26.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня абвесцілі прысуд 33-гадоваму былому следчаму і ініцыятару праекта ByChange Яўгену Юшкевічу — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Больш за месяц у закрытым рэжыме яго судзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "арганізацыю масавых беспарадкаў" у 2020 годзе, "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" ў інтэрв'ю і тэкстах у сацсетках, "пагроза гвалтам" начальніку ІЧУ на Акрэсціна праз твіт. Справу супраць палітвязня разглядала суддзя Алена Ананіч. Яўген за кратамі знаходзіцца год і восем месяцаў.
Яўген Юшкевіч — былы следчы Следчага камітэту. У 2017 годзе ён звольніўся з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў Упраўлення Следчага камітэта па Мінску, а ў 2020-м стаў распрацоўшчыкам і ініцыятарам праекта bychange.me, які дапамагаў у навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржслужачых і людзей, якія сышлі з працы па меркаваннях сумлення ці якіх звольнілі.
Першы раз Яўген быў затрыманы ўвечары 24 лістапада 2020 года ў Мінску. Тады Яўгену інкрымінавалі ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Але праз 10 сутак яго вызвалілі са следчага ізалятара № 1.
Другі раз Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Дома ў яго правялі ператрус, а яго самога змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя ўсталёўвалі праслушку — адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у фэйсбуку.
У Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць. Сам палітвязень расцэньваў у лістах на волю свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з усталёўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт.
4 траўня Юшкевіч быў пазбаўлены звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.
Падтрымайце Яўгена пасылкамі, грашовымі пераводамі і паштоўкамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Яўген Міхайлавіч Юшкевіч
Крыніца: Экс-следчага Яўгена Юшкевіча асудзілі да 11 гадоў калоніі