12.01.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
"Укантакце" пачаў масавую блакіроўку беларускіх "экстрэмісціх" суполак
10 студзеня паведамлялася пра блакіроўку суполак «Вясны», «Зеркало», «Медыязоны», «Белсату» і іншых беларускіх арганізацый і СМІ.
11 студзеня стала вядома пра блакіроўку на тэрыторыі Беларусі буйной суполкі «Типичный Борисов», якая мае больш за 81 тысячу падпісантаў. Інфармацыйныя прадукцыя гэтай старонкі была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі» напрыканцы 2021 году.
Чарговы чат беларускай дыяспары быў прызнаны "экстрэмісцкім"
Згодна з рашэннем суда Баранавіцкага раёну і Баранавічаў ад 5 студзеня, інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-чата «BelPoznan Навіны + Важнае» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
30 лістапада «экстрэмісцкімі матэрыяламі» быў прызнаны Telegram-чат «Беларусы Вроцлава». Ён стаў першым чатам беларускай дыяспары, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Пазней улады прызналі «экстрэмісцкай» Instagram-старонку беларускай дыяспары ў Аўстрыі.
Таксама сёння спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі telegram-каналы і чаты «Витебск Герцена», «ЧАТ БЕЛАРУСЬ СЕЙЧАС», «Фаниполь Бай.Обсуждения», «Черкассы/Чечино».
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына змясцілі ў карцар на 7 сутак
Там палітвязень захварэў і быў вымушаны звярнуцца да медыкаў.
«Фэльчар агледзеў Дзяніса і прыняў рашэнне перамясціць яго ў карантын, перапыніўшы такім чынам адбыццё «пакарання» ў карцары. Прычым фізічны стан Дзяніса быў настолькі кепскім, што медык дазволіў яму ўдзень ляжаць на ложку.
Сам Дзяніс казаў, што адчувае праблемы з дыханнем, магчыма гаворка йдзе пра віруснае рэспіраторнае захворванне.», – піша жонка Івашына.
Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну
Напісаць анлайн
Шэсць дзён няма ніякай сувязі з расійскай праваабаронцай, затрыманай пасля суда па «справе Вясны» — да яе не пускаюць адваката
Адвакатка расійскай праваабаронцы і журналісткі Кацярыны Яньшынай, якая супрацоўнічае з Мемарыялам, паведаміла, што яе не пускаюць сустрэцца з падабароннай.
Як паведамляе @polniypc, спачатку супрацоўнікі ІЧУ на Акрэсціна зусім адмаўлялі, што праваабаронца знаходзіцца там. Пасля апраўдвалі адмову тым, што ўсе следчыя кабінеты занятыя. Некалькі разоў яны прызначалі новы час для наведвання, але кожны раз у выніку пераносілі. Адвакату так і не ўдалося патрапіць у ІЧУ. З Кацярынай няма ніякай сувязі ўжо 6 дзён.
Праваабаронцу і журналістку, якая супрацоўнічае з «Мемарыялам», затрымалі пасля першага судовага пасяджэння па «справе Вясны». Пазней яе арыштавалі на 15 сутак.
Затрымалі былога кандыдата ў прэзідэнты і кіраўніка арганізацыі "Гавары Праўду" Андрэя Дзмітрыева
Пра гэта 11 студзеня паведаміла @mediazona_by са спасылкай на яго калегу. Падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя.
UPD. Андрэй Дзмітрыеў знаходзіцца на Акрэсціна
Пра гэта паведамляе @nashaniva са спасылкай на яго суполку ў фэйсбуку.
Прычына затрымання невядомая.
Інфармацыя дапаўняецца