23.12.2022 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-23 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Следчы камітэт распачаў "спецвытворчасць" у дачыненні да экс-дыпламата Уладзіміра Астапенкі

Яму інкрымінаваная ч.3 арт. 210 (завалоданне маёмасцю ў буйным памеры, учыненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Следчы камітэт просіць Астапенку прыехаць у Беларусь і даць паказанні ў Следчым камітэце.

У Беларусі затрымалі расейца. Яго вінавацяць у супрацы з Украінай

Актывіста Данііла Крынары затрымалі ў Горадні і даставілі ў Маскву.

Мужчыну ставяць у віну артыкул аб супрацы з замежнай дзяржавай і звязваюць яго з Украінай. Раней яго разам з іншымі актывістамі і журналістамі затрымлівалі ў Расеі па справе аб «тэлефонным тэрарызме».

Палітвязню Віктару Шауру, якому раней замянілі «хімію» на калонію, збіраюцца ўзмацніць пакаранне

Віктара Шауру і Віталя Шыцікава абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за падзеі 10 жніўня ў Наваполацку. 21 студзеня 2021 года хлопцаў асудзілі да 2 гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Віктар Шаура. Фота з сацыяльных сетак

У чэрвені 2021 года Віктара і Віталя выпусцілі з «хіміі» пад падпіску аб нявыездзе да паўторнага апеляцыйнага суда. Але 22 ліпеня падчас суда па пратэсце пракурора абодвум хлопцам «хімію» замянілі на калонію — на 2 і 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна.

Віктар адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 22. Стала вядома, што заўтра адбудзецца суд аб пераводзе яго ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоў рэжыму. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Кірыловіч.

Берасцейца Івана Соўпеля перад Днём народзінаў змяшчалі ў ШІЗА

Палітвязня Івана Соўпеля асудзілі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) за падзеі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце. Іван быў на волі пад падпіскай аб нявыездзе, але 22 сакавіка 2021 яго выклікалі да следчага і там затрымалі. Меру стрымання змянілі на ўтрыманне пад вартай.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста яму прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. З 19 студзеня ён адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі.

Стала вядома, што адміністрацыя калоніі ў канцы лістапада закінула палітвязня ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны невядомыя.

Падтрымайце Івана тэлеграмамі, паштоўкамі і лістамі салідарнасці па адрасе: ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Іван Андрэевіч Соўпель.

Дзейнасць "Кнігазбора" прыпыненая

Мінінфарм прыпыніў на месяц дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор», якое выдае беларускамоўныя кнігі

Фармальная прычына — «парушэнне тэрмінаў звароту ў Мінінфармацыі з паведамленнем аб змяненьні звестак, абавязковых для ўключэння ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў і вырабнікоў друкаваных выданняў».

Раней Мінінфарм ужо прыпыняў дзейнасць «Кнігазбору», а таксама беларускіх незалежных выдавецтваў «Галіяфы» і «Лімарыус».

Таксама Мінінфарм на 3 месяцы забараніў Wildberries.by прадаваць друкаваныя выданні.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Узмацненне пакаранняў для палітвязняў, затрыманне грамадзяніна Расіі: хроніка пераследу 22-23 снежня