29.11.2022 Тэгі: перасьлед, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК у Гомелі затрымаў бармена бара «Квартирник» Глеба Веташкіна
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, у жніўні 2020-га ўдзельнічаў у пратэстах, абражаў прадстаўнікоў улады і распальваў сацыяльную варожасць.
Паведамляецца, што ў дачыненні да Глеба складзены пратакол па ч.2 арт.19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Паводле сілавікоў, таксама «сабраны і накіраваны матэрыялы ва УСК па Гомельскай вобласці для ўзбуджэння шэрагу крымінальных спраў за ўдзел у масавых беспарадках, распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы».
Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуды па «справе змоўшчыкаў»
Абаронцы прасілі скасаваць ці паслабіць тэрмін, але ўсе скаргі былі адхіленныя, піша @euroradio.
Прысуды, скаргі на якія сёння разглядаліся і якія засталіся ў сіле: Юрась Зянковіч – 11 гадоў калоніі, Аляксандр Фядута – 10 гадоў, Рыгор Кастусёў – 10 гадоў, Дзяніс Краўчук – 2,5 гады.
Вольга Галубовіч, якую таксама пакаралі 2,5 гадамі пазбаўлення волі, скаргу ў ВС не падавала.
Сайт і Instagram баранавіцкай крамы з нацыянальнай сімволікай «Росквіт» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Адпаведнае рашэнне 28 лістапада прыняў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну.
Гэтай восенню ў гаспадара крамы Юрыя Казакевіча двойчы праходзіў ператрус, а ў кастрычніку адміністрацыя гандлёвага цэнтру, дзе месцілася крама, завесіла ўваход у яе – вядома, што ім «настойліва раілі» зрабіць так, каб крама больш не працавала.
Дзяніса Івашына паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму
Аўтара "Новага часу" і журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.
Журналіста Дзяніса Івашына адміністрацыя гродзенскай турмы яшчэ вясной 2021 года паставіла на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія матэрыялы" і затрыманні: хроніка пераследу 29 лістапада