05.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Мікалая Брэдзелева перавялі ў Баранавічы
У Мінскім гарадскім судзе ў кастрычніку да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 35-гадовага палітзняволенага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева.
Яго абвінавацілі ў прадастаўленні грашовых сродкаў для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) — блогеру Антону Матольку. Пасля затрымання Мікалая ў снежні 2021 года стала вядома, што сілавікі яго збівалі.
Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго перавялі ў баранавіцкі СІЗА.
Сілавікі затрымалі жыхара Гродна Яўгена Конанава
Як паведамляе @Grodno_grab, яго абвінавачваюць у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ва «Укантакце».
Яўген — былы супрацоўнік ГрДМУ і патолагаанатам. Па версіі сілавікоў, ён звольніўся з-за палітычнай пазіцыі і шукаў працу ў не дзяржаўнай установе.
Затрымалі мінскага айцішніка — магчыма, за перапіску ў карпаратыўным чаце
Па інфармацыі @devby, яго імя — Максім Статкевіч.
Сілавікі пішуць, што нагодай для затрымання стала перапіска ў працоўным чаце, якой падзяліліся калегі хлопца. Аднак калегі Максіма сумняваюцца, што нехта спецыяльна пераслаў сілавікам паведамленні Статкевіча — тэлефон маглі праверыць пасля затрымання.
МУС апублікавала прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фармавання» «Дапамога»
Яшчэ ў кастрычніку 2022 году ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», што публікуецца на сайце МУС, трапіла арганізацыя «Дапамога», якая дзейнічае ў Літве. Праваабаронцы заўважылі, што нядаўна ў спіс унеслі змены і дадалі прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да гэтай арганізацыі.
У спісе — больш за 20 прозвішчаў, сярод якіх палітзняволеныя Аніта Бакуновіч, якую затрымалі пры спробе перасекчы мяжу з Літвой, і былы мытнік Мікалай Куляшоў, які дапамагаў беларусам бегчы праз мяжу. Таксама ў спісе — айцішнік Аляксей Кавалеўскі, які пасля чатырох месяцаў на «Валадарцы» ўцякаў з краіны, але стаў фігурантам справы «рэйкавых партызан». Яго гісторыю мы распавядалі раней.
Адваката Віталя Брагінца абвінавачваюць паводле 4 артыкулаў
Віталя Брагінца затрымалі 23 траўня. Спачатку яго двойчы запар арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйных справах. Цяпер стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел ў ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Ён абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага.
Справу будуць разглядаць у Мінгарсудзе 16 студзеня. Працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч.
У Мінску затрыманы актор
Раніцай 4 студзеня сілавікі затрымалі 52-гадовага актора тэатральна-музычнага калектыву «Пуговицы» Андрэя Трызубава.
Прычына затрымання і яго месцазнаходжанне невядомыя.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні актора і айцішніка, абвінавачанні адвакату Бяляцкага: хроніка пераследу 4-5 студзеня