30.12.2022 Тэгі: адміністратыўны пераслед, умовы ўтрымання, катаванні, рэпрэсіі У жніўні 2020 года пасля выхаду людзей з Акрэсціна свет убачыў на свае вочы масавыя сляды ад катаванняў і збіцця. З таго часу прайшло 28 месяцаў, але сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не толькі не робіцца лепшай, а яна толькі пагаршаецца і ўскладняецца. Рэпрэсіі не скончыліся, негледзячы на тое, што мы даведваемся ўсё менш пра затрыманых. Беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб схаваць ад свету рэальную карціну рэпрэсій. Яны прызнаюць незалежныя СМІ "экстрэмісцкімі фармаваннямі", прыцягваюць да крымінальнай адказнасці людзей за агалоску парушэння правоў чалавека, адпраўляюць за краты людзей, якія аказвалі дапамогу пацярпелым. Але салідарнасць беларусаў значна мацней за дзеянні сілавікоў. "Вясна" падтрыхтавала памесячную хроніку затрыманняў і ўмоваў утрымання на Акрэсціна, каб паказаць маштабы рэпрэсій і як (не)змяняюцца метады ціску сілавікоў і ўладаў на беларусаў на працягу 2022-га года.

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Умовы ўтрымання на Акрэсціна — гэта катаванні

Цягам 28 месяцаў людзей кідаюць за краты ў нечалавечыя ўмовы без сродкаў гігіены і зменнага адзення. Улады рэгулярна "каруселяць" затрыманых: не выпускаюць пасля першага арышту, а вяртаюць у ізалятар па новых пратаколах на чарговыя "суткі". Людзі, якіх утрымліваюць у няволі па тры месяцы, бываюць на свежым паветрым толькі тады, калі іх вязуць у РУУС складаць новы пратакол.

Тыя, хто чакаюць у ІЧУ прад'яўлення абвінавачвання па крымінальнай справе, трапляюць у сумнавядомы карцар. Яны вымушаны спаць там на падлозе ў холадзе. Без ложкаў, без свежага паветру, без душа і цёплага адзення, і не заўсёды з ежай.

"Кантрольныя" камеры ўвесь час перапоўненыя, таму людзям даводзіцца спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы. Ім не выдаюць пасцельнай бялізны, не выводзяць у душ і на шпацыр. У камеры саджаюць бяздомных людзей у якасці дадатковага ціску. Ноччу і днём бесперапынна гарыць святло. Праз "вока" і відэаназіранне ў камерах за кожным дзеяннем затрыманных сочаць дзяжурныя. Цёплай вады няма, а тую, што цячэ з-пад крана, вельмі не рэкамендуецца піць. Тым, каго забіраюць з дома, не дазваляюць узяць нават сродкі гігіены, таму яны прыдумваюць новыя спосабы, як, напрыклад, пачысціць зубы тымі рэчамі, якія ёсць у камеры. Перадачы да людзей не даходзяць. Медыцынская дапамога не аказваецца, пры тым, што шмат людзей трапляюць на Акрэсціна моцна збітымі. Адзіная крыніца інфармацыі — новыя сукамернікі, якіх закідваюць штодзённа. Гэтыя ўмовы праваабаронцамі расцэньваюцца як катаванні.

Сведчанні былых арыштантаў Акрэсціна за ўвесь 2022 год

Снежань — мінімум 227 затрыманых

"Знаёмая выйшла з содняў. "Усяго толькі" семь. З пнеўманіяй, ледзь жывая. Але пашанцавала: жанчын з тэмпературай 40 трымаюць, з лекаў даючы адну аспірынку.

Сядзела з 17 палітычнымі ў двухмясцовай камеры. Без ацяплення, без цёплага адзення (адмовіліся прыняць у перадачу), затое з процьмай клапоў і прусакоў. Спала на падлозе, бо на жалезных ложках без матрацаў было балюча, "нібы ўкрыжавалі"».

Падсаджвалі бяздомную, якая ходзіць выключна пад сябе і ўся прасякнутая шматдзённай мачою".

"З пнеўманіяй, ледзь жывая". У якіх умовах арыштантаў утрымліваюць на Акрэсціна

Беларус у фэйсбуку падзяліўся, у якіх умовах адбывала "суткі" ягоная знаёмая ў ЦІПе на Акрэсціна

Лістапад — мінімум 487 затрыманых

"Ноччу я спала пад сталом, бо ў нас проста не было месца. У двухмясцовай камеры ІЧУ нас магло знаходзіцца да 10 чалавек. Туалет быў часткова закрыты — туды не пападалі відэакамеры. Было вельмі халодна, таму мы прыціскаліся адна да адной, каб неяк сагрэцца. Калі да нас прыходзілі людзі не па палітычным артыкулам, то яны давалі нам курткі, каб мы крыху сагрэліся.

У ЦІП адразу пачаліся крыкі. Мяне папярэджвалі, што ў камеры будзе горача і душна, але я не думала, што настолькі. Я зайшла нібыта ў парылку ў лазні. Ты заходзіш, а на цябе — хваля пота і спякоты. Там стаіць тэмпература дзесьці каля +36-40 градусаў. Памяшканне наогул не праветрываецца, вентылятар не уключаецца зусім, "кармушку" не адчыняюць. У ІЧУ мы хоць крыху маглі дыхаць, а тут — не. Мы прасілі адкрываць нам хаця бы "кармушку". Быў дзень, калі я ўжо ў думках развіталася з усімі роднымі, бо думала, што памру. Тады ў камеры нас было 18 чалавек, і мы сталі выключацца ад недахопу паветра. У нас кандэнсат сцякаў па сценках. Тады зайшоў супрацоўнік за смеццем і ўбачыў гэта ўсё — тады ўключылі выцяжку.

У нас у камеры проста фізічна не было месца. Мы спалі, хто дзе: хто пад нарамі, хто каля туалету. Мы ўсе там хадзілі і спалі ў станіках, бо было вельмі спякотна. Там поўзалі клапы, якія мяне пакусалі і ў мяне пачалася алергія. Таксама там поўзалі макрыцы. Дзяўчаты, якія спалі на нарах, былі ў сіняках, бо жалезныя пруты ўпіваліся ў скуру. Таму самым лепшым варыянтам лічылася спаць на падлозе.

Шмат людзей збіваюць пры затрыманні. Былі людзі, якіх збівалі патэльняй, і я бачыла ў іх сляды і гематомы.

Ніякіх асабістых рэчаў у цябе з сабой няма. Мне нічога не аддалі са словамі: "Такі ў нас загад на Вас". Калі мяне прывялі, то адразу забралі куртку і правялі паглыблены дагляд з прысяданнямі.

Нам не давалі матрацы. У ІЧУ было крыху лепш, бо там нары драўляныя, а ў ЦІПе — металічныя. Днём нам забаранялі на іх ляжаць".

У ЦІПе нас будзілі шмонамі па два разы на ноч — мы мусілі ўстаць і прадставіцца. Неяк у ЦІП ноччу прыехала праверка. Нас тады будзілі тры разы на ноч. І нейкі галоўны, які туды прыехаў, запытаў, дзе кантрольныя (так на Акрэсціна называюць затрыманых па палітычных матывах). Яму паказалі некалькі камер і я пачула, як правяраючы сказаў "Твари".

"Быў дзень, калі я ўжо ў думках развіталася з усімі роднымі", — былая арыштантка Акрэсціна

Былая арыштантка Акрэсціна распавяла "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў сумнавядомай камеры № 15 у лістападзе, пра "кантрольных" сукамерніц і чаму важна апублічваць інфармацыю пра затрыманых.

Кастрычнік — мінімум 317 затрыманых

"Было ў камеры з намі і пару крымінальных, але іх трымалі ў руках, нават не дазвалялі мацюкацца. Яны ахвотна ішлі на кантакт і падпарадкоўваліся агульным правілам.

Бялізны, натуральна, няма, прагулак таксама, ад спёртага паветра ва ўсіх кашаль, і вочы заплываюць гноем. Ну, вошы — гэта святое.

Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу. Адзін быў збіты так, што мог ляжаць толькі на жываце. Паклалі яго пад краты, дзе троху цягне халодным паветрам. Так ён мог спаць.

Тым, хто памятае Савецкі Саюз, псіхалагічна лягчэй: мы, у адрозненне ад моладзі, не здзіўляемся, што «к людям можно вот так относиться», мы нічога не чакаем, ні на што спадзяемся і ні ў што не верым. Закрылі? Ну дык сядзі і не злуй "гражданина начальника", бо самому ж горш будзе".

«Адзін быў збіты так, што мог ляжаць толькі на жываце». Літаратуразнаўца Сяргей Гаранін распавёў пра свае суткі на Акрэсціна

Вучонага Сяргея Гараніна звольнілі з Акадэміі навук. Да гэтага ён правёў дзесяць сутак на Акрэсціна.

Верасень — мінімум 413 затрыманых 

Камера ў ЦІПе на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Камера ў ЦІПе на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

"Міхаіл распавядаў, як кепска ў “палітычных” камерах, у тым ліку жаночай № 15: мала месца і шмат людзей, святло не выключаюць на ноч, у 2 і 4 ночы пераклічка, кепскае стаўленне, часам няма гарачай вады і зламаныя ракавіны, падкідваюць самых недагледжаных людзей для праформы.

Знаёмства з новым ЦІПам пачалося з прагулачнага дворыку каля 18 гадзін вечара, а ў камеру патрапіла за 10 хвілін да адбою. Да гэтага мяне цалкам распранулі, прысяданне, прашчупалі вопратку. Супрацоўніца спытала “а вы за што” – аразу зразумела, што я “кантрольная бчб”. З парога камеры № 9 я зразумела, што мне пашанцавала – гэта так званая “працоўная камера”, адкуль людзі ездзяць працаваць на свалку, а значыць, ёсць шанец быць апранутай пацяплей у нейкай перспектыве і не чакаць начных пераклічак. Мяне добра сустрэлі, хаця на 4 месцы я была 15ая. Матрасаў не было ад учора там. Спаць мне прапанавалі на стале – я наліла ў 1,5 літровую бутэльку яшчэ з РУУСа цёплай вады і у абдымку спрабавала спаць.

У камеры было шмат прусакоў, клапоў, і часта жанчыны прыносілі з волі вошы. Па загружанасці — першы тыдзень нас было да 19 чалавек на 4 месцы, потым перавялі частку на ІЧУ і ў Магілёў, але ў сярэднім у камеры заўжды было 7-8 чалавек. Часам вельмі напружных".

Наста Лойка — пра "суткі" на Акрэсціна: "Спаць мне прапанавалі на стале"

Правабаронца Наста Лойка апісала, як адбывала адмністрацыйны арышт на Акрэсціна. Дзяўчына прабыла там 30 сутак і толькі 6 кастрычніка выйшла на волю.

 "Раней валанцёры маглі перадаваць зубныя шчоткі і туалетную паперу, а цяпер нічога нельга. Робяць надгляды і, калі знаходзяць зубныя шчоткі, мыла, забіраюць, — расказвае мужчына. — Святло там не выключаюць, кожныя дзве гадзіны будзяць. Спіш на падлозе, як у тэтрысе: хтосьці пад ложкам, хтосьці каля рукамыйніка. Ногі не можаш выцягнуць, таму што там ужо іншы чалавек. Мы неяк разлегліся, усе 18 чалавек, а тут адчыняюцца дзверы, і яшчэ двое заходзяць. І яны нават не могуць спакойна на падлогу ступіць, таму што ўсё ў людзях. Многія былі пабітыя, з пераламанымі рэбрамі, з перакошанымі тварамі. Некаторыя нават дыхаць нармальна не маглі, таму што ўсё балела. Аднаго затрымлівалі, паклалі тварам у асфальт і так працягнулі па зямлі. Яшчэ аднаго проста ў тапках забралі. Ён у трусах, толькі паспеў схапіць куртку жонкі — і вось так спаў на падлозе 15 сутак. 

…Мяне перавялі ў аднамесны бетонны карцар, паўтара на тры метры. Унутры знаходзіліся сем чалавек. Усе кашляюць, чхаюць, у каго тэмпература, у каго галава баліць. Лекаў не даюць. Спалі на падлозе. А яшчэ сядзець днём нельга. Калі хтосьці прысядзе — адразу заўважаць, і ўсё, стаім да адбою".

«Сяргея за ногі павалаклі на кухню. Знялі патэльню і білі». У верасні ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні — вось гісторыя адной з сем'яў Читать полностью: https://news.zerkalo.io/life/29228.html?c

Муж і жонка расказалі блогу «Людзі» пра тое, як да іх уварваліся са зброяй, пагражалі забраць дзяцей і завялі крымінальную справу. Читать полностью: https://news.zerkalo.io/life/29228.html?c

Жнівень — мінімум 387 затрыманых

"На Акрэсціна ў нас было 18 чалавек у чатырохмясцовай камеры. І гэтая лічба даходзіла да 20. Мы там неяк укладваліся спаць, але няспыннае святло, няспынныя "шмоны"... У камеры было вельмі душна. Удзень наогул немагчыма было сядзець, а ўначы рабілася прасцей. У нас у камеры было акно, якое адчыняецца на адзін сантыметр. Каб адчыніць яго, мы разбіралі венік і саломінкай падсоўвалі. Саломінкі надоўга не хапала, таму венік у нас перыядычна заканчваўся.

Па майму жыццёваму досведу, фізічныя катаванні на мяне мала ўплывалі. Мне якраз было складана на Акрэсціна. Я адкрыты чалавек і сядзець практычна месяц у камеры шырынёй два метры, а ў даўжыню чатыры, з адзіным выглядам на вуліцу, калі саломінка адкрывае табе адзін сантыметр і ты можаш убачыць адну і тую ж будоўлю — гэта складана і гэта падламвае. Калі б я прасядзеў яшчэ месяцы два, то мне б было ўжо дрэнна".

"Уся падлога была залітая маёй крывёй", — былы арыштант пра катаванні ў ГУБАЗіКу

Мінчук распавёў "Вясне" пра двухгадзінныя катаванні і збіванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, пра рэакцыю медсястры ЦІПа на пералом рукі і ўмовы ўтрымання на Акрэсціна сёлета ў ліпені.

Ліпень — мінімум 156 затрыманых

"Я як прыйшоў у камеру, пачаў адмывацца. Мне пачалі дапамагаць. А ў мяне правая рука была апухлая. І так выйшла, што адзін з сукамернікаў быў пластычным хірургам нібыта. Я яму даў руку паглядзець, ён бярэ маю руку ў мезенцы і пачынае рухаць уверх і ўніз. І ў мяне дзве розныя косткі з мезенца атрымаліся, яны ходзяць сюды-туды. У мяне быў пералом. На наступны дзень падышоў да медсястры, соваю ёй у "кармушку" руку і кажу, што ў мяне, напэўна, пералом. Яна глядзіць, кажа: "Так, напэўна пералом", — і сыходзіць. Мы называлі яе "Доктар Смерць". На наступны дзень я ёй ізноў кажу: "Мы будзем што-небудзь рабіць з пераломам?". Яна глядзіць на мяне як на дэбіла і кажа: "Мне по*уй на цябе. Я не буду нічога рабіць. Максімум, я магу даць абязбольвальныя". Зараз у мяне зраслося не ідэальна, але нармальна. Таму з медыцынскім абслугоўваннем там дзіч".

"Уся падлога была залітая маёй крывёй", — былы арыштант пра катаванні ў ГУБАЗіКу

Мінчук распавёў "Вясне" пра двухгадзінныя катаванні і збіванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, пра рэакцыю медсястры ЦІПа на пералом рукі і ўмовы ўтрымання на Акрэсціна сёлета ў ліпені.

Чэрвень — мінімум 200 затрыманых

"Умовы змяняюцца кожны месяц. У параўнанні з тым, што было год таму, умовы дзесьці лепш, дзесьці горш. Канешне, класічна перапоўненыя камеры, без бялізны і матрацаў, без прагулак, душа, перадач і сродкаў гігіены. У нас было ад 7 да 14 чалавек у знакамітай "пятнашке" [двухмесная камера № 15 ЦІПа на Акрэсціна]. У хлопцаў, чула, што ў адной было 12 чалавек, у другой — 19. Дадаткова яшчэ былі бяздомныя з рознымі насякомымі. У камерах былі вошы, прусакі, макрыцы, клапы.

Людзі масава хварэюць на прастуду і ангіну. Забіраюць верхнюю вопратку на ўваходзе. Не выключалі святло, будзілі а 2 і 4 гадзінах ночы, якасную медыцынскую дапамогу атрымаць нерэальна. Напрыклад, быў выпадак, калі да нас прывялі Аллу Ільінішну (яе да нас прыводзілі тройчы за мае 30 дзён) і ёй стала дрэнна. Мы пачалі грукаць у дзверы і прасіць дапамогі, пакуль Ільінішна не страціла прытомнасць — лекара не прывялі. Днём ніякіх лекаў не даюць, бо "утром всё дали", а тое, што магло стаць дрэнна днём, ніяк не ўспрымаецца.

У ІЧУ, дзе сядзяць тыя, хто па крымінальных справах, страшэнны холад. Нават у такое гарачае надвор'е там вельмі холадна. Яшчэ там няма спакою ад клапоў. Дзяўчаты, да якіх я трапляла, пыталі, ці перадавалі праз тых, хто прыходзіў, што застужваюць сабе ўсё, бо там двухмесная камера і таксама перапоўненая. Але настрой там больш дыпрэсіўны, таму што, на жаль, большая колькасць з гэтых людзей паедзе ў СІЗА. У ЦІП не збівалі, прынамсі дзяўчат. Усіх, з кім я мела зносіны, у тым ліку мяне саму, білі толькі або ў РУУС, або ў ГУБАЗіКу".

«Калі не падабаўся адказ, то біў палкай па ягадзіцах». Мінчанка распавяла пра пяць арыштаў, катаванні ў ГУБАЗіКу і вымушаны ад’езд з краіны

Былая арыштантка распавяла "Вясне" пра збіццё і катаванні ў ГУБАЗіКу, пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна, пра матывацыю змагацца далей і пра падтрымку сукамерніц.

Травень — мінімум 263 затрыманых

"Першая камера была ў ІЧУ — № 1. Там драўляныя паліцы, брудная падлога, лаўка і стол, тумбачка, увесь час капае кран. У двухмясцовай камеры нас было чатыры чалавекі. Мы ўсе былі пасля ночы ў РУУС, чакалі суду, вельмі хацелася спаць, але спаць нам ніхто не даваў — білі ў дзверы і загадвалі не ляжаць і не спаць.

Добра, што была вада — можна было піць, і была гарачая вада і бутэлька — можна было мыцца. Што да сродкаў гігіены, то як каму пашанцуе тут. У кагосьці атрымлівалася праносіць сродкі гігіены, а ў кагосьці — не. Мне не далі ўзяць з дома зубную шчотку, пасту, шампунь і да т. п., таму што чалавек, які заставаўся са мной падчас ператрусу, вельмі кантраляваў, як я збіралася. Адзінае, што дазволіў узяць з сабой, — два пачкі гігіенічных пракладак. Я горда з гэтымі двума пачкамі выходзіла на ўсе абыходы і праверкі, таму што ўсё каштоўнае, што не павінны забраць падчас "шмону", ты павінна забраць з сабой. Гэта, канечне, зневажальна ўсё. Я месяц чысціла зубы ватай і тоўчаным вуглём, які мы ўзялі ў лекараў. Але потым нам перасталі даваць вату, якую давалі замест пракладак. Але затое пачалі даваць пракладкі, як і належыць. Праўда, выдавалі адну пракладку на суткі — ну гэта такое.

У "палітычных" камерах у ЦІП і ІЧУ па-ранейшаму не даюць спаць: святло ніколі не выключаюць і будзяць а 2-й і 4-й ночы. Гэта катаванне сном. Самае жорсткае — гэта тое, што ў камеры вельмі шмат людзей. Але яны гэта робяць свядома — адмыслова напіхваюць людзей. У ІЧУ было больш брудна, бо там увесь час цякучка, таму там камеру асабліва ніхто не даглядае.

Дзяўчынкі ў ІЧУ чамусьці асабліва любілі спаць на шконках, хоць там жывуць кляшчы, таму яны былі пакусаныя. Я не захацела спаць з насякомымі, таму я сабе вымыла падлогу — невялікую дзялянку — і спала там. Потым да мяне далучыліся яшчэ дзве такія ж "карусельшчыцы" (каго пераарыштоўвалі на другі тэрмін).

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Мяне адразу змясцілі ў знакамітую "палітычную" камеру № 15. Гэта двухмесная камера з двухпавярховым ложкам з кратамі з металічных пласцін без матрацаў. Там бывала да 18 чалавек нас — з іх пяць бамжых — жанчын з жудасным пахам. У гэтай маленькай прасторы не было чым дыхаць. Як высветлілася потым, у адной з бамжых яшчэ былі вошы, таму з гэтай камеры я ўжо выйшла з вошамі.

У камеры № 15 мы спалі тэтрысам. У момант, калі нас было 17, мы неяк знайшлі спосаб размясціцца на прыкладна 9 кв. м., але калі завялі 18-ю дзяўчынку, мы зразумелі, што яе фізічна няма куды пакласці — проста няма куды яблыку ўпасці. Спалі на падлозе, на стале, на лаўцы і пад ёй. Такі тэтрыс людзьмі. Я залезла на стол і паглядзела зверху — і так вызвалілі лапік зямлі каля тумбачкі. У выніку 18-ы чалавек у нас спаў седзячы".

"Гэта былі кароткія ўдары токам", — мінчанка распавяла пра допыт у ГУБАЗіКу электрашокерам, вярбоўку і амаль месяц на Акрэсціна

Былая арыштантка распавяла "Вясне" пра электраметкі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, пра ўмовы ў чатырох камерах на Акрэсціна, сукамерніц-сваячак нядаўна загінулага ва Украіне Васіля Парфянкова, "падсадную качку" ў камеры і вярбоўку сілавікамі.

"Сікалі седзячы — новаўвядзенне, гэта дапамагала таму, каб было чысцей і менш смярдзела з туалета. У нас быў адзін, які выпадкова заехаў да "палітычных", ён быў у шоку. Хтосьці, пераязджаючы літаральна з суседняй камеры, дзівіўся таму, што ёсць гарачая вада. Там была толькі халодная.

На ранішнія праверкі ходзяць з вядром хлоркі. Калі штосьці не спадабаецца, гэтае вядро могуць выліць на падлогу камеры".

"Людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць". Былы арыштант Акрэсціна распавёў пра ўмовы ў траўні і сукамернікаў

Былы арыштант распавядае пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў траўні-чэрвені і пра сваіх сукамернікаў — сірату Андрэя Раптуновіча і адваката Віталя Брагінца.

 Красавік — мінімум 317 затрыманых

"Былі людзі з цалкам сінімі нагамі. Гэта самае распаўсюджанае. Але мяне білі па галаве, таму былі сінякі і пад вачыма. У мяне вельмі дрэнны зрок, але пры паступленні ў ЦІП адзін з супрацоўнікаў адмовіўся мне выдаць акуляры, сказаўшы, што за 15 сутак пачну бачыць.

У карцары быў хлопец гадоў васямнаццаці, якога катавалі электрашокерам, — у яго былі шматлікія апёкі. Прычым яго затрымалі за тое, што ён крыптавалютай аплачваў нейкую інтэрнэт-гульню, але яго абвінавачвалі ў тым, што ён фінансаваў пратэсты. На момант гэтых аплат яму было 16 гадоў.

Я з медсястрой ужо сутыкаўся ўлетку 2021 года, калі мяне затрымалі без тлумачэння прычынаў на працы і адправілі на суткі нібы за непадпарадкаванне супрацоўніку. Магчыма, гэта тая, якая пыталася у сілавікоў: "Хлопчыкі, чаму так мала пабітых галоў?" пасля 9 жніўня 2020 года. Яна адмаўлялася аказваць медыцынскую дапамогу затрыманым паводле палітычных матываў. Калі да яе звярталіся, то яна запытвала артыкул, і калі артыкул палітычны, то яна проста разварочвалася і сыходзіла. На праверках, на якіх яна прысутнічала, заўсёды падколвала нас. Калі прасілі лекара, то казала, што мы абыйдземся".

"Я дагэтуль не зразумеў, як майткі даказваюць блакаванне дарог", — былы палітвязень распавёў сваю гісторыю

Былы палітзняволены Аляксандр Андрушкевіч, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля вызвалення з СІЗА, распавёў "Вясне" пра збіванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа і крадзеж імі грошай, перапоўненыя камеры на "Валадарцы" і бела-чырвоныя майткі як доказ па крымінальнай справе, а таксама як супраць палітзняволеных фабрыкуюць справы за парнаграфію.

Сакавік — мінімум 445 затрыманых

"Хлёрку не залівалі, але газ з балончыка па вентыляцыі дайшоў і да нас. Кашлялі мы знатна, як і ўвесь паверх.

Супрацоўнікі галасілі ўначы вельмі гучна і адмыслова. Пілі, чокаліся, спявалі, глядзелі відэа. Песню "Засыпай, на руках моих засыпай" мы чулі ўсю ноч проста пад дзвярыма. А яшчэ яны вельмі любілі адчыняць дзверы і глядзець на нас. І пасля адбою маглі зайсці.

…Тэмпература паветра была ў раёне 30 градусаў, па сценах цёк кандэнсат. Вокны і кармушка былі зачыненыя. Цэлы дзень нам давалі ўсяго дзве порцыі ежы на 16 чалавек.

…Далей мяне перавялі ў васьмімясцовую камеру. Там было каля 40 чалавек. Спалі на падлозе, на лаўках, стале, на шконках і пад імі. Падсцілалі пад сябе адзенне. Звярталіся адзін да аднаго па імёнах, прозвішчы нерэальна запомніць. Ва ўсе камеры падсялялі бамжоў. У адзін з дзён нас вывелі на ранішні дагляд і ў камеру залілі вядро хлёркі.

…Са слоў тых, хто не спаў, супрацоўнікі выпадкова абралі некалькі камер, пасля чаго адчынілі дзверы і загадалі ўсім легчы на падлогу тварам долу. Пасля гэтага двое супрацоўнікаў хадзілі па людзях, тапталі нагамі па спіне. Аднаго хлопца рукамі білі па нырках. Трэці супрацоўнік стаяў ля ўваходу і здымаў тое, што адбываецца, на смартфон. Пасля гэтага яны пайшлі ў суседнюю камеру. Людзей там білі даўжэй, але, здаецца, ніхто сур'ёзна не пацярпеў.

Моцна збівалі некалькіх зняволеных з іншых камер. Наколькі я зразумеў, гэта былі тыя, хто скардзіўся на ўмовы ўтрымання".

Вядро хлёркі на падлогу і пярцовы газ па вентыляцыйнай трубе: у якіх умовах адбываюць арышты "палітычныя"

Хлопец і дзяўчына, якіх затрымалі пасля галасавання на рэферэндуме, распавялі "Вясне" пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і ў Жодзіне і пра метады здзекаванняў супрацоўнікаў ізалятараў з "палітычных".

"З Яўгенам Урублеўскім канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі "За что боролись на то и напоролись" і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку, адну жанчыну адцягнуць я яшчэ паспела, бо зразумела хто ён. А другую Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну".

«Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну». Мінчанка распавяла пра трое сутак на Акрэсціна пасля антываеннай акцыі

Мінчанка распавяла «Вясне» пра збіццё сукамерніцы супрацоўнікам Акрэсціна, пра тое, што ў пяцімясцовай камеры ўтрымлівалі 35 мужчын, а затрыманых 27 лютага жанчын першы раз пакармілі толькі 1 сакавіка.

 Люты — мінімум 1204 затрыманых

Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

"Камеры заўсёды былі перапоўненымі. Максімальна было 40 чалавек у чатырохмясцовай камеры (так мы правялі тры дні). Мінімальна было 27 чалавек у шасцімясцовай. Усяго я змяніў прыкладна сем камер. Колькасць сутак вар'іравалася ад 12 да 15. Умовы таксама былі паганымі. Сярод нас быў хворы на кавід хлопец, які ўсіх заразіў (ён папярэдзіў пра тое, што хворы, калі яго затрымлівалі). Перыядычна ў нас узнікала нястраўнасць. Страшная спякота, на сценах і столі збіраўся зелянявы кандэнсат і сцякаў уніз. Мы, вядома, праводзілі прыборку, але ўсяму даць рады было цяжка. Камеру засялялі клапы і прусакі. Клапы кусалі нас, а прусакі елі наш хлеб, які нам часам давалі нават супраць волі (аднаго разу мы паспрабавалі яго выкінуць, і ахоўнік пачаў крычаць, што з хлебам трэба абыходзіцца паважліва, маўляў, пра гэта нават у Бібліі сказана). Курткі і абутак забралі.

Кармілі нас шмат, але ежу гэту было есці цяжка. Гэта была, галоўным чынам, сечка. Я схуднеў за 15 дзён на восем кілаграмаў. Штодня нас па два разы за ноч будзілі. Збітыя людзі былі, адзін з іх не мог хадзіць, але гэты гвалт адбываўся не на ЦІП, а падчас затрымання і пасля яго".

"Адзін з супрацоўнікаў з трыбуны сказаў, што ён таксама супраць вайны". Маналог мінчука пра затрыманне на антываенным мітынгу

"Вясна" публікуе маналог былога арыштанта пра матывы ягонага ўдзелу ў антываеннай акцыі пратэсту, пра эмоцыі ў момант, калі сілавік накіраваў на яго пісталет, пра забаўныя выпадкі на Акрэсціна і сэкс-работніцу на Дне міліцыі ў ізалятары.

«У мяне па прыездзе забралі куртку, нягледзячы на тое, што быў студзень, і я застаўся ў адной майцы. У карцары было халодна. Усе спалі на бетоннай падлозе, таму што ложак не адшпільвалі. Мне пакінулі швэдар — застаўся ў "спадчыну" ад тых, каго перавялі з ІЧУ на "Валадарку".

Медсястра прывяла да нас на «суткі» ў карцар бамжа. У яго былі сухоты, на ім і на ягоным адзенні былі вошы, якія скакалі, на нагах былі гнайнікі.

Гэты мужчына нам расказаў, што ў яго "такая праца": "Я нікога не чапаў, я проста піў, але прыйшлі дадому і забралі мяне". Яму сказалі: "Трэба суткі адпрацаваць на Акрэсціна". Медсястра, якая завяла яго да нас у карцар, ставілася да яго лаяльна, а чалавеку, які застудзіўся і не мог у туалет схадзіць, таму прасіў у яе таблеткі, казала: "Не здохнеш"

«Усе 24 чалавекі ў камеры былі адзіныя ў тым, што перамога будзе за намі», — экс-зняволены «Валадаркі»

Былы арыштант распавёў «Вясне» пра сваё затрыманне і палітычны пераслед, пра збітага сукамерніка — экс-следчага Старажэнку, пра тое, як вязні «Валадаркі» даведаліся пра вайну і як успрынялі гэту навіну. 

"На Акрэсціна нас адразу адвялі ў халоднае памяшканне з кратамі замест столі, на падлозе быў лёд. Недзе праз 30-40 хвілін павялі далей. Мяне завялі, як я разумею, ў "стакан". Праз хвіліну дадалі яшчэ чалавека, яшчэ праз хвіліну выпусцілі. Думаю, яны вырашылі паказаць, што ў іх ёсць і дзе можна апынуцца, калі не будзем паслухмянымі.Выдалі па медычнай масцы тым, у каго не было і адвялі ў камеру, на ўваходзе ў якую трэба было пакінуць абутак. У камеры, разлічанай на шэсць чалавек, калі не памыляюся, нас было 14 чалавек. У камеры смярдзела, не было паперы і мыла. Пераклічка праходзіла ў камеры. Раніцай наступнага дня далі кашу і хлеб (як аказалася, больш у гэты дзень паесці не давялося).

Наступным днём пасля прысуду содней адправілі ў адмысловую камеру, дзе мянялася ўвесь час колькасць людзей. Пры мне ў нейкі момант было каля 50. Людзі казалі, што бывала і 80. Вечарам людзей больш-менш размясцілі па камерах".

"Паставілі да сцяны і лёгка збілі, наносячы ўдары ў корпус і далонямі па твары". Як адбываюць "суткі" затрыманыя на антываенных акцыях

Хлопец, які адбываў арышт на Акрэсціна і ў Жодзіне, распавёў «Вясне» пра катаванні і ўмовы ўтрымання ў ІЧУ, а таксама пра тое, што яго падтрымлівала ўвесь тэрмін.

Студзень — мінімум 128 затрыманых

"Дзірка ў падлозе, бетонная халодная падлога, пад'ём два разы за ноч, каб мы не маглі адпачыць, увесь час уключанае яркае святло, 6-7 чалавек у камеры, стандартны бомж. Але нам пашанцавала! Нам закінулі мужчыну ў камеру, думаючы, што ён бомж, але ён прыстойны бяздомны — ён ні на што не хварэў, чысты. Але з карцара ўсё адно ўсе прыязджалі з вошамі, давялося потым усе рэчы пераправяраць.

Спалі мы, як і ўсе, на бетоннай падлозе. Але было вельмі халодна, таму што была зіма. Было дрэнна. Праз пыл ва ўсіх пачыналіся праблемы з дыханнем, з горлам і лёгкімі. Нават для мяне, цёртага калача, там было цяжкавата.

Часам нас не кармілі. Было такое, што ежу нам давалі толькі адзін раз на дзень. Мы хавалі хлеб, каб потым пагрызці сухары ў такіх выпадках. Дакументы па справе нам не давалі ў карцар, выкідвалі каля ўваходу, таму мы намагаліся схаваць, каб на ёй потым спаць і не застудзіць сабе ўсё канчаткова.

Нам давалі нейкае мыла — яно нават не гаспадарчае, не ведаю, з чаго яны яго робяць. Ім не тое што валасы нельга было вымыць, ім нават рукі нельга вымыць было.

У ІЧУ да нас было свінскае стаўленне. Я так разумею, нічога не змянілася з 2020 года. Супрацоўнікі там з нізкім узроўнем інтэлекту. Зранку і ўвечары жорстка праводзілі шмоны. Галаву трэба было апусціць да падлогі — чым ніжэй, тым лепш. Пры гэтым маглі стукнуць дубінкай, нагой, з кулака. Камусьці нават прыляцела рубам металашукальніка — вось гэта было балюча".

"Думаў, што здохну там, калі шчыра", — экс-палітвязень распавёў пра збіванні і чатыры месяцы на "Валадарцы"

Былы палітвязень распавёў "Вясне" падрабязнасці свайго пераследу.

*Інфармацыя пра колькасць затрыманых сфарміраваная з паведамленняў на гарачую лінію арганізацыі, з адкрытых крыніц і тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым, назіранняў за судамі і не з'яўляецца канчатковай. 

Калі вы адбывалі адміністрацыйны арышт і сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ і ЦІП, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @zvarot96, Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Гэта патрэбна, каб зафіксаваць парушэнні вашых правоў і дапамагчы скласці скаргу. Мы будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу!

Крыніца: "Газ з балончыка па вентыляцыі дайшоў і да нас": памесячная хроніка затрыманняў і ўмоваў утрымання на Акрэсціна