26.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, правы працоўных У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 361).
Судовы працэс вяла суддзя Валянціна Зянкевіч.
Усе абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай з 19 красавіка 2022 года.
Палітзняволены Аляксандр Ярашук — старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. БКДП аб'ядноўвае некалькі незалежных прафесійных саюзаў. У яго ўваходзяць Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП).
19 красавіка 2022 года у Аляксандра прайшлі ператрусы на месцы працы і на месцы жыхарства, канфіскаваная тэхніка. Ярашука затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Яму выставілі абвінавачванне — паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). А ў канцы лістапада 2022 г. стала вядома, што палітвязню выставілі новае абвінавачванне — заклікі да санкцый (арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Па той частцы, якую інкрымінуюць Ярашуку, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.
Палітзняволены Сяргей Антусевіч — намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Доўгі час — амаль 10 гадоў — кіраваў незалежным прафсаюзам "Гродна Азот".
Затрыманы 19 красавіка 2022 г. і змешчаны ў СІЗА КДБ. У той жа дзень у офісе БКДП і ў кватэры Сяргея Антусевіча адбыліся ператрусы. Сяргею прад'яўлена абвінавачванне, ён застаецца ў СІЗА. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Палітзняволеная Ірына Бут-Гусаім — бухгалтарка офіса Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Затрымана 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы і змешчана ў СІЗА. Паводле папярэдняй інфармацыі, ёй інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Судовы працэс пачаўся яшчэ снежня, а сёння быў вынесены прысуд: Аляксандр Ярашук атрымаў чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч — два гады, а Ірына Бут-Гусаім — год і шэсць месяцаў. Столькі ж у суда запрашваў бок абвінавачання.
Раней рашэннем Вярхоўнага суда дзейнасць БКДП была спыненая нібыта ў сувязі з фактамі парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыі Беларусі.
27 снежня чакаецца вынясенне прысуду актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў – палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку.
Крыніца: Вынесны прысуд кіраўнікам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў