24.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме 23 снежня асудзілі палітзняволеную Таццяну Карповіч паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Судззя Павел Клімаў прызначыў жанчыне 5 гадоў пазбаўленняволі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма і штраф 250 базавых велічыняў.

Таццяна Карповіч – жыхарка Віцебска, паводле адукацыі праграмістка. Яна была затрыманая 17 лістапада 2021 года.

Першапачаткова Таццяну абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных) Крымінальнага кодэкса за перадачу дадзеных сілавікоў, настаўнікаў, суддзяў у тэлеграм-канал "Чорная кніга Беларусі". Таццяну змясцілі ў СІЗА-1. Напрыканцы кастрычніка 2022 г. яе перавялі ў віцебскі СІЗА-2, а пасля — у магілёўскую Турму № 4.

Але пазней  другі атрыкул з абвінавачання прыбралі.

12 снежня 2022 распачаўся ў закрытым рэжыме судовы працэс над Таццянай. Дзяржабвінавачанне прадстаўляла пракурор Таццяна Касцюшка. Яна запрасіла для палітзняволенай 6 гадоў пазбаўлення волі. Але суддзя ў выніку прызначыла жанчыне 5 гадоў калоніі.

Падтрымайце палітзняволеную: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А (Таццяна Мікалаеўна Карповіч)

Крыніца: 25-гадовую палітзняволеную асудзілі на пяць гадоў калоніі за перадачу дадзеных у "Чорную кнігу Беларусі"