15.12.2022 Тэгі: палітвязьні, правы зняволеных, салідарнасць Ілюстрацыйны здымак На дадзены момант у Беларусі за кратамі знаходзіцца больш за 1400 палітвязняў. Большасці з іх блакуюць ліставанне. Пасылкі ў такой сітуацыі з’яўляюцца надзейным спосаб падтрымкі зняволеных. 

Распавядаем, хто можа даслаць пасылку, што ў яе можна пакласці і як зрабіць гэта з-за мяжы. 

Каму можна даслаць пасылку? 

  • Палітзняволеныя, суд над якімі яшчэ не адбыўся і прысуд не ўступіў у сілу, маюць права атрымліваць бандэролі і пасылкі ў неабмежаваных колькасцях. Пасылку такім вязням можа даслаць любы чалавек, у тым ліку з-за мяжы. 
  • Знайсці і абраць палітвязня, пачытаць падрабязную інфармацыю можна на сайце “Вясны” — prisoners.spring96.org
  • Палітвязням, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-6 і СІЗА-7, пасылкі лепш не дасылаць, бо там яны залічваюцца ў 30-кілаграмовы ліміт у месяц. 

Заўвага: пасля разгляду апеляцыйнай скаргі (калі яна падавалася) і ўступлення прысуду ў сілу дасылаць пасылкі ў абмежаванай колькасці маюць права толькі родныя. 

Што вы можаце пакласці ў пасылку?

  • зефір, цукеркі, мармелад, пасціла, халва, шакалад;
  • бульба хуткага прыгатавання, макароны хуткага прыгатавання, суп хуткага прыгатавання, шматкі (грачаныя, аўсяныя);
  • вяленае мяса, каўбаса (сыравяленая, сыравэнджаная),
  • сыр
  • кава любая, чай ліставы;
  • арэхі, курага, фінікі, цукаты;
  • печыва, сухары;
  • цёплыя шкарпэткі;
  • канверты, аркушы паперы, паштоўкі, сшыткі;
  • каляровыя алоўкі, фламастэры, шарыкавыя асадкі (чырвоныя забароненыя);

Што дакладна нельга дасылаць? 

  • чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семечкі, казінакі;
  • шматразовыя станкі для галення;
  • бяспечныя нажніцы;
  • шалік;
  • вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі;
  • запальнічку;
  • пластыкавы посуд;
  • памэла і грэйпфруты;
  • пекінскую капусту;
  • соль;
  • кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.
  • акварэль;

Якія абмежаванні для пасылак з-за мяжы? 

Да 1 красавіка 2023 года норма адной пасылкі з-за мяжы складае 31 кілаграм, а кошт усяго што перасылаецца павінен быць не болей 1000 еўра. Мы раім рабіць невялікія пасылкі коштам да 30-40 еўра. На пошце вас папросяць запоўніць форму і пералічыць, што вы дасылаеце і колькі гэта каштуе. 

Як спакаваць пасылку? 

З усяго, што вы набылі ў пасылку, трэба зняць фабрычную ўпакоўку, зрэзаць цэтлікі, а прадукты харчавання перакласці ў празрыстыя пакеты. Інструкцыю па прыгатаванні і назву прадукта можна выразаць і пакласці ў пакет. Па магчымасці напішыце пералік усяго ўкладзенага ў пасылку на аркушы паперы на рускай ці беларускай мове.

На пошце вы можаце выбраць каробку памеру, які вам падыходзіць, ці выкарыстоўваць сваю. Не забудзьце напісаць усе дадзеныя палітвязня, уключаючы імя па бацьку і адрас утрымання. Звычайна, пасылку можна адсочваць па штрых-коду, які выдаюць на пошце. Так вы даведаецеся, што яна не згубілася і патрапіла да вязня.

Уявіце неверагодную ўдзячнасць і радасць чалавека, які атрымае вашу пасылку. Гэта знак таго, што пра яе ці яго не забылі, знак падтрымкі і веры ў вольную Беларусь. 

Дзякуй вам за вашу дапамогу і неабыякавасць!

Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”

Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай сваякоў вязняў склаў практычны дапаможнік па перадачах у СІЗА і калоніі, які спросціць збор пасылак і перадач.

Крыніца: Як даслаць пасылку палітзняволеным з-за мяжы?