10.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Брэсцкім абласным судзе сёння пачынаюць судзіць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) палітзняволенага Юрыя Касцюка, якога вясной вывезлі з Расіі. Справу разглядае суддзя Святлана Крэмянеўская. Паводле абвінавачвання, Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад "арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя". Пяць месяцаў Юрый утрымліваўся ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускіх.

Юрый Касцюк
Юрый Касцюк

Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны, Юрый Касцюк "раней прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за здзек над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе, у перыяд адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі звязаўся праз інтэрнэт з прадстаўнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў, якія пазіцыянавалі сябе як праваабарончыя арганізацыі, для атрымання грашовых выплат. Пасля ён падшукваў грамадзян, якія былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Пры іх згодзе накіроўваў копію прысуду суда сваім куратарам. Для знойдзеных з дапамогай Касцюка людзей тыя пералічвалі грошы на банкаўскую карту аплатнай сістэмы Рэспублікі Польшча, адкрытую па просьбе абвінавачанага на яго знаёмых. Далей ён ажыццяўляў пераводы сваякам асуджаных".

Па дадзеных абвінавачвання, усяго з 27 лютага 2021 года па 3 лютага 2022 года Касцюк атрымаў для выплаты для шасці грамадзян.

Нагадаем, Касцюк адбыў тэрмін за "знявагу дзяржаўных сімвалаў" і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце палітзняволеных "хімікаў" "Волейбол по выходным". Вядома, што Касцюк быў моцна збіты, было падазрэнні на зламаныя рэбры.Крымінальная справа па арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) не была спынена. Хлопец з'ехаў у Расію — яго абвясцілі ў міждзяржаўны вышук.

15 траўня 2022 года ён быў затрыманы ў Сочы. Юрый чакаў экстрадыцыі ў Беларусь у расійскім следчым ізалятары. З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак Юрый вырашыў абскардзіць рашэнне. Негледзячы на працэс, 13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. Пры гэтым яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і выдварэнне. Яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян, дзе ён зняў пабоі.

16 кастрычніка 2022 года Юрыя Касцюка таемна вывезлі ў Беларусь і змясцілі ў ІЧУ Пружанаў, а пазней перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6. Вядома, што там хлопец зазнае жорсткае абыходжанне. 7 снежня ягоную справу накіравалі ў суд. Неўзабаве Юрыя перавялі ў брэсцкі СІЗА-7.

Падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Касцюк Юрый Андрэевіч

Крыніца: У Брэсце пачаўся суд над палітвязнем Юрыем Касцюком, якога таемна вывезлі з Расіі