05.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, рэпрэсіі, дыфамацыя Згодна з інфармацыяй праваабарончага цэнтра "Вясна", самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій у Беларусі сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).
Тут "Вясна" распавядае пра тры дыфамацыйныя прысуды, вынесеныя ў сёлетнім лістападзе за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Для гэтага выкарыстоўваецца ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі — "Абраза прэзідэнта".
18 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна горада Брэста асудзілі Алесю Сталярчук. Пра гэта паведамляе "Берасцейская Вясна".
"Берасцейская Вясна" адсачыла хроніку пераследу Алесі Сталярчук. Яе затрымалі 19 кастрычніка 2022 года. 28 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста суддзя Таццяна Лаўранюк разглядала скаргу на ўзяцце Алесі пад варту. Але праз тое, што падчас разгляду ўжо крымінальнай справы ў дачыненні да Сталярчук яна ўсё яшчэ знаходзілася пад вартай, суддзя Лаўранюк адмовілася змяніць меру стрымання.
Разгляд крымінальнай справы 18 лістапада вяла суддзя Марыя Аліферук.
Паводле пазіцыі дзяржаўнага абвінавачвання, Алеся Сталярчук 4 ліпеня 2022 года ў групе "[Суворов Град 5.0] Кобрин" у сацсетцы "ВКонтакте" пакінула каментар. Тым самым, паводле абвінавачвання, яна здзейсніла публічную абразу Лукашэнкі.
"Берасцейская Вясна" знайшла гэты каментар. Ён складаецца з аднаго слова: "маразматик". Напісаны пад навіной ад 2 ліпеня 2022 з цытатай Лукашэнкі пра тое, што Беларусь зможа "жорстка і імгненна" адказаць пры дапамозе зброі ў выпадку нападу на заводы ці "аэрадромы ў Лунінцы ці Брэсце". "Берасцейская Вясна" таксама тлумачыць кантэкст: аэрадром у Лунінцы, паводле паведамленняў OSINT-аналітыкаў і СМІ, з лютага 2022 года актыўна эксплуатаваўся расійскімі войскамі, у тым ліку для нападаў на тэрыторыі Украіны [1], [2].
На судзе дзяржабвінаваўца ў абгрунтаванне надзвычайнай "абразлівасці" каментара Сталярчук спасылалася не на высновы судова-лінгвістычнай экспертызы (якая па справе не праводзілася), а на нейкі "пратакол агляду".
Сама Алеся Сталярчук на судовым працэсе заявіла пра поўнае прызнанне віны.
У выніку суддзя Марыя Аліферук пастанавіла: прызначыць Алесі Сталярчук абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатнюю хімію") тэрмінам на два гады. Мабільны тэлефон канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства. І змяніць меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту на падпіску аб нявыездзе.
23 лістапада ў судзе Навабеліцкага раёна агучылі прысуд у дачыненні да жыхаркі Гомеля Ірыны Караткевіч. Агулам адбылося ажно пяць судовых пасяджэнняў, паведамляе "Гомельская Вясна", а сам працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Гэта значыць, што на пасяджэннях не маглі прысутнічаць сваякі або іншыя наведвальнікі, і грамадству невядома, што адбывалася ў зале суда.
23 лістапада суд Бярозаўскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Уладзіміра Салдатава. Вядома, што амаль два гады таму — у снежні 2020 года — ён напісаў у адной з сацсетак каментар на адрас Лукашэнкі. Суд палічыў гэта публічнай абразай, бо публікацыя была "ў непрыстойнай форме" і "зневажала гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы".
У выніку суддзя Людміла Рудзіна вырашыла пакараць Салдатава абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Крыніца: Каментар прыводзіць да "хіміі". Тры дыфамацыйныя прысуды за "абразу" Лукашэнкі