08.12.2022 Тэгі: крымінальны перасьлед, дыфамацыя Суд Партызанскага раёна Мінска 5 лістапада завяршыў разгляд крымінальнай справы 53-гадовага жыхара сталіцы Вадзіма Калініна. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Судовы працэс вяла суддзя Наталля Дзядкова.
Згодна з прад’яўленым абвінавачаннем, Вадзім Калінін у лютым 2022 года, выкарыстоўваючы свой мабільны тэлефон «Xiaomi Redmi 6А», пакінуў у сацыяльнай сетцы Instagram пад публікацыяй акаўнта «minsk_news» з выявай Аляксандра Лукашэнкі каментар абразлівага характару ў ягоны адрас.
У судовым пасяджэнні мужчына сваю віну прызнаў у поўным аб'ёме.
Следствам устаноўлена, што Калінін быў раней судзімы, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна. Больш таго, ён стаіць на ўліку ў Мінскім гарадскім наркалагічным дыспансеры з дыягназам «хранічны алкагалізм».
Суд прызначыў Калініну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама да яго будуць ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.
Крыніца: Мабільны тэлефон – у даход дзяржавы, гаспадара – у калонію: вынікі суда за абразу Лукашэнкі