21.12.2022 Тэгі: грамадства, палітвязьні, праваабаронцы, крымінальная справа Алеся Бяляцкага, міжнародная салідарнасьць праваабаронцаў, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі У Вільні адбылося публічнае адкрыццё вялікай фрэскі з партрэтам Алеся Бяляцкага — старшыні ПЦ "Вясна" і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022.
- Дызайнерка фрэскі Ліна Шліпавічутэ, праваабаронцы ПЦ "Вясна" Сяржук Сыс і Алена Маслюкова, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Мантас Адаменас
Стварэнне такой фрэскі падтрымалі літоўскія ўлады, бо гэты праект увасабляе ўсе каштоўнасці, за якія Літва змагаецца штодзень, адзначыў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Мантас Адаменас:
"Алесь Бяляцкі для нас з'яўляецца сімвалам і тварам супраціву і барацьбы за свабоду, за дэмакратыю, за еўрапейскую будучыню Беларусі. Ён з'яўляецца Нэльсанам Мандэлам нашых дзён. І Нобелеўскі камітэт гэта прызнаў сваёй узнагародай. У асобе Алеся мы распаўсюджваем вестку пра ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца ў турмах як палітвязні — на сёння гэта 1 435 чалавек. І мы дасылаем вестку ўсяму свету, што нельга забывацца на тых людзей, якія змагаюцца за тое, што для нас з'яўляецца штодзённымі рэаліямі — для іх жа гэта з'яўляецца мэтай, за якую яны вымушаны ісці ў турмы, сутыкацца з катаваннямі і нават паміраць".
Фрэску з партрэтам Алеся Бяляцкага размясцілі насупраць амбасады Беларусі ў Літве. Месца абранае невыпадкова. Пра гэта ў сваёй прамове згадаў паэт, журналіст і прадстаўнік ПЦ "Вясна" Сяржук Сыс:
"Я не магу без хвалявання тут сёння стаяць. Таму што я гляджу на вочы Алеся, у якіх — нямы дакор. Ён глядзіць на той бок вуліцы, дзе чорныя і шэрыя сцены нашай амбасады. Мы часта тут ладзім свае акцыі. Мы хочам дагрукацца да ўладаў Беларусі і сказаць: усё, што яны робяць сёння, — гэта няправільна. Але грамадзянская супольнасць Беларусі жывая, жыве і будзе жыць. Мы працягваем сваю дзейнасць у Літве. Дзякуй гэтаму народу, які дае магчымасць нам працягваць адстойваць тут правы чалавека ў Беларусі".
Фрэска з партрэтам Алеся Бяляцкага фактычна размяшчаецца на будынку віленскай школы Vilnius Simonas Daukantas Progymnasium. Яе адміністрацыя пагадзілася вылучыць адну са сцен для стварэння такога праекта.
А сам Алесь — родам са Светлагорска, як і ягоная каляжанка, праваабаронца ПЦ "Вясна" Алена Маслюкова. Пра гэта яна згадала ў сваім выступе:
"Калі мы пачулі пра тое, што Нобелеўская прэмія міру прысуджана нашаму кіраўніку і духоўнаму натхняльніку Алесю Бяляцкаму — першае, што я напісала ў Facebook: "Светлагорск, ты мусіш ганарыцца!" І вось гэты мурал правільна было б найперш пабачыць на школе, дзе вучыўся Алесь, і на сценах універсітэта, які ён скончыў. Можа быць, і на сценах горада Мінска".
"Мы хочам, каб Беларусь стала дэмакратычнай і свабоднай. Мы будзем працягваць справу Алеся.
І мы бясконца ўдзячныя Літве і кожнаму літоўскаму грамадзяніну — бо яны зрабілі тое, што не змаглі зрабіць беларусы. Вялізны дзякуй за тое, што ёсць гэты мурал, які будзе казаць кожнаму літоўцу і ўсім беларусам, якія знаходзяцца тут, і ўсім гасцям Вільні: гэты чалавек ахвяраваў сваёй свабодай дзеля свабоды цэлага народа. Свабоду "Вясне"! Ačiū, Lietuva! Жыве Беларусь!", — так завершыла сваю прамову Алена Маслюкова.
За рэалізацыю фрэскі на просьбу літоўскага МЗС узяліся мастакі з лабараторыі Kiaurai sieńs і каманды з Коўна Gyva Grafika. Дызайнеркай фрэскі, а таксама кіраўніцай усёй працы з'яўляецца Ліна Шліпавічутэ:
"Я ўдзячная за тое, што МЗС прапанаваў мне ўвасобіць гэту ідэю. Мне адразу спадабалася такая думка, бо мне хочацца гаварыць пра такія справы, якія важныя і мне самой. Я вельмі ўдзячная сваёй камандзе — бо для стварэння фрэскі спатрэбілася вялікая каманда. Мне нават шкада, што я сама не магла маляваць на сцяне — мне не дазволілі рукі, бо было захоладна [у Вільні падчас стварэння фрэскі тэмпература трымалася на ўзроўні -8 °C — Заўв.]. Але каманда змагла — і вынік, я мяркую, атрымаўся супер".
"У стварэнні дызайну фрэскі я прытрымлівалася дакументальнага жанру — каб людзі пазнавалі Алеся Бяляцкага. А яшчэ асаблівасць стрыт-арту палягае ў тым, што для яго стварэння патрабуецца шмат дакументальных узгадненняў і дазволаў. Але ўсе пайшлі нам насустрач", — падзялілася Ліна Шліпавічутэ.
Крыніца: "Сімвал барацьбы за свабоду". Партрэт Алеся Бяляцкага — цяпер насупраць амбасады Беларусі ў Літве