06.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны", фігурантамі якой з'яўляюцца старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў, які вымушаны быў пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна. Чатырох праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") — яны не прызналі віну ні па ніводным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставіцца ў віну. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
Што вядома пра суд?
Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Праваабаронцы ў залі суда ўтрымліваюцца ў кайданках і за кратамі. На першым пасяджэнні вясноўцы заявілі шэраг хадайніцтв, сярод якіх — весці судовы працэс па-беларуску, прадаставіць перакладчыка з рускай на беларускую мову, змяніць меру стрымання на незвязаную з пазбаўленнем волі, зняць кайданкі, азнаёміцца з матэрыяламі справы і іншыя. Ва ўсіх хадайніцтвах было адмоўлена, а некаторыя нават суддзя не стала разглядаць.
Пракурор зачытваў абвінавачванні праваабаронцам дзве гадзіны. Яны не прызналі віну.
Па справе ўсяго 283 тома матэрыялаў справы па 300 старонак — гэта рэкорд па аб'ёму па "палітычнай" справе ў Беларусі. Па справе праходзяць каля 100 сведак. Што адметна, інтарэсы на судзе Змітра Салаўёва, якога судзіць завочна ў парадку спецыяльнай вытворчасці, прадстаўляе прызначаны следствам адвакат. Ён адзначае, што не ведае ні яго імя, ні пола.
На працэсе вызначылі парадак судовага следства: адразу дапытаць сведак, потым вывучыць пісьмовыя матэрыялы справы, і пры неабходнасці — рэчавыя доказы, і ў апошнюю чаргу дапытаць саміх палітзняволеных праваабаронцаў. 5 студзеня дапыталі заснавальніка і галоўнага рэдактара "Народнай волі" Іосіфа Сярэдзіча і зачыталлі паказанні праваабаронцы Алены Лапцёнак. Астатнія сведкі на суд не з'явіліся. Вядома, што была заяўлена таксама галоўная рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб.
Інфармацыя дапаўняеццца.
"Прысуд «Вясне» вясной — гэта сімвалічна!"
Валянцін Стэфановіч у лісце на волю ў снежні падзяліўся сваімі думкамі пра суд:
"Судзіць будуць доўга — да вясны. Прысуд «Вясне» вясной — гэта сімвалічна! З улікам апеляцыйнай скаргі ў мяне будзе тры гады ўжо адбытага пазбаўлення волі. Тут зараз акцыя — адсядзі ў СІЗА два гады і атрымай адзін год у падарунак. Гэта я прыдумаў.
Так што ў лагер я паеду ўжо летам — можа ў жніўні ці нават у верасні. Выдадуць мне там робу, і буду я паўнавартасным зэкам".
У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў
Цяпер палітзняволеным вясноўцам вельмі патрэбная салідарнасць і падтрымка! Зрабіць гэта можна лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу