Найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў пасля першага дня датэрміновага галасавання 13 лютага было зафіксавана ў Мінску на ўчастку №27 Карбышаўскай выбарчай акругі №50. Там па звестках назіральнікаў кампаніі “Права выбару-2018” прагаласавала ўсяго 9 чалавек, аднак па пратаколу аб датэрміновым галасаванні, складзеным выбарчай камісіяй – 123. Звесткі адрозніваюцца амаль у 14 разоў. На ўчастку №28 гэтай жа акругі па звестках назіральнікаў прагаласавала 17 чалавек, а афіцыйнай інфармацыі – 58. Звесткі адрозніваюцца больш чым у 3 разы.
Па інфармацыі прэс-службы кампаніі “Права выбару-2018”, у Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 г. Мінска ў першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавалі 688 чалавек, аднак па афіцыйных звестках – 861.
Падобная сітуацыя зафіксаваная і ў некаторых рэгіёнах. Так, па Мастоўскай раённай выбарчай акрузе №7 па звестках назіральнікаў у першы дзень галасавання прагаласавала 23 чалавекі, а па афіцыйных звестках – 63.
13 лютага кампанія “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам галасавання на 154 выбарчых участках. Агулам у першы дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках працавала 308 назіральнікаў. Імі было пададзена ва ўчастковыя камісіі 144 прапановы аб правядзенні адкрытага і галоснага падліку галасоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: “Права выбару-2018”: на некаторых участках яўка завышаная больш чым у 10 разоў