12.12.2022 Тэгі: перасьлед, рэпрэсіі, затрыманьні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Слоніме сілавікі затрымалі Андрэя Казялецкага

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы з-за абразы міліцыянтаў у каментарах у інтэрнеце, паведамляе @Grodno_grab

Падчас «аблавы» ў Браславе, якую зладзіў ГУБАЗіК 7 снежня, было затрымана каля 15 чалавек

Пра гэта паведамляе адзін з тых, хто выйшаў з ізалятара пасля трох сутак арышту.

«Большасць былі затрыманыя па артыкуле 19.11 КаАП. Аднаго з затрыманых забралі за тое, што ў 2020 годзе перапосціў навіну з незалежнага тэлеграм-канала ў мясцовы чат», — піша на сваёй старонцы ў Facebook краязнаўца Кастусь Шыталь.

Мастака Івана Вярбіцкага будуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі

56-гадовы Іван Вярбіцкі — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі.

Палітвязня абвінавацілі адразу па некалькіх крымінальных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў. 15 сакавіка Івана Вярбіцкага асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі.

Іван Вярбіцкі. Фота:

Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4.

Стала вядома, што 19 снежня ў Ленінскім судзе Магілёва яго будуць судзіць па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя — Таццяна Касцюк.

Палітвязня Ігара Аліневіча ў лістападзе змяшчалі ў ШІЗА

Пра гэта паведаміла ягоная маці:

"У пачатку лістапада зноў зніклі лісты ад Ігара. Мае асцярогі пацвердзіліся - зноў штрафны ізалятар. Гэтым разам - уся камера трапіла. 25 лістапада прыйшоў кароткі ліст і зноў маўчанне. Напэўна, зноў..."

Ігар Аліневіч

Нагадаем, актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі з мазырскай калоніі ў жодзінскую турму 11 жніўня. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Падтрымайце Ігара лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А,  Ігару Уладзіміравічу Аліневічу.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: "Аблавы" і затрыманні, новыя суды над палітвязнямі: хроніка пераследу 11 -12 снежня