10.12.2022 Тэгі: акцыі, грамадства, палітвязьні, рэпартаж Асобы: Алесь Бяляцкі 10 снежня ў Варшаве на пляцоўцы Моладзевага хаба адбылася сустрэча з нагоды ўзнагароджання Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў зняволенні, Нобелеўскай прэміяй міру, якую атрымала яго жонка, Наталля Пінчук.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання супала з Днём правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генасамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Таму сёння на сустрэчы ў Хабе беларускія і польскія праваабаронцы паразмаўлялі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і аб магчымых супольных дзеяннях дзеля яе паляпшэння.
Падчас размовы выступіў Зміцер Салаўёў, праваабаронца “Вясны”:
“Сёння мы святкуем узнагароджанне Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэмія міру. Гэта вельмі важна, каб увесь свет яшчэ раз пачуў аб катастрафічнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На сённяшні дзень у Беларусі 1438 палітвязняў, было задакументавана болш за 3200 фактаў катаванняў.
Праваабарончая супольнасць Беларусі сёння артымала стымул рабіць сваю працу яшчэ лепей. Цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкіх умовах. І калі зараз нічога не зрабіць, крызіс з правамі чалавека можа захавацца на дзесяцігоддзі. Таму мы мусім працаваць яшчэ болей дзеля захавання сваёй незалежнасці.”
- Збігнеў Глуза, польскі журналіст, заснавальнік і прэзідэнт няўрадавай арганізацыі “Карта”, якая займаецца дакументаваннем найноўшай гісторыі Польшчы, апазіцыйны дзеяч за часамі савецкай улады (злева)
Збігнеў Глуза, польскі журналіст, заснавальнік і прэзідэнт няўрадавай арганізацыі “Карта”, якая займаецца дакументаваннем найноўшай гісторыі Польшчы, апазіцыйны дзеяч за часамі савецкай улады:
“Пачатак руху, які з'явіўся ў 2020 у Беларусі, мусіць працягвацца. Гэта не ёсць пытанне наяўнасці аптымізму. А памятаю 70-я гады ў Польшчы. Сітуацыя была вельмі пасіўная, быў вялікі грамадскі песімізм. Але негледзячы на яго, у Польшчы адбыліся перамены.
Сёння мы мусім аб'ядноўвацца з іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Я думаю што гэта не далёкія мары, а заданне, якое мы мусім выканаць.
Адказваючы на пытанне беларусаў, што мы можам зрабіць сёння. Не толькі інфармаваць аб сённяшніх падзеях у Беларусі, а распавядаць і тлумачыць, што палякі тут і зараз могуць зрабіць дзеля беларускай справы, да якіх ініцыятываў яны могуць далучыцца.”
Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы, падзяліўся успамінамі пра свайго паплечніка Алеся Бяляцкага і прыгадаў цікавы выпадак з яго жыцця:
“Так здарылася, што мы з Алесем прайшлі разам пэўны прамежак часу. Мне вельмі прыемна, што яго важную для Беларусі справу так высока адзначылі. Я ўспамінаю, як усё пачыналася і які ён быў, Алесь Бяляцкі. Мы з ім землякі, абодва з Гомельшчыны: ён са Светлагоршчыны, я з Лельчыцкага раёну. Вучыліся ў адным універсітэце на гістарычна-філалагічным факультэце. Ведаліся ў агульнай філалагічнай і грамадскай дзейнасці.
Пасля сканчэння ўніверсітэту я паехаў працаваць у свой далёкі Лельчыцкі раён, куды пазней прыехаў і Алесь, дзе працаваў простым настаўнікам. Пазней мы разам з Алесем паехалі працягваць вучобу ў аспірантуры, дзе мы зблізіліся болей.
Алесь заўсёды быў чалавекам няўрымслівым, актыўным, неабыякавым да несправядлівасці. Ён адзін з першых пачаў адкрываць у Беларусі нефармальныя грамадскія арганізацыі. Яшчэ задоўга да заснавання “Вясны” заснаваў арганізацыю маладых літаратараў “Тутэйшыя”, у якой я таксама ўдзельнічаў.
Успамінаецца цікавы выпадак. Алесь прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці БНФ. На адну з сустрэч арганізацыі ў Чырвоным касцёле прыйшоў супрацоўнік КДБ па прозвішчу Музук і пачаў перашкаджаць правядзенню мерапрыемства. Алесь на той сустрэчы з іншымі хлопцамі сачыў за парадкам і меў адпаведную павязку на рукаве. У сітуацыю ўмяшаўся нават Васіль Быкаў, які таксама там прысутнічаў. Алесь Бяляцкі вырашыў дзейнічаць рашуча: разам з хлопцамі яны ўзялі камітэтчыка пад рукі і спакойна вывелі на вуліцу.”
Пасля размовы ўдзельнікі зладзілі мітынг і трансляцыю ўзнагароджання Нобелеўскай прэміі міра ў памяшканні і на прыступках Хаба.
Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Замест палітзняволенага праваабаронцы яе атрымала яго жонка
Крыніца: Беларусы Варшавы зладзілі сустрэчу з нагоды ўзнагароджання Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міра