10.01.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Следчы камітэт скончыў расследаванне справы ў дачыненні да адваката Аляксандра Данілевіча

Аляксандра Данілевіча абвінавачваюць у тым, што ён заклікаў да санкцый у дачыненні да беларускага спорту і займаўся «дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі».

«Падчас расследавання ўстаноўлена, што, нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, адвакат вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму», — гаворыцца ў паведамленні СК.

Дзеянні Данілевіча кваліфікаваны следствам па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:

  • ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 361 (дапамога ў закліках да мер абмежавальнага характару);
  • ч.1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Расследаванне крымінальнай справы завершана, матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.

Затрымалі аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Івана Марозава

Мяркуючы па відэа сілавікоў, мужчыне закідаюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спецназ, каб яны стаялі ў яго гаражы, паведамляе «Наша Ніва».

Фігурантак «справы TUT.ВY» Алену Талкачову, Вольгу Лойку і Кацярыну Ткачэнку абвясцілі ў вышук

Іх затрымалі 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, пачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса), але потым ім змянілі меру стрымання.

Яны не з'явіліся 9 студзеня на судовы працэс па «справе TUT.ВY», бо з'ехалі за мяжу.

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, крымінальная справа ў дачыненні да іх вылучана ў асобную судовую вытворчасць. Яны абвешчаныя ў вышук.

Палітвязню Паўлу Белавусу прад'яўлена абвінавачанне

Як паведамляе Следчы камітэт, Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі».

Паведамляецца, што Павел «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы».

Павел Белавус

Па выніках расследавання 35-гадоваму палітвязню прад'яўлена абвінавачанне паводле ч.1 арт.356 (здрада дзяржаве), ч.1 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.3 арт.361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч.1 арт.361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманы пачынальнік беларускага LiveJournal, абвінавачанне за прапаганду беларускай культуры: хроніка пераследу 10 студзеня