кампутарных сістэм КУП "ЦІТ Мінгарвыканкама" і ГУУС Мінгарвыканкама, што пацягнула за сабой парушэнне нармальнай працы прадпрыемстваў і дзяржорганаў, а таксама гэтыя асобы скапіявалі і выдалілі файлы розных фарматаў і ўнеслі ў іх загадзя ілжывую інфармацыю".
У судзе Заводскага раёна Мінска 28 студзеня 2022 яму агучылі прысуд — 3,5 гады калоніі.
У траўні 2022 года Івана этапавалі ў бабруйскую калонію № 2. Стала вядома, што адміністрацыя калоніі змясціла Івана ў ПКТ да заканчэння тэрміну.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Новыя абвінавачанні палітвязням і пагаршэнне ўмоў утрымання: хроніка пераследу 15-16 студзеня