07.12.2022 Тэгі: заканадаўства, сьмяротнае пакараньне Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў першым чытанні прыняла законапраект “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", які прадугледжвае ўвядзенне смяротнага пакарання па артыкуле аб здрадзе дзяржаве, здзейсненай службовай асобай або вайскоўцам (ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Такое рашэнне прынята нібыта для “стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы” і “дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве”.
Адпаведны законапраект ужо прыняты ў першым чытанні. Паведамляецца, што гэта прымаецца «ў мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі змагання са здрадай дзяржаве».
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда, каментуючы магчымыя папраўкі ў заканадаўства адзначае наступнае:
"Мы бачым устойлівую тэндэнцыю на заканадаўчае пашырэнне магчымасцяў прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі. Пакуль што заканадаўчае, але ж не выключна, што зможам пабачыць і практычнае пашырэнне прымянення. На мой погляд, гэта сведчыць аб некалькіх рэчах.
Па-першае, тое, што ўлады па-ранейшаму лічаць наяўнасць смяротнага пакарання стрымліваючым фактарам, фактарам, які, на іх думку, можа папярэдзіць здзяйсненне пэўных непажаданых для уладаў дзеянняў.
Па другое, звяртаем увагу на тое, хто з’ящляюцца суб'ектамі гэтых зменаў (дзяржаўныя служычыя і грамадзяне са статусам вайсковага служачага). Гэта сведчанне таго, што “гайкі закручваюцца” у адносінах “людзей государевых”, як вельмі часта любяць сябе называць беларускія чыноўнікі і сілавікі. Тады як красавіцкія змены заканадаўства, звязаныя са смяротным пакарннем, былі накіраваныя на больш шырокія массы і хутчэй за ўсе былі прадыктаваны антываеннымі дзеяннямі грамадзян Беларусі, у тым ліку і на дзеянні так званых "рэйкавых партызан".
Па-трэцяе, вельмі часта такія сур’езныя змены у заканадаўстве ёсць яскравым індыкатарам працэсаў (іх глыбіні і масавасці), якія адбываюцца ў грамадстве, і якія з-за немагчымасці ў сённяшніх умовах працы сацыялогіі ў Беларусі схаваныя ад нас і не бачны.
Тое, аб чым мы, праваабаронцы, увесь час “крычалі” – што наяўнасць і практыка прымянення смяротнага пакарня гэта вялікая праблема грамадства, якая датычна кожнага з нас, праяўляецца ў тым ліку і ў такіх заканадаўчых ініцыятывах, якія у хуткім часе могуць быць рэалізаваныя на практыцы."
Дагэтуль у Беларусі ў мірны час смяротнае пакаранне прымянялася за 12 катэгорый асабліва небяспечных злачынстваў, у ваенны час - на некалькі больш.
Крыніца: Андрэй Палуда: Улады па-ранейшаму лічаць наяўнасць смяротнага пакарання стрымліваючым фактарам