20.12.2022 Тэгі: крымінальны перасьлед, дыфамацыя Вадзім Дзенісенка. Фота: mnsvu.org У судзе Пінскага раёна і Пінска 5 снежня за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) быў асуджаны мясцовы 35-гадовы жыхар Дзяніс Стасевіч. Гэта другі прысуд, які вынеслі па гэтым артыкуле Дзянісу.

Справу разглядала суддзя Яўгенія Мельнік.

Першы прысуд Дзянісу Стасевічу, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса, быў вынесены 17 лістапада 2021 года ў гэтым жа судзе. Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч. За каментар у сацсетцы" Аднакласнікі", які ён пакінуў у 25 траўня 2020 года ў дачыненні да супрацоўніка ДАІ, які наступіў затрыманаму чалавеку каленам на галаву, суд прысудзіў яму два гады "хатняй хіміі" і 1000 руб кампенсацыі маральнай шкоды.

Па матэрыялах новага абвінавачання, маючы намер на абразу камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Вадзіма Дзенісенкі, з мэтай прыніжэння яго гонару і годнасці, 17 лютага 2021 года, у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” Стасевіч размясціў для публічнага агляду каментар з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага ўтрымання, які змяшчае негатыўную  і зневажальную па форме ацэнку асобы Дзенісенкі, які з'яўляецца прадстаўніком улады.

У судовым пасяджэнні Стасевіч сваю віну прызнаў цалкам.

З улікам неадбытага пакарання суд пастанавіў прызначыць Дзянісу пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Крыніца: Жыхара Пінска за абразу прадстаўніка ўлады асудзілі да "хатняй хіміі" ў другі раз