10.01.2023 Тэгі: суды, пенітэнцыярная сістэма У Беларусі на працягу больш як двух гадоў не спыняюцца штодзённыя масавыя затрыманні паводле палітычных матываў. Былы арыштант распавёў "Вясне", якія метады катаванняў выкарыстоўваюць у ГУБАЗіКу, як затрыманым знішчаюць пашпарты, пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў снежні 2022 года і пра інсцэноўку аварыі для затрымання супрацоўніка "Газпрам Трансгаз Беларусь".

akrescina_01.jpg
ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

"Ты ведаеш, што ты адзін з нешматлікіх, хто цэлы сюды прыехаў?"

Мінчука (імя не раскрываецца ў мэтах бяспекі) затрымалі напрыканцы снежня непасрэдна на працоўным месцы ў Мінску.

"Цяпер ва ўсіх буйных прадпрыемствах і лякарнях ёсць, так бы мовіць, "намдырэктара па бяспецы". За некалькі тыдняў да затрымання ён выклікаў мяне да сябе і паказаў на тое, што ў мяне адкрыты акаўнт у Фэйсбуку, дзе ёсць рэпосты, спасылкі за 2020 год. Я акаўнт закрыў, а перапіскі не пачысціў". 

Напрыканцы снежня мужчыну зноў выклікалі да "намдырэктара па бяспецы", толькі гэтым разам яго чакалі яшчэ трое сілавікоў у цывільным.

"Там стаяць тры байцы ў цывільным. Яны адразу мяне атачылі, адзін з іх паказаў пасведчанне міліцыі, сказалі, што яны з ГУБАЗіКа, і забралі тэлефон. Сказалі, што праедзем да іх у "цэнтр". Павялі мяне пераапранацца, надзелі кайданкі і павялі мяне да машыны. Пасадзілі і мы, досыць міла размаўляючы, ехалі да іх у "цэнтр".

Яны тым часам гарталі мой тэлефон, Тэлеграма там не было. Але яны адразу знайшлі перапіску з маімі ўкраінскімі сябрамі".

У асабістай перапісцы з сябрамі сілавікі знайшлі рэпост з тэлеграм-канала "Беларускі Гаюн". Паводле мужчыны, сілавікоў узрадавала наяўнасць перапісак на тэму вайны ва Украіне. Пры гэтым фізічную сілу супраць яго не ўжывалі:

«Калі мы заехалі на тэрыторыю, яны сказалі штосьці кшталту: "Ты ведаеш, што ты адзін з нешматлікіх, хто цэлы сюды прыехаў?"»

"Неаднаразова паўтараў, што ўсе яны за Расію"

"Яны завялі мяне да начальніка. І адразу, што мяне ўразіла, што ў ягоным кабінеце на палову сценкі быў беларускі сцяг, і яшчэ палову сценкі займаў расійскі сцяг. Па ўсім кабінеце былі развешаныя паперкі і налепкі з літарай "Z", "V", георгіеўскія стужкі, колеры гэтыя… Там іх так шмат было ва ўсім кабінеце. Яны проста стракаталі.

Яму адразу паказалі мой тэлефон, гэтую перапіску, і ён са мной дыялогі вёў: чаму я за ўкраінцаў, можа быць я таксама "фашыст" і "нацыст", калі я за іх? Маўляў, як можна пісаць, каб бамбілі сваіх [беларускія аэрадромы]? Я ім сказаў, што "маіх" там няма — гэта расійскія войскі, якія бамбяць іх [украінцаў], — чаму яны не могуць бамбіць у адказ? На што яны мне паказвалі, што ўсе мае сябры ва Украіне памруць. Паказваў мне відэа нейкае, што іх чакае. Што яны ўсе "нацысты". Што ва Украіне ўсе людзі хочуць хутчэй далучыцца да Расіі, толькі "нацысты" гэтыя замінаюць. І сказаў, што ён і ўсе яго супрацоўнікі — рускія. І што жоўта-блакітны, як і БЧБ-сцяг, я ўбачу толькі пад нагамі. Неаднаразова паўтараў, што ўсе яны за Расію.

Казаў, маўляў, вось за што ты змагаўся, што ты хацеў. Я сказаў, што хацеў, каб не было таго, што ёсць цяпер — каб не вярнуўся 37-мы. Што вось мы не выйгралі і атрымліваем тое, што атрымліваем: вы цяпер на кані, а мы цяпер, усе звычайныя людзі… Ён злаваўся, сказаў, што амапаўцаў на мяне выкліча".

Гутарка доўжылася прыкладна 20-30 хвілінаў, пасля чаго мужчыну перавялі ў іншы кабінет для запісу "пакаяльнага відэа". Пакуль сілавік друкаваў тэкст, мужчыну пасадзілі ў капюшоне тварам да сцяны. Перыядычна супрацоўнік падыходзіў да мужчыны і запытваў, ці ўдзельнічаў ён у пратэстах, паказваў фатаграфіі з яго ўдзелам у мірных акцыях у 2020-м годзе. 

Пасля гэтага супрацоўнік ГУБАЗіКа прадыктаваў тэкст і сказаў, што падчас запісу відэа мужчыну нельга змяняць словы, інакш "будзе кепска".

"Адзін з супрацоўнікаў дастаў чамусьці пісталет, перасмыкнуў яго і трымаў у руках"

Пасля гэтага сілавікі вырашылі пашукаць "зыходнікі" фота і відэа з пратэстаў дома ў мужчыны. 

"Прывезлі мяне дадому. Адзін з супрацоўнікаў дастаў чамусьці пісталет, перасмыкнуў яго і трымаў у руках. Я запытаўся ў яго, навошта яму пісталет. Ён сказаў, што можа прыдасца. Адчыніла дзверы жонка з паўтарагадовым дзіцем. Яны заляцелі, быццам бы цалкам нармальна. Сабакі ў мяне пачалі гаўкаць, думаў, хоць бы не застрэлілі. Сабак адвялі, дзіця расплакалася.

Яны аглядалі рэчы, ноўтбук шукалі. Флэшкі забралі, камеру GoPro. Пратаколу ніякага не складалі. У жонкі адразу тэлефон забралі, падлучылі і штосьці запампавалі, а потым вярнулі. Пасля яны ў яго залезлі".

Пасля ператрусу мужчыну адвезлі ў РУУС для складання пратаколу. Нягледзячы на рэпост з тэлеграм-канала "Беларускі Гаюн", яго абвінавацілі ў "дробным хуліганстве" паводле арт. 19.1 КаАП. Паміж сабой, паводле мужчыны, сілавікі абмяркоўвалі, што гэтая справа — па частцы КДБ, бо звязаная з "дапамогай ЗСУ".

Да суда мужчыну перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Там ёсць знакамітая камера № 11. Яна трохмясцовая, я 12-ты зайшоў. З дванаццаці — восем былі маргінальнымі асобамі, то бок бамжы. Усе смярдзючыя, пахучыя. Яшчэ два злодзеі былі, я і яшчэ адзін мужчына праз сварку побытавую. На наступны дзень мы паснедалі і нас павялі на суд. На дзіва, мне далі пяць сутак. Усе здзівіліся. Нават лейтэнант, які там сядзеў, Ён сказаў, што за ўвесь час, колькі ён вадзіў, — каля пяціста прывадаў на суды — гэта першы раз, калі далі пяць сутак".

"Зранку вычышчалі вошай з кофт — гэта была абавязковая працэдура"

Пасля суда былога арыштанта перавялі ў ЦІП на Акрэсціна:

"Камера для "палітычных". Там шасцімясцовая камера, я ў ёй быў 28-мы. Галоўным чынам усе былі "палітычныя", толькі два асацыялы, але яны былі пасля "пражаркі" нібыта. Тры-чатыры чалавекі за свастыку, астатнія ўсе "палітычныя". Там вакуум. Туды нічога не прыходзіць.

Умовы ў ЦІПе кашмарныя. Хоць мне хлопцы цяпер распавядаюць, што бывае яшчэ горш. Нас было 28 чалавек, хтосьці прыходзіць, хтосьці сыходзіць, але самае меншае было 25 ці 26 чалавек. У "палітычных" забіраюць курткі, у бамжоў — не. Напэўна, каб яны максімальна неслі на сабе жывёл, бо клапоў была процьма.

Святло не выключаецца ніколі. Усе спалі на падлозе, лавілі клапоў адзін у аднаго. Зранку вычышчалі вошай з кофт — гэта была абавязковая працэдура. Было горача, фортку спрабавалі прыадчыняць, а калі ўваходзіш — вельмі цёпла і вільготна. Ты потым прызвычайваешся, але калі фортку прыадчыняеш, то адразу скразнячок. Там усе хварэюць, я прыйшоў і ўсе кашлялі, а потым і я пачаў кашляць.

На ложку там не проста стэлажы, а жалезныя пласціны звараныя — на іх проста так не паляжыш і спаць немагчыма. Хлопцы неяк спрабавалі там уладкавацца: тыя, хто худзейшыя, спрабавалі залазіць спаць.

Людзі ўсе культурныя, прыстойныя. Адразу збор правілаў мне зачыталі: туалет чысціць кожны за сабой, пасля кожнага заходу мые. Таму ў нас асабліва не смярдзела.

Бавілі дні за гутаркамі, знаёміліся адзін з адным.

Ежа — гэта асобная тэма. Можа ў іх курсы ёсць якія адмысловыя — "Як сапсаваць ежу". Таму што гэта "жэсць". Манка, акрамя таго, што яна на вадзе, яна суперсалёная. Я такую манку ніколі не еў, і есці яе немагчыма. Супы, як правіла, даюць у абед. Яны такія салёныя, што ты проста плачаш. Уся ежа такая мярзотная. Яшчэ сардэлька больш-менш нармальная, але яе проста не могуць, напэўна, сапсаваць на заводзе. А калі нейкая катлета, то… Яна была з водарам курыцы ці рыбы, але, акрамя водару, у ёй нічога не было. На трэці дзень я захварэў, паднялася тэмпература і я не мог есці нічога.

Фельчарка штораніцы прыходзіла і прыносіла таблеткі, каму перадавалі. Але не ўсе таблеткі перадавалі, таму што хлопцы ў першы дзень бачылі шмат таблетак, а на другі-трэці ўжо іх не было. З дзяржаўных былі антыбіётык, актываваны вугаль, "Амбраксол", "Парацэтамол". Ну і плюс хлопцам прыносілі парашкі, абязбольвальныя і гарачкапаніжальныя".

«Усе ягоныя тры дакументы знішчылі ў шродары са словамі: "Папрацаваў там, папрацуеш тут"»

"Са мной сядзеў Аляксандр — айцішнік. Яшчэ адзін айцішнік, якога нібыта "здалі" ў чаце. Іх нармальна там па нагах білі. У іх азадкі сінія былі. 

Яшчэ са мной сядзеў Аляксей, які вярнуўся з Польшчы. Ён працаваў там і прыехаў да сям'і. Ягоная радня з Гомельскай вобласці, а ён адразу паехаў у Мінск, дзе яго і затрымалі. Ён там збіраўся ехаць да радні, але не паспеў. Яго не білі. Але ў ГУБАЗіКу ўсе ягоныя тры дакументы: пашпарт, працоўную дамову і карту паляка — знішчылі ў шродары са словамі: "Папрацаваў там, папрацуеш тут". Але хтосьці яшчэ распавядаў, што разарвалі пашпарт. Запыталіся, за што сядзіць, а ён сказаў, што выходзіў у Варшаве ў 2020 годзе. Знайшлі рэпост у яго нейкі ў той жа Варшаве. 

belgazprombank.jpeg
Начальнік службы кампаніі "Газпрам Трансгаз Беларусь"

Было яшчэ відэа з начальнікам упраўлення нейкага з Белгазпрама. Сядзеў з ім. Яго таксама не білі. Але яго, калі забіралі, ажно інсцэнавалі для яго аварыю, каб ён выйшаў. Там стаяла ДАІ і, кажа, прыйшоў, а там выйшлі людзі з Geely, якія нібы аварыю ўчынілі, і яго затрымалі. У яго таксама знайшлі рэпост у перапісцы. Жонцы нейкую дробязь пераслаў з "Люстэрка".

Музыку вулічнага дзесьці чысла 30-га нам закінулі. Ён у Мінску "Воины Света" [песня гурта "Ляпіс Трубяцкі"] граў. Сказаў, што нейкая дзяўчынка яго засняла і ў міліцыю відэа адправіла [заўв. — магчыма, гаворка ідзе пра гэтае відэа].

Яшчэ адзін хлопец, здаецца, Аляксей: я прыйшоў, а ён ужо быў у камеры. Яго меліся выпускаць, але за гадзіну да гэтага прыйшлі і забралі яго. Там звычайна калі следчы забірае, то забіраюць без рэчаў. І вось ён праз хвілінаў 20 прыйшоў па рэчы. І на пытанне: "Крыміналка?" — ён махнуў галавой і пайшоў.

Былі яшчэ браты, ім па 13 ці 15 сутак далі. Аднаго адразу выпусцілі, а другога на тры дні яшчэ затрымалі. Ён сказаў, што сядзеў гэтыя тры дні ў карцары. Яны там былі сямёра і хтосьці яму распавядаў, што да гэтага ўтрох у "стакане" іх трымалі. Не выводзілі ў туалет і казалі пад сябе хадзіць. Яны там паўтара-два дні стаялі.

Самае непрыемнае, калі ўначы ты ляжыш, а ў камеру яшчэ дваіх закідваюць. Адзін радыёаматар, а другі — зяць рэпетытара [Яўгена Лівянта], яму далі 10 ці 12 сутак. І мы ляжым з хлопцамі на падлозе і разумеем, што гэта не сканчаецца, усё грабуць, грабуць, грабуць. Махавік такі, відаць, так ужо разгайдаўся, што хлопцам, якія гэту справу робяць, ужо па кайфе". 

Акрамя гэтага, мужчына сядзеў у камеры з Уладзіславам Чаховічам — адміністратарам тэлеграм-канала "Спадчына". Кажа, што ў камеру яго прывялі 29 снежня. "Пакаяльнае відэа" з Уладзіславам з'явілася 26 снежня. Паводле сілавікоў, ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, рабіў рэпосты з "экстрэмісцкіх рэсурсаў", БЧБ-сімволіку, заклікі да парушэння закона і нібы пакінуў больш за тры тысячы "экстрэмісцкіх" паведамленняў у публічных чатах. Хлопца асудзілі да 15 сутак арышту. 

"Электрашокерам білі практычна ўсіх, і білі, як правіла, у кайданкі"

"Быў хлопец, які другі тэрмін ужо адседжваў. Яму спачатку далі 10 сутак за рэпост з "Люстэрка". Адсядзеў, а там яго ўнізе, нават не выпускаючы, адзін здаў іншаму і павезлі ў РУУС. Там ізноў пратакол, суд — і зноў 10 сутак за рэпост.

Быў яшчэ дробны хлопец, яго там зашугалі. Абяцалі дубінку ў азадак. 19 гадоў хлопцу.

Білі большасць. Не білі толькі мяне, таго хлопца з Польшчы і мужчыну з "Белгазпрама". Астатнія ўжо "прычэсаныя" прыязджалі. На твары ніякіх слядоў. Нават у хлопцаў маладых 21-23 гадоў з Жодзіна — былых фанатаў. Іх АЛМАЗ браў, вось іх там білі канкрэтна. Але таксама ані следу на твары.

Электрашокерам білі практычна ўсіх, і білі, як правіла, у кайданкі. У іх нават пальцы потым слаба рухаліся — значыць, у нерв добра прылятала. У шыю білі, у вобласць паясніцы, ну і ў кайданкі ў асноўным. Некаторых нават вадзічкай палівалі, каб лепш праходзіла".

"Газ з балончыка па вентыляцыі дайшоў і да нас": памесячная хроніка затрыманняў і ўмоваў утрымання на Акрэсціна

"Вясна" падрыхтавала памесячную хроніку затрыманняў і ўмоваў утрымання на Акрэсціна, каб паказаць маштабы рэпрэсій і як (не) змяняюцца метады ціску сілавікоў і ўладаў на беларусаў на працягу 2022 года.

Калі вы адбывалі адміністрацыйны арышт і сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ і ЦІП, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце: на Telegram @zvarot96 або на Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Гэта трэба, каб зафіксаваць парушэнні вашых правоў і дапамагчы скласці скаргу. Мы будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу!

Крыніца: У ГУБАЗ пашпарт і карту паляка затрыманага знішчылі ў шродары. Новыя сведчанні здзекаў з боку сілавікоў у снежні