05.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Асобы: Генадзь ФядынічГенадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вацлаў Арэшка. У Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня вынесены прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў – палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку. Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, працэс вяла суддзя Алена Папкова, дзяржабвінаваўца - пракурор Раман Бізюк.

Вынясенне прысуду чакалася яшчэ 27 снежня, аднак суддзя Алена Папкова нечакана паведаміла, што па наноў адкрытых абставінах суд над актывістамі пераносіцца і папрасіла ўсіх пакінуць судовую залу. Прычыны такога рашэння пакуль невядомыя.

У Мінску пачынаецца судовы працэс над актывістамі незалежных прафсаюзаў

Справу прызначаная разглядаць суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінаваўца - пракурор Раман Бізюк.

Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасць быў асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання — «хатняя хімія». 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваннем».

Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пазней яго перавялі ў СІЗА-1.

Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні.

У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.

Вячаслаў Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Вячаслава змясцілі ў СІЗА КДБ, яму прад'явілі абвінавачванне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Суд прызнаў лідараў незалежных прафсаюзаў віноўнымі і па сукупнасці пакаранняў вынес прысуды:

Генадзю Фядынічу —  9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;

Васілю Берасневу — 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;

Вячаславу Арэшку — 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: У Мінску вынесеныя суровыя прысуды актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў