30.11.2022 Тэгі: палітвязьні, умовы ўтрыманьня, рэпрэсіі З 2020 года адміністрацыя брэсцкага СІЗА-7 рознымі спосабамі пагаршае ўмовы ўтрымання для палітычных зняволеных. Вязняў фактычна пазбалі права на атрыманне пасылак, якія дазволены Правіламі ўнутраннага распарадку следчых ізялятараў. Адміністрацыя наўпрост залічвае вагу пасылак у агульную вагу перадач, устаноўлены ліміт якіх — 30 кілаграмаў. З гэтай праблемай сутыкаюцца і некаторыя палітвязні баранавіцкага СІЗА. Праваабаронцы "Вясны" тлумачаць, чаму такое абмежаванне лічыцца незаконным, а таксама нагадваюць, якімі яшчэ спосабамі можна падтрымліваць вязняў.
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка: "Гэта злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі"
Па ўсёй Беларусі працуе агулам дзесяць следчых ізалятараў. Але толькі ў двух з іх адміністрацыя займаецца самавольствам — у СІЗА-7 і СІЗА-6. Адміністрацыя гэтых ізалятараў залічвае вагу пасылак у агульную вагу перадач. У Брэсце гэтыя абмежаванні тычацца амаль усіх палітвязняў, а ў Баранавічах — только некаторых.
Па словах сваякоў, нальнік брэсцкага ізалятара яшчэ ў 2020 годзе казаў, што прыём пасылак спынілі праз вялікую колькасць вязняў, маўляў, "вельмі многа прадуктаў дасылаюць, якія праз спякоту псуюцца". Яны нібыта планавалі аднавіць прыём пасылак да зімы, але да гэтага часу вязням дазволеныя толькі перадачы.
Такім чынам, вязні замест неабмежаванай колькасці прадуктаў і неабходных рэчаў могуць атрымліваць толькі 30 кілаграмаў у месяц, бо гэта ўстаноўлены ліміт для ўсіх СІЗА. Праз гэта сваякі вязняў вымушаны прасіць неабыякавых людзей не дасылаць больш пасылкі, каб мець магчымасць самім перадаваць усё неабходная, або ўзгадняць з імі. Таксама вядома, што ў дачыненні да некаторых вязняў цягам двух гадоў такая сістэма абмежавання працуе і ў Баранавічах.
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што такія дзеянні адміністрацыі з'яўляюцца незаконнымі. Атрыманне вязнямі пасылак і перадач рэгламентуюцца Правіламі ўнутраннага распарадку следчых ізялятараў (ПУР).
Паводле п. 78 ПУР, "асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазваляецца атрымліваць без абмежавання колькасці пасылкі, бандэролі, дробныя пакеты, вага якіх не павінна перавышаць нормаў, устаноўленных Правіламі аказання паслуг паштовай сувязі агульнага карыстання [50 кг], устаноўленымі пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 2004 г. No 1111, а таксама перадачы. Агульная вага перадач не павінна перавышаць 30 кг у месяц".
Такім чынам, вязням дазволена дасылаць як неабмежаваную колькасць пасылак вагай 50 кг, так і перадаваць 30-кілаграмовыя перадачы ў месяц. Таму, як адзначае юрыст "Вясны" Павел Сапелка, гэта "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якімі адміністрацыяй наўмысна пагаршаецца становішча палітычных зняволеных".
Мы заклікаем усіх, хто сутыкнуўся з гэтай праблемай, звяртацца да юрыстаў "Вясны", якія дапамогуць бясплатна абскардзіць дзеянні адміністрацыі следчых ізалятараў.
Звяртайцеся па дапамогу: • Telegram @zvarot96; |
Як у такім выпадку падтрымліваць вязняў?
Палітвязня, прысуд у дачыненні да якога яшчэ не ўступіў у законную сілу, кожны чалавек можа падтрымаць грашовым пераводам. Але толькі ў тым выпадку, калі чалавека не ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў".
Зрабіць гэта можна двума спосабамі: на пошце і праз інтэрнэт-банкінг. Паштовыя пераводы вязням можна зрабіць у любым паштовым аддзяленні, але там бяруць камісію 3% ад сумы (не менш за 1 руб. з кожнага пераводу). Грашовыя пераводы вязням праз інтэрнэт-банкінг можна дасылаць ва ўсе калоніі і СІЗА. Падрабязна пра тое, як можна пераслаць грошы праз інтэрнэт-банкінг, можаце прачытаць у нашым «Вялікім дайджэсце».
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
Акрамя гэтага, заклікаем не спыняцца і працягваць пісаць палітвязнямі лісты і падпісваць паштоўкі нягледзячы на тое, што ім блакуюць ліставанне. Лепш рабіць гэта праз заказныя лісты. Калі цэнзар не прапусціць вашу вестачку, то вязень усё роўна пабачыць, ад каго яна была. Чым больш лістоў прыйдзе на імя вязня, тым больш шанцаў, што ён атрымае хоця б некалькі з іх. Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз письмо.бел. Былыя вязні адзначаюць, што паштоўкі з кароткім тэкстам або без яго часцей патрапляюць у рукі вязням.
На дадзены момант у брэсцкім ізалятары ўтрымліваюцца больш за 30 палітзняволеных. Сярод іх — Дар‘я Лосік, жонка палітвязня Ігара Лосіка. Яе затрымалі 18 кастрычніка і з таго часу яе ўтрымліваюць у СІЗА-7. Дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.
Яшчэ адзін палітвязень, якому залічваюць пасылкі ў агульную вагу перадач — Юрый Касцюк, якога нядаўна незаконна вывезлі з Расеі ў Пружаны.
Касцюк адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію». Хлопец з'ехаў у Расію, аднак быў затрыманы ў аэрапорце Сочы. Генпракуратура Расеі вынесла рашэнне аб адмове ў выдачы Юрыя берасцейскім уладам, але яго таемна вывезлі ў Беларусь. Цяпер ён знаходзіцца ў баранавіцкім СІЗА-6.
Карысныя спасылкі:
Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення чалавека?
"Гэта надзвычай цудоўная падтрымка". Распавядаем пра пасылкі салідарнасці палітвязням
Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”
Што класці ў перадачы, як іх перадаваць, якія лайфхакі ёсць – у дапаможніку ад "Вясны".
"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням
«Вясна» сабрала магчымыя спосабы дапамогі палітычным зняволеным у адным матэрыяле.
Крыніца: У брэсцкім СІЗА вязняў абмяжоўваюць у пасылках. Тлумачым, чаму гэта незаконна