06.12.2022 Тэгі: акцыі, палітвязьні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека — ў Осла адбудзецца ўрачыстая цэрэмонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міра. У гэтым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”.
Нажаль, Алесь Бяляцкі не зможа асабіста атрымаць узнагароду, бо ён быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў межах крымінальнай справы і дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА-1. Праваабаронцу з калегамі абвінавачваюць у “кантрабандзе арганізаванай групай” у 2016-2020 гадах і “фінансаванні актыўных групавых дзеянняў, што груба парушалі грамадскі парадак” падчас масавых акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Ён — трэці чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міра, знаходзячыся за кратамі.
Каб падтрымаць Алеся Бяляцкага, выказаць яму сваю пашану і падзяку за шматгадовую абарону і дапамогу людзям, запрашаем 10 снежня далучыцца да сумесных праглядаў анлайн-трансляцыі з цэрэмоніі Нобелеўскай прэміі міру ў розных гарадах:
- Вільня, Літва: Беларускі Дом у Вільні (вул. Віленская, 20) з 13.00 гадзін;
- Варшава, Польшча: Дом Літаратуры і Моладзевы Хаб (plac Konstytucji, 6), час пачатку сустрэчы ўдакладняецца;
- Прага, Чэхія: Беларуская Клубоўня суполкі "Пагоня" (вул. 5 května 1043/32, Praha 4 Nusle) з 12.00 да 14.30 гадзін, сустрэча ў Фэйсбуку;
- Лондан, Вялікабрытанія: Association of Belarusians in Great Britain, 52 Penn (52 Penn Rd London N7 9RE) з 12:00 да 13:30 гадзін.
Па ўсіх лакацыях пазначаны мясцовы час.
Таксама можна будзе падпісаць паштоўкі для Алеся Бяляцкага ды іншых палітзняволеных.
Калі вы збіраецеся зладзіць мерапрыемства ў сваім горадзе — паведамце нам у тэлеграме @Spring96info і мы дадзім вас на мапу лакацый.
Крыніца: Глядзім анлайн-трансляцыю ўручэння Нобелеўскай прэміі міру разам!