08.12.2022 Тэгі: праваабаронцы 8 снежня ў Гаазе прайшла цэрэмонія ўручэння праваабарончай прэміі “Цюльпан правоў чалавека 2022”, заснаванай урадам Нідэрландаў.

 У тройку прэтэндэнтаў на прэмію ў гэтым годзе былі абраныя беларускі Праваабарончы цэнтр "Вясна", праваабаронца з Камбоджы Ленг Оуч і "Тайскія адвакаты за правы чалавека".

Сёння стала вядома, што лаўрэатам прэміі стаў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Узнагароду ўручаў міністр замежных спраў Вопке Хукстра.

Падчас уручэння прадстаўнікі арганізацыі адзначылі: 

“Нягледзячы на ліквідацыю, нягледзячы на пагрозу крымінальнай адказнасці, нягледзячы на шматлікія перашкоды, арышты і пакаранні, «Вясна» працягвала працаваць, працягвала сведчыць, дакументаваць і выкрываць усе без выключэння парушэнні з боку ўладаў. Мы працягваем гэтую працу і сёння, хоць некаторыя з нас знаходзяцца ў зняволеннні, а многія ў выгнанні. 

Прычына гэтага ў тым, што мы сапраўды верым, што тое, што мы робім, фундаментальна правільна. Мы верым, што гэтая цяжкая праца рана ці позна прынясе плён, як для нас, так і для ўсёй дэмакратычнай Беларусі. Наша барацьба не скончаная і будзе працягвацца, пакуль апошні палітвязень не выйдзе на волю, а справядлівасць не адновіцца. І мы можам гарантаваць, што праваабаронцы прыйдуць на дапамогу ў патрэбны час, калі нарэшце наступяць незваротныя змены”.

Пераможца атрымлівае прыз у памеры 100 000 еўра і бронзавую скульптуру ў форме цюльпана. Урад Нідэрландаў спадзяецца, што прыз дазволіць пераможцу:

  • атрымаць міжнародную вядомасць і прызнанне;
  • далей развіваць і пашыраць маштабы сваёй працы ў галіне правоў чалавека, дазваляючы ахапіць большую колькасць людзей у як мага большай колькасці месцаў;
  • натхняць іншых.

«Цюльпан правоў чалавека» — штогадовая прэмія ўраду Нідэрландаў, якой ўганароўваюцца  праваабаронцы за іх працу па прасоўванні і абароне правоў чалавека ва ўсім свеце, а таксама асвятленне сумежных праблем. Прэмія ўручаецца штогод, пачынаючы з 2008 года. 

Крыніца: “Вясна” ўзнагароджаная прэміяй “Цюльпан правоў чалавека 2022”