05.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, палітвязьні У Мінскім гарадскім судзе 12 снежня будзе разглядацца крымінальная справа супраць 36-гадовага Віталя Енаровіча. Суддзя Вера Галоўкава будзе яго судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Віталя затрымалі ў сакавіку, але яго былы сукамернік з ЦІП на Акрэсціна распавёў праваабаронцам, што яго ўтрымлівалі на "сутках" яшчэ ў чэрвені. 

Віталь Ерановіч

"Пакаяльнае" відэа з Віталём з'явілася на праўладных тэлеграм-каналах 21 сакавіка 2022 году. Паведамлялася, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарных пратэстах, а таксама пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да міліцыянтаў, беларускіх і рускіх вайскоўцаў. Больш пра лёс Віталя праваабаронцам не было вядома.

Нядаўна былы арыштант ЦІП на Акрэсціна распавёў пра свайго сукамерніка Віталя Енаровіча:

"Ён сядзеў на той час ужо пятую ці шостую адміністратыўку, не выходзячы на волю. Уявіце: чэрвень, а чалавек з зімовай вопраткай, ботамі, ні разу не падстрыжаны за ўвесь гэты час. Але ў той жа час — ніякай тугі, пазітыўны, на правах старажыла ўжо падтрымлівае парадак".

Мужчына звяртае ўвагу на праблему, што некаторыя людзі ў ЦІП на Акрэсціна ўтрымоўваюцца месяцамі без перадач:

"На "Валадарцы" ёсць перадачы. На Акрэсціна ж людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць. Я бачыў чалавека ў шкарпэтках, у якіх няма падэшваў — пара нітак толькі".

Цяпер у раскладзе судоў з'явілася інфармацыя пра працэс Енаровіча. Мужчыну будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу будзе разглядаць суддзя Вера Галоўкава.

У Віталя 18 снежня Дзень народзінаў — павіншуйце і падтрымайце яго.

Падтрымаць вязня можна лістамі, тэлеграмамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Віталь Леанідавіч Енаровіч

"Людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць". Былы арыштант Акрэсціна распавёў пра ўмовы ў траўні і сукамернікаў

Былы арыштант распавядае пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў траўні-чэрвені.

Крыніца: Мінчука, якога ўтрымлівалі на Акрэсціна некалькі месяцаў, цяпер будуць судзіць за каментары