05.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед Мінскі абласны суд 5 снежня вынес прысуд па "справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі", па якой праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх асудзілі па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм, за спробу падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спробу знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. Заявы Сасноўскага аб катаваннях судом не былі прынятыя да заўвагі. Сумнавядомы суддзя Сяргей Епіхаў прызначыў абвінавачаным ад 13 да 20 гадоў калоніі.
У выніку пяці фігурантам справы прызначылі наступныя тэрміны:
- Наталлі Мацвеевай – 14 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 400 базавых велічыняў (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Вадзіму Гулевічу – 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 600 базавых велічыняў (19 200 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэраррызму), ч. 1 арт. 290-2 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3 (падрыхтоўка да праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Кірылу Ашурку – 13 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 400 базавых велічыняў (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 (памагаты ў акце тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Аляксею Глотаву – 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падрытхтоўка да ўдзелу ў акце тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Дзмітрыю Сасноўскаму – 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 рублёў) паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча [перакваліфікаваны на судовым працэсе з падрыхтоўкі]), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Пракуратура праверыла паведамленне пра катаванні Дзмітрыя Сасноўскага — ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена
На судзе 22 лістапада Дзмітрый выказаў сваю пазіцыю да новага абвінавачвання, заявіўшы, што "гэта была правакацыя праваахоўных органаў". Сасноўскі не прызнаў віну ў акце тэрарызму ў дачыненні да прапагандыста Азаронка.
"Маё сумленне чыстае я нічога не здзяйсняў, на ролю тэрарыста я дакладна не падыходжу", – заявіў Дзмітрый.
Адзін з артыкулаў абвінавачання перакваліфікаваны з "падрыхтоўкі тэракту" на "тэракт" — гэта датычыцца замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка.
На судзе 22 лістапада была агучана інфармацыя аб тым, што пасля заяваў Сасноўскага аб тым, што ў дачыненні да яго супрацоўнікамі КДБ ужываўся гвалт, была праведзеная пракурорская праверка. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да аператыўнікаў, якія яго затрымлівалі, адмоўлена, паведаміў пракурор. Ён папрасіў суд далучыць да матэрыялаў справы дакумент аб адмове.
Нагадаем, Дзмітрый Сасноўскі – адзіны па справе, хто не прызнаў віну па справе. Падчас дачы паказанняў Сасноўскі плакаў і заявіў, што ў злачынства ў дачыненні да Азаронка яго ўцягнулі падчас следчага эксперыменту. Ён таксама заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго "ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне". На першым пасяджэнні, калі суд высвятляў яго асобу, ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што "не мае дачынення да тэрарызму".
Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ. У верасні 2021 года Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак унесеныя ў Пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Падтрымаць тэлеграмамі, лістамі і пасылкамі іх можна па адрасе:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Наталля Сяргееўна Мацвеева, Дзмітрый Уладзіміравіч Сасноўскі, Кірыл Раманавіч Ашурак, Аляксей Уладзіміравіч Глотаў, Вадзім Мікалаевіч Гулевіч
Храналогія суда:
Першы дзень суда па "справе АГСБ"
Другі дзень суда па "справе АГСБ": допыт фігурантаў
Фігурант "справы АГСБ" заявіў пра катаванні і ціск
Суд па "справе АГСБ": Дзмітрыю Сасноўскаму выставілі новае абвінавачванне
Крыніца: Пяць фігурантаў "справы АГСБ" асудзілі на тэрміны ад 13 да 20 гадоў калоніі