23.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, вайна ва Украіне У Мінскім абласным судзе 23 снежня асудзілі палітзняволенага Ягора Лебядка паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Алена Міснік прызначыла Ягору Лебядку 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ягор Лебядок

Ягор Лебядок — вайсковы аналітык, быў затрыманы 13 ліпеня 2022 года. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне).

Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту на волю ён не выйшаў, у праўладных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што Ягор затрыманы па крымінальнай справе аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары для "Еўрарадыё" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок у красавіку і траўні 2022 года "ў мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".

У кастрычніку праўладныя каналы паведамілі, што супраць Ягора распачалі яшчэ адну крымінальную справу па прыкмеце паўторнасці, і адзначалі, што "кожнае інтэрв'ю экстрэмістам утварае асобны склад злачынства". Вядзецца пра ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб).

Разгляд судовай справы распачаўся 14 снежня 2022 года, 16 снежня працягнуўся. А 23 снежня Ягора асудзілі за дачу інтэрв'ю на 5 гадоў калоніі. 

Камп'ютар вязня "як сродак здзяйснення злачынства" вынялі з даход дзяржавы. 

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Ягор Віктаравіч Лебядок)

Крыніца: Ваеннага аналітыка за дачу інтэрв'ю незалежнаму СМІ асудзілі на 5 гадоў калоніі