22.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Партызанскага раёна Мінска 6 снежня па "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" сямейную пару Дар'ю і Міхаіла Суднікаў. Да суда яны ўтрымліваліся пад вартай. Іх абвінавацілі ў перакрыцці дарог на адным з Маршаў у 2020 годзе. Галоўны доказ па справе – фота з плакатам з кнігі "Я выхожу".
Паводле версіі абвінавачвання, Дар'я і Міхаіл Суднікавы, "дзейнічаючы сумесна групай асоб па папярэдняй змове з іншымі неўстаноўленымі асобамі, якія ўдзельнічалі ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў АУС, якія знаходзіліся пры выкананні службовых паўнамоцтваў, спыніць вышэйпаказаныя дзеянні, а таксама пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемствы".
"Публічна выкрыкваючы лозунгі, здзяйсняючы гучныя воплескі і размахвання рукамі, рухаліся ў складзе ўдзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, якія па праезнай частцы ішлі па праспектах Машэрава, Пераможцаў, Незалежнасці, чым сумесна з іншымі ўдзельнікамі блакавалі і перагароджвалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту. Іх дзеянні таксама пацягнулі доўгае парушэнне грамадскага спакою, абмежавалі правы добрапрыстойных грамадзян на спакойную працу, адпачынак і свабоднае перамяшчэнне, а таксама блакавалі рух грамадскага і іншага транспарту, перашкаджалі нармальнай працы КТУП, гэта значыць груба парушылі грамадскі парадак", – гаворыцца ў абвінавачванні.
На судзе Суднікі віну прызналі цалкам. Падчас працэса яны распавялі, што свядома прымалі ўдзел у шэсце, бо Дар'я была не згодна з вынікамі выбараў. У Маршы сямейная пара брала ўдзел дзесьці 2-3 гадзіны. Дар'я на акцыю хадзіла з плакатам, была апранутая ў блузку з арнаментам і вянок бел-чырвона-белага колеру.
Жанчына на працэсе заявіла, што пратэсны надпіс на плакаце абвяшчаў аб нязгодзе з падлікамі галасоў на выбарах, абраны выгляд адзення быў абумоўлены выразам яе грамадзянскай пазіцыі аб нязгодзе з вынікамі выбараў.
Сямейную пару вылічылі супрацоўнікі ГУБАЗіКа па фотаздымку з кнігі з плакатамі "Я выхожу". Яны падрыхтавалі адпаведны рапарт і ліст 22 жніўня 2022 года.
У пратаколе агляда фотаздымка ў кнізе гаворыцца:
"Дар'я і Міхаіл знаходзіліся на праезнай частцы дарогі па праспекце Незалежнасці ў Мінску сярод значнай колькасці іншых грамадзян, якія выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі і іншую пратэсную атрыбутыку; Суднік трымала ў руках таблічку з пратэсным надпісам, апранутая ў блузку з арнаментам бел-чырвона-белага колеру, на галаве – вянок аналагічнай расфарбоўкі. Суднік быў апрануты ў майку карычневага колеру".
У хуткім часе Суднікаў затрымалі. Падчас ператрусу вынялі майку Міхаіла як доказ яго ўдзелу ў акцыі пратэсту.
У выніку суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Дар'і і Міхаілу паводле ч. 1 арт. 342 КК па тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Іх вызвалілі ў зале суда.
Былыя арыштанты ІЧУ Акрэсціна распавядаюць праваабаронцам, што там утрымліваецца шмат затрыманых з фотаздымкаў кнігі "Я выхожу". Калі фотаздымак з Вамі патрапіу ў гэтую кнігу, то Вам трэба тэрмінова паклапаціцца пра сваю бяспеку.
Крыніца: Сямейную пару асудзілі за ўдзел у Маршы па фота з кнігі "Я выхожу"