30.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Савецкага раёна Мінска 28 снежня асудзілі палітзняволеную Вольгу Раманцову паводле арт. 391 (Абраза суддзя ці народнага засядацеля). Суддзя Сяргей Шаціла прызначыў жанчыне 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) і штраф 5000 рублёў.
Вольга Раманцова была жорстка затрымана 4 кастрычніка 2022 года ў сябе дома. Пасля яе змясцілі пад варту ў СІЗА.
Вольгу абвінавацілі ў тым, што яна ў чэрвені 2021 года “праз пачуццё непрыязнасці да прадстаўнікоў судовай улады”, пад адной з публікацый у Тэлеграме пакінула каментар, у якім на думку суда прынізіла годнасць і гонар суддзі раённага суда Мінска.
Вольга Раманцова прызнала віну.
Мабільны тэлефон палітзняволенай канфіскавалі ва ўласнасць дзяржавы.
Таксама з жанчыны спагналі кампенсацыю маральнай шкоды памерам 5000 рублёў. Сродкі мусяць пайсці на карысць ДУ “Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця”
Крыніца: Каментар пра суддзю ў Тэлеграме каштаваў жанчыне двух гадоў "хатняй хіміі"