30.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Мінскім гарадскім судзе 30 снежня вынесены прысуд  па крымінальнай справе грамадзяніна Латвіі Дмітрыйса Міхайлоўса, абвінавачанага па шэрагу пратэсных артыкулаў.

Судовы працэс вяла суддзя Святлана Чарапанава.

44-гадовага грамадзяніна Латвіі, які быў часова зарэгістраваны ў Мінскай вобласці, абвінавацілі ў закліках у сацыяльных сетках да мераў абмежавальнага характару, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч.2 арт. 130), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369) і абразе прэзідэнта (ч. 1 і ч.2 арт. 368). 

Дзмітрыйса Міхайлоўса затрымалі 1 сакавіка 2022 года і да суда змясцілі ў СІЗА №1 у Мінску.

Вядома таксама, што ў кастрычніку Дзмітрый Міхайлоўс быў уключаны ў “Спіс асоб, дачычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Суд пачаўся 14 снежня, але на працэс нікога не пусцілі, нават латвійскага консула. 21 снежня прадстаўнікі консульства на суд трапілі, аднак асабліва ні на што паўплываць не змаглі.

Згодна з Венскай канвенцыяй, яны маюць права звязвацца з грамадзянамі сваёй краіны і атрымліваць да іх доступ, але не маюць права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншай краіны.

Вядома таксама, што Дзмітрыйса Міхайлоўса на месяц змяшчалі ў закрытую псіхіятрычную клініку для правядзення экспертызы.

Сёгння быў вынесены прысуд: пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: Грамадзяніна Латвіі асудзілі за каментары з асуджэннем рэжыму Лукашэнкі