21.12.2022 Тэгі: грамадства, пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

21 снежня

Крымінальную справу супраць Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка перадалі Генпракурору для накіравання ў суд

Паводле Следчага камітэту, папярэдняе расследаваньне справы скончанае. Сцяпану інкрымінавана 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, Яну — 10 артыкулаў.

Сілавікі затрымалі беларуса за перадачу звестак у «Чорную кнігу Беларусі» — на яго нібыта заведзена «58 крымінальных спраў» 

Праўладны тэлеграм-канал паведамляе пра затрыманне мужчыны за перадачу інфармацыі пра аднакласніка-сілавіка ў «ЧКБ» і пагрозы сілавікам у «дэструктыўных тэлеграм-каналах».

Як пішуць сілавікі, «вынік дзейнасці затрыманага — 43 тысячы экстрэмісцкіх каментароў і 58 крымінальных спраў».

20 снежня

Вадзіма Пракоп'ева хочуць судзіць завочна за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча

Пра гэта паведамляе "Еўрарадыё" са спасылкай на Гайдукевіча. Экс-рэстаратара ён назваў адным з замоўнікаў замаху:

— 15 чалавек прыцягнута да адказнасці ў Мінску! Трое ідуць паводле асаблівага судаводства, бо хаваюцца пакуль за мяжой!

У чэрвені 2021 года Гайдукевіч заявіў быццам яго дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпеў тады толькі кот дэпутата.

АМАП палюе на мяжы — паведамляюць пра дзясятак затрыманых гэтай ноччу пры вяртанні з Польшчы

Апошнімі днямі адбываюцца масавыя затрыманні беларусаў на мяжы з Польшчай. Кагосьці забіраюць за ўдзел у акцыях, іншых — за сустрэчы ў Польшчы «з кім не трэба», а кагосьці за каментары ў сацсетках і месэнджарах.

Па словах пасажыраў, якія ехалі ўначы 19 снежня, небяспека падсцерагае пасля паверкі пашпартоў. Калі едзе такі пасажыр, то аўтобус затрымліваюць, тэлефануюць «куды трэба» і чакаюць АМАП. Уначы 19-га з аўтобуса знялі чалавек з дзесяць, тое самае адбывалася і ў маршрутках.

Супраць блогера Андрэя Павука распачалі крымінальную справу за званкі пракурорам і вынясенне ім жартаўлівых прысудаў

Андрэй Павук. Фота з сайта baj.by

Паведамляецца, што 18 снежня ён размясціў у «адным з дэструктыўных Telegram-каналаў публікацыю са спасылкай на відэаролік, у якім, называючы сябе суддзёй, тэлефанаваў пракурорскім работнікам і іх блізкім сваякам».

У размовах з імі Павук нібыта «паведамляў загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваў паклёпніцкія звесткі ў адносінах да Лукашэнкі».

Супраць блогера распачата крымінальная справа за аказанне іншага садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК).

Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Сёння адбылося чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

  • Старонка ва «Укантакце» «Усатое Королевство»;
  • Youtube-канал «Осторожно VIRUS»;
  • Старонка ў «Аднакласніках», «Укантакце» і «Instagram» «Радио Нелли-Инфо Мозырь».

14 снежня«экстрэмісцкімі матэрыяламі» таксама прызнаная Instagram-старонка беларускай дыяспары ў Аўстрыі. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Брэста. Нагадаем, 30 лістапада «экстрэмісцкімі матэрыяламі» быў прызнаны Telegram-чат «Беларусы Вроцлава». Ён стаў першым чатам беларускай дыяспары, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

Крыніца: Затрыманні на мяжы, крымінальная справа супраць Андрэя Павука: хроніка пераследу 20-21 снежня Дапоўнена