У цэнтры - Павел Каваленка. Фота: psu.by Прарэктар па выхаваўчай працы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Павел Каваленка, які балатуецца ў Наваполацкі гарсавет па акрузе №20, падобна, вырашыў атрымаць дэпутацкі мандат з дапамогай галасоў студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.    

На паседжанні рэктарата 12 лютага, якое папярэднічала старту датэрміновага галасавання, прарэктар Каваленка загадаў усе лекцыі распачынаць з закліка да студэнтаў, каб тыя ішлі галасаваць.  

Як адзначаюць нашыя назіральнікі, Павел Каваленка зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў па акрузе №20, дзе галасуюць жыхары інтэрната №4 ПДУ. Гэты інтэрнат уяўляе сабой вялікі дзевяціпавярховы будынак, у якім, паводле афіцыйнай інфармацыі з сайта ўніверсітэта, пражывае каля 300 студэнтаў, а акрамя іх - выкладчыкі і супрацоўнікі ПДУ.

Агульная колькасць выбаршчыкаў на гэтым участку - 2 142 чалавекі, і пры традыцыйна невысокай актыўнасці гараджанаў на мясцовых выбарах гэтыя 300 студэнтаў разам з выкладчыкамі і супрацоўнікамі ПДУ могуць істотна паўплываць на вынікі выбараў, мяркуюць назіральнікі. Тым больш што канкурэнтам прарэктара ПДУ на гэтай акрузе з'яўляецца настаўніца працоўнага навучання СШ №4 Наваполацка.

Такім чынам, загад пачынаць усе лекцыі з закліка да студэнтаў прыняць удзел у галасаванні назіральнікі расцэнваюць як выкарыстанне Паўлам Каваленкам адміністрацыйнага рэсурса дзеля атрымання дэпутацкага мандата з дапамогай галасоў студэнтаў і супрацоўнікаў ПДУ, якія пражываюць на тэрыторыі яго выбарчай акругі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: Наваполацк: Кандыдат-прарэктар ПДУ робіць стаўку на адміністратыўны рэсурс?